Паўфашысцкі Захад і мудрыя рашэнні галоўнакамандуючага. Як пра вайну і свет будуць расказваць ідэолагі па новай метадычцы
7 лютага 2023 у 1675755180
«Зеркало»
Акадэмія кіравання падрыхтавала новы выпуск метадычных матэрыялаў для ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У гэтым месяцы ўсе ідэолагі краіны павінныя будуць адукоўваць грамадзян, расказваючы ім пра мірную Беларусь, якая супрацьстаіць варожаму паўфашысцкаму Захаду, пра выдатны стан беларускай арміі і мудрыя стратэгічныя рашэнні галоўнакамандуючага Лукашэнкі. Расказваем, на што будзе рабіць упор прапаганда.
Метадычка прымеркаваная да 23 лютага і 105-годдзя Узброеных сіл Беларусі. Ідэолагі павінныя адукаваць грамадзян наконт таго, што беларуская армія пачынае сваю гісторыю з 1918 года і чэрпае свае традыцыі толькі ў СССР - пра гісторыю войнаў і бітваў часоў ВКЛ гаворкі не ідзе. Ну, а ў незалежнай Беларусі сістэмнае і канцэптуальнае будаўніцтва арміі пачаў толькі Аляксандр Лукашэнка з 1994 года, падкрэсліваецца ў метадычцы. Менавіта ён «паставіў задачу па забяспечанні ваеннай бяспекі краіны, вызначыў стратэгію і напрамкі рэфармавання Узброеных сіл».
З таго часу, паводле метадычкі, арміі ўдалося дасягнуць поспехаў: аптымізаваць склад Узброеных сіл, захаваўшы кадравы патэнцыял і палепшыўшы ўкамплектаванасць афіцэрамі, выбарачна перавесці войскі на новыя сістэмы ўзбраення і тэхніку, утылізаваць састарэлую тэхніку і боепрыпасы, збыць апусцелыя будынкі і непатрэбныя ваенгарадкі мясцовым уладам. Агульная колькасць Узброеных сіл РБ цяпер складае каля 70 тыс. чалавек.
У выніку амаль трох дзясяткаў гадоў намаганняў Лукашэнкі забяспечанне ваеннай бяспекі стала цяпер «найважнейшым фактарам развіцця Беларусі». Гэта вынесена ў загаловак метадычкі.
Ну, а каб не памяншалася колькасць новых вайсковых кадраў, сілавыя структуры ўсё актыўней працуюць з дзецьмі. На гэты момант створана ўжо 27 ваенна-патрыятычных клубаў: 18 з іх працуюць пры частках Унутраных войскаў МУС, у іх больш за 1500 выхаванцаў, а яшчэ дзевяць клубаў стварылі пры армейскіх частках, іх наведвае 263 дзіцяці.
Акрамя таго, ва ўстановах агульнай адукацыі працуюць 755 аб'яднанняў па інтарэсах вайскова-патрыятычнага профілю, дзе займаюцца 10 970 дзяцей і падлеткаў, а ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі - 213 аб'яднанняў з 3579 навучэнцамі.
У дадатак ужо 20 гадоў Мінабароны разам з Мінадукацыі праводзяць дзіцячыя вайскова-патрыятычныя лагеры і злёты, а з 2022 года аднавілі правядзенне ваенна-спартыўнай гульні «Арляня» на базе 120-й механізаванай брыгады.
Вакол ворагі
Пяройдзем да ваеннай дактрыны Беларусі. Метадычка запэўнівае, што яна носіць выключна абарончы характар і для нашай краіны ні адна дзяржава не з'яўляецца праціўнікам.
Тым не менш апісанне ворагаў, якія імкнуцца падарваць беларускую і сусветную стабільнасць, займае некалькі абзацаў. Імя ворагам - «калектыўны Захад».
«Калектыўны Захад нарошчвае намаганні па фармаванні аднапалярнага свету, актыўна душачы іншадумства і заахвочваючы русафобскія погляды. Еўрапейская архітэктура бяспекі перажывае сур'ёзны сістэмны крызіс. Відавочны дэфіцыт разумення па самым шырокім коле ключавых пытанняў».
Аўтары метадычкі знайшлі ў Еўропе «латэнтны нацызм». Цікава, што, мяркуючы па тэксце, чым бліжэй да Беларусі, тым фашызму і нацызму больш.
«Як паказаў час, у Еўропе нацызм не быў выкаранены ў пасляваенныя гады і знаходзіўся ў латэнтным стане. Пры падтрымцы Вашынгтона і шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў у прыгранічных з намі краінах планамерна ўзгадоўваліся паўфашысцкія кіраўнічыя рэжымы, што насаджалі неанацызм на дзяржаўным узроўні».
На думку Мінабароны, ворагі вакол наўпрост пагражаюць ваеннай бяспецы Беларусі. Вось пра якія пагрозы мусяць расказваць народу ідэолагі:
- ЗША і NATO нарошчваюць сілы ва Усходняй Еўропе;
- калектыўны Захад падтрымлівае Украіну, тым самым «зацягваючы ваеннае супрацьстаянне»;
- ва Украіне ў вольным абароце шмат зброі, якая можа трапіць да нас;
- полк Каліноўскага і полк «Пагоня» гатовыя «развязаць крывавую бойню на беларускай зямлі»;
- каб дыскрэдытаваць уладу РБ, ворагі вядуць антыбеларускую прапаганду і ўзмацняюць «дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне на свядомасць насельніцтва».
Відавочна, што расслабляцца ў палітычным плане ніяк нельга, бо, паводле тэксту метадычкі:
- праціўнікі працягваюць спрабаваць сілай змяніць уладу з дапамогай плана «Перамога»;
- «заходнія стратэгі разлічваюць развязаць у Беларусі грамадзянскую вайну рукамі "збеглай" апазіцыі»;
- падчас выбараў у 2024−2025 гадах чакаецца «нарошчванне актыўнасці дэструктыўных сіл па разгойдванні абстаноўкі» ў краіне.
Што ж рабіць?
Як вынікае з метадычкі, ворагам Беларусь не адолець, бо дзейныя ўлады:
- манітораць знешнюю абстаноўку і выпрацоўваюць «вычарпальныя меры», плануюць супрацьдзеянне, адэкватнае абстаноўцы;
- палепшылі заканадаўства па абароне канстытуцыйнага ладу;
- удакладнілі прыярытэты развіцця беларускай арміі;
- падтрымліваюць боегатоўнасць арміі;
- умацоўваюць «патрыятызм» у грамадстве і «свядомае стаўленне грамадзян да ўзброенай абароны»;
- ахоўваюць мяжу;
- змагаюцца з варожымі разведкамі;
- размясцілі ў Беларусі расійскія войскі ў рамках разгортвання рэгіянальнай групоўкі.
Але галоўную ролю ў забяспечанні бяспекі краіны адыгрывае, вядома ж, Аляксандр Лукашэнка з яго найшырэйшымі паўнамоцтвамі.
«Падзеі 2020 года на практыцы паказалі рашучасць беларускага лідара прымаць дзейсныя меры для захавання спакою і стабільнасці ў дзяржаве», - падкрэсліваецца ў тэксце для ідэолагаў.
У метадычцы апісаныя актуальныя прыярытэты міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Беларусі. На першым месцы, вядома, Расія, затым - умацаванне супрацоўніцтва ў рамках АДКБ і СНД. Але ёсць і мэты на далёкай дузе: так, улады збіраюцца падтрымліваць ваеннае супрацоўніцтва з Кітаем на максімальна магчымым узроўні і пашыраць яго - з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі.
Больш за тое, кіраўніцтва краіны ставіць і значна больш амбіцыйныя задачы: пашырыць удзел Беларусі ў падтрыманні «міжнароднага міру і бяспекі» і нават - нечакана - «стабілізаваць адносіны з краінамі калектыўнага Захаду з улікам нацыянальных інтарэсаў».
А асобна Беларусь спадзяецца на ўдзел у мерапрыемствах ШАС - Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, куды разлічвае неўзабаве ўступіць.
Мір і стварэнне
«Беларусь за мір і супраць войнаў» - гэта галоўная ідэя, якую дапаможнік спрабуе перадаць работнікам ідэалагічнага фронту ў 2023-м, які ўлады прызначылі Годам міру і стварэння. Вось некалькі цытат з тэксту:
- «У той час як нашыя заходнія і паўднёвыя суседзі бяздумна ўцягваюцца ў вір ваеннага супрацьстаяння, мы прыкладаем усе магчымыя намаганні для захавання міру і спакою»;
- «Беларусь асуджае любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгулявання спрэчак»;
- «Беларусь ніколі не была і не будзе крыніцай зла і гвалту»;
- «Бясспрэчнай каштоўнасцю для беларусаў заўсёды выступаў і выступае мір. Пра гэта сведчыць уся нашая шматвяковая гісторыя - ніводная з мноства войнаў, якія праходзілі на нашай тэрыторыі, не развязвалася з ініцыятывы беларускага народа».
У Лукашэнкі было шмат ініцыятываў па ўмацаванні міру на планеце, але свет іх, на жаль, не пачуў, гаворыцца ў метадычцы. Тым не менш, запэўніваюць аўтары, улады не дазволяць нікому замахвацца на беларускую стабільнасць, а войска РБ здольнае зберагчы краіну і «стаць надзейнай апорай для саюзнікаў».