«Вайна падкрадаецца да Беларусі». У дэмсілах выказаліся пра начны прылёт беспілотнікаў, адзін з якіх збілі над Гомелем
5 верасня 2024 у 1725537300
«Зеркало»
У беларускіх дэмакратычных сілах пракаментавалі начны прылёт у Беларусь, імаверна, расійскіх беспілотнікаў, адзін з якіх быў збіты над Гомелем. Святлана Ціханоўская лічыць, што ў выніку такіх інцыдэнтаў вайна ў нашай краіне адчуваецца ўсё мацней. Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацбяспецы Вадзім Кабанчук адзначыў, што яны пагражаюць жыццю беларусаў.
Лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская напісала ў Х, што мінулай ноччу ў Беларусі былі збітыя «некалькі "бадзяжных" расійскіх беспілотнікаў».
- Вайна адчуваецца ўсё мацней, бо гэтыя ўварванні адбываюцца ўсё часцей. Гэта не выпадковы, а сістэматычны [інцыдэнт]. Нават прапаганда рэжыму больш не можа гэта хаваць. Вайна падкрадаецца да Беларусі, і мы павінныя яе спыніць, - мяркуе палітык.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Вадзім Кабанчук заявіў, што начны інцыдэнт сведчыць пра «сістэмнае парушэнне паветранай прасторы Беларусі расійскімі беспілотнікамі, якое прапаганда Лукашэнкі схільная замоўчваць».
- Відавочна, гэта не беспілотнікі, якія адхіліліся ад курсу на дзясяткі кіламетраў, і не беспілотнікі, якія трапілі пад уздзеянне ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Гэта праца ўзброеных сіл Расіі для заходу на цэлі ва Украіне з боку Беларусі, у абход украінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, - падкрэсліў ён.
На думку Кабанчука, здарэнне з дронамі дазваляе дапусціць, што паміж Пуціным і Лукашэнкам можа існаваць пагадненне пра «імітацыю напружанасці», з дапамогай якога яны разлічваюць падмануць Украіну і Захад. Альбо расійскі бок папросту не інфармуе беларускіх калег пра маршруты і мэты з'яўлення такіх аб'ектаў у паветранай прасторы нашай краіны.
Прадстаўнік АПК падзякаваў беларускім вайскоўцам, якія адправілі авіяцыю збіваць беспілотнікі, і адзначыў, што яны зрабілі згодна з прысягай.
- Прынамсі, знішчыўшы расійскую цэль, яны зэканомілі час і рэсурсы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Зычу працягваць у тым жа духу, - дадаў ён.
Разам з тым такія інцыдэнты, у тым ліку падзенне абломкаў беспілотніка на жылыя масівы ў Гомелі, нясуць непасрэдную пагрозу жыццю беларусаў, падкрэсліў Кабанчук.
- Водгаласы вайны дакаціліся да Беларусі, - канстатаваў ён.
На яго думку, беларускія ўлады не будуць клапаціцца пра тое, каб папярэдзіць людзей пра новыя магчымыя атакі. Прадстаўнік АПК параіў беларусам самастойна маніторыць сітуацыю ў незалежных крыніцах, але выконваючы меры інфармацыйнай бяспекі.
Нагадаем, маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў ноч на 5 верасня некалькі расійскіх дронаў «Шахед» заляцелі ў Беларусь з Чарнігаўскай вобласці Украіны. У Баранавічах у неба паднялі знішчальнікі, у Гомельскім раёне былі чуваць выбухі. Як мінімум адзін збіты беспілотнік упаў у Гомелі. Праз разбураныя абломкі ў адным з раёнаў горада ўзніклі пажары, іх патушылі.
У Мінабароны Беларусі пацвердзілі начны прылёт беспілотнікаў і паведамілі, што ўсе цэлі знішчыла СПА. Там не ўдакладнілі, з якой краіны заляцелі дроны і чыёй яны вытворчасці.
Па факце парушэння дзяржмяжы ў паветранай прасторы праводзіцца праверка.
Чытайце таксама