Яшчэ напярэдадні вызвалення Херсона, якое пару месяцаў таму здавалася далёка не відавочнай падзеяй, прагнозы далейшага ходу баявых дзеянняў сталі значна смялейшымі. Экс-камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс 3 лістапада спрагназаваў, што не пазней за лета 2023 года ўкраінцы могуць вызваліць Крым збежнымі ўдарамі з двух кірункаў — з паўночнага захаду (ад Херсона) і з паўночнага ўсходу (з Запарожскай вобласці). Нягледзячы на відавочныя поспехі УСУ, такі прагноз можа здацца залішне аптымістычным. Бо Крым — гэта паўвостраў, злучаны з сушай вузкім Перакопскім перашыйкам. А значыць, нават нешматлікія часткі змогуць доўга ўтрымліваць мацнейшыя сілы праціўніка, што надыходзяць з поўначы. Быццам бы ўсё лагічна, але ў XX стагоддзі ў Крыма было ўжо некалькі магчымасцяў праявіць сябе непрыступнай крэпасцю — і амаль заўсёды гэта заканчвалася захопам паўвострава. Разбіраемся чаму.
Геаграфія і трошкі гісторыі
Нават абсалютна непранікальная абарончая лінія на Перакопскім перашыйку, які ў самым вузкім месцы мае шырыню каля 7 км, не зробіць Крым непрыступнай крэпасцю. Рэч у тым, што на ўсход ад яго існуе яшчэ не менш за шэсць дамбаў і мастоў, якія злучаюць паўвостраў з астатняй Украінай, у тым ліку ў пасёлку Сіваш, у Чангары (гэтыя дзве пераправы выходзяць да Джанкоя на поўначы паўвострава) і ў Генічаску (гэты шлях праз касу Арабацкая стрэлка вядзе ўздоўж Азоўскага мора проста на поўдзень, да Феадосіі і Керчы).
Так, гэтыя пераправы можна хутка разбурыць. Так зрабіў 24 лютага 2022 года ўкраінскі сапёр Віталь Скакун, які цаной свайго жыцця падарваў аўтамабільны мост ля Генічаска. Тым не менш расійскае наступленне на поўнач гэты выбух толькі замарудзіў, але не спыніў цалкам. Заліў Сіваш (яго яшчэ называюць Гнілым морам), праз пралівы ў якім пракладзеныя ўсходнія пераправы ў Крым, мае сярэднюю глыбіню каля 1 метра, а максімальную — 3 метры. Аднаўленне разбураных пераправаў, а таксама збудаванне новых праз такі вадаём не ўяўляе вялікай праблемы для сучасных інжынерных войскаў. Ды і без пераправаў Сіваш цалкам праходны для войскаў — але пра гэта крыху пазней.
Плыткае Гнілое мора мае спадзістыя берагі з павольнымі ўздымамі і на ўсім 90-кіламетровым працягу ад Перакопа да Азоўскага мора не з’яўляецца непераадольнай перашкодай для сучасных армій. Больш за тое, значныя ўчасткі яго акваторыі толькі зімой пакрываюцца вадой, а летам часта ўяўляюць сабой балоцістую салёную раўніну.
Такім чынам, з ваеннага пункту гледжання Крым злучаны з мацерыком не вузкім 7-кіламетровым перашыйкам, а амаль 100-кіламетровай сумессю цвёрдых участкаў сушы з сеткай дробных і часта перасохлых азёр і балот. Вельмі часта гэтая асаблівасць адлюстроўваецца на сучасных картах Украіны, дзе Сіваш наогул не пазначаны як частка Азоўскага мора.
Ужо ў IV стагоддзі зафіксаванае выкарыстанне ў той час значна больш глыбакаводнага Сіваша ў ваенных мэтах. У 370 годзе готы, што панавалі тады ў Крыме, рыхтаваліся адбіваць нашэсце гунаў і ўмацаваліся акурат на Перакопскім перашыйку. Паводле легенды, альтэрнатыўны шлях у Крым гунам падказала нейкая жывёліна — лань, алень або карова, — якая пераправілася на іх вачах на паўвостраў праз брод у «вусці Меатыйскага возера» (Азоўскага мора) — то-бок праз адзін з праліваў у тагачасным Сівашы.
Пасля Крым не раз пераходзіў з рук у рукі, але ваеннае мастацтва сярэднявечча і Новага часу даволі радыкальна адрозніваецца ад сучаснага. Таму перанясёмся адразу ў XX стагоддзе — у эпоху масавых прызыўных армій, наразной стралковай зброі, цяжкай артылерыі і механізацыі. У гэты перыяд у Крым з поўначы ўрываліся пяць разоў.
«Крым — гэта Украіна», версія 1918 года
У красавіку 1918 года Крымская група войскаў арміі Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) пад камандаваннем палкоўніка Пятра Балбачана атакавала Крым, які знаходзіўся пад кантролем бальшавікоў, з мэтай усталявання там украінскай улады і ўзяцця пад кантроль Чарнаморскага флоту. Савецкая Расія па сваёй новай традыцыі арганізавала ў Крыме марыянеткавую і фармальна незалежную Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Таўрыды. Абаранялі паўвостраў часткі 3-й арміі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА), якія адступілі сюды раней з-пад Адэсы.
Сілы ўкраінцаў уключалі 2-і Запарожскі полк, 1-ы Конны полк імя Косця Гардзіенкі, Паўлаградскі гусарскі полк, інжынерны курэнь, конна-горскі гарматны дывізіён, тры батарэі палявой артылерыі, адну гаўбічную батарэю, аўтапанцырны дывізіён, атрад марскіх катараў, два бронецягнікі, а таксама падраздзяленні крымска-татарскіх і галіцыйскіх добраахвотнікаў.
Трэцяй сілай, якая ў пачатку аперацыі змагалася на баку ўкраінцаў, была група войскаў Цэнтральных дзяржаваў, якая ўключала дзве дывізіі і два егерскія палкі ад Германіі і егерскі батальён ад Аўстра-Венгрыі.
Палкоўнік Балбачан у сваю чаргу атрымаў загад апярэдзіць нямецкія войскі і заняць Крым, уключаючы Севастопаль, пасля чаго ўключыць Чарнаморскі флот у склад украінскіх узброеных сіл. Падчас перамоваў з Балбачанам генерал Роберт фон Кош, камандзір германскай 15-й ландвернай дывізіі, выказаў сумневы ў тым, што ўкраінцы змогуць самастойна ўзяць Крым без цяжкай артылерыі, неабходнай падчас штурму абарончых пазіцый бальшавікоў на Перакопе. А фарсіраванне Сіваша ў тагачасных умовах надвор’я немцы ўвогуле лічылі немагчымым.
18 красавіка нямецкія войскі падышлі да Перакопа, дзе пяхота разгарнулася ў ланцуг і, падтрыманая кавалерыяй, пачала наступ на пазіцыі бальшавікоў. Наступ ішоў паспяхова — да 19 красавіка немцы ўжо ўзялі размешчаны на поўдзень ад Перакопа Армянск. Да гэтага часу ўкраінцы толькі-толькі вызвалілі ад бальшавікоў Мелітопаль і Акімаўку і падыходзілі да берага Сіваша з паўночнага ўсходу. Толькі 21 красавіка ўкраінцы ўзялі Новааляксееўку — апошнюю чыгуначную станцыю перад мастамі праз Сіваш. Здавалася, што апярэдзіць немцаў у Крыме ўжо не атрымаецца.
Чырвоныя добра ўмацаваліся на паўднёвым беразе заліва і паспелі пад агнём украінцаў, што надыходзілі з поўначы, замінаваць чыгуначны Чангарскі мост. Першапачаткова палкоўнік Балбачан планаваў фарсіраваць Гнілое мора на катарах, але скарэктаваў свой план. У ноч з 21 на 22 красавіка 20 добраахвотнікаў-казакоў сотніка Пятра Зілінскага-Садоля, узброеных ручнымі кулямётамі і гранатамі, на дрызіне праскочылі праз умацаванні бальшавікоў на паўночным беразе. Апынуўшыся на паўднёвым беразе, «чорныя запарожцы» закідалі гранатамі артылерыстаў, якія пачалі былі абстрэльваць мост. Вывад з ладу бальшавіцкіх батарэй дазволіў трапіць на паўднёвы бераг двум украінскім бронецягнікам. Дэсант украінскай пяхоты, які знаходзіўся на іх, завяршыў разгром бальшавікоў, пасля чаго ўкраінцы пачалі неадкладна пераабсталёўваць пазіцыі на выпадак контрудару з поўдня. Праз узніклую паніку чырвоныя паспелі падарваць толькі адну з дзвюх мін на мосце — і тое няўдала.
Вокамгненны захоп Чангарскага моста дазволіў украінцам апярэдзіць немцаў, якія наступалі ад Перакопа. Ужо ўвечары 22 красавіка падраздзяленні Балбачана ўзялі пад кантроль чыгуначны вузел Джанкой, а 24 красавіка авалодалі Сімферопалем. Прыкладна ў гэты ж час быў узяты і Бахчысарай. З уступленнем у Крым украінскіх і нямецкіх войскаў на паўвостраве пачалося антыбальшавіцкае паўстанне крымскіх татараў, якія дапамагалі ўкраінцам.
Бліскучы поспех войскаў Балбачана выклікаў насцярожанасць з боку саюзнікаў-немцаў, якія мелі свае планы на Крым. 26 красавіка 1918 года дывізія фон Коша блакавала ўкраінскія войскі і галоўныя стратэгічныя пункты Сімферопаля. Генерал заявіў, што, згодна з умовамі Брэсцкага міру, Крым не павінен быць перададзены пад кантроль Украіны. Урэшце пад ціскам немцаў і праз нерашучасць украінскага ўрада група Балбачана была выведзеная з Крыма. Тым не менш менавіта яна першай у XX стагоддзі прадэманстравала, што ваенная задача заняцця Крыма з поўначы можа быць паспяхова вырашаная не толькі праз штурм умацаванняў на Перакопе.
Чырвоныя і зялёныя супраць белых
Увосень 1920 года Крым і прылеглыя да яго раёны Паўночнай Таўрыі знаходзіліся пад кантролем рускай арміі генерала Пятра Урангеля. Гэта быў адзін з апошніх аскепкаў Белага руху, які Чырвоная армія дабівала на велізарнай прасторы былой Расійскай імперыі. Тым не менш становішча войскаў барона Урангеля не падавалася зусім безнадзейным. На паўночны захад ад Крыма супраць бальшавікоў змагалася Войска Польскае і саюзная з ім на той момант армія УНР, рэшткі белагвардзейскіх сіл усё яшчэ актыўна дзейнічалі ў Забайкаллі і на Далёкім Усходзе. Акрамя таго, вясной 1920 года войскі генерала Якава Слашчова ўжо адбілі некалькі спробаў чырвоных захапіць Крым.
Да пачатку лістапада яго армія была выбітая з Паўночнай Таўрыі Чырвонай арміяй і Рэвалюцыйнай паўстанцкай арміяй Украіны пад кіраўніцтвам Нестара Махно (зялёнымі), якая ў гэты перыяд зноў дзейнічала ў саюзе з чырвонымі.
Урангель загадзя рыхтаваўся да абароны Крыма, умацоўваючы не толькі Перакоп. Да лістапада 1920-га ўмацаванні на паўднёвым беразе Сіваша, ля Чангарскай пераправы і на Арабацкай стрэлцы ўключалі пяць-шэсць ліній акопаў і траншэй, прыкрытых у 3−4 шэрагі загародамі з калючага дроту. Умацаванні з артылерыйскімі батарэямі і кулямётнымі пунктамі ў бетонных байніцах будаваліся з удзелам французскіх інжынераў, якія мелі досвед пазіцыйнай вайны на Заходнім фронце Першай сусветнай. На паўночны бераг былі перавезеныя гарматы цяжкай крапасной і берагавой артылерыі з фартоў Севастопальскай крэпасці, якія прыкрывалі галоўную базу Чарнаморскага флоту.
Перакопскі перашыек быў абаронены яшчэ сур’ёзней. Тут былі пабудаваныя адразу дзве абарончыя лініі — адна на старым Татарскім вале, якая ўключала роў глыбінёй і шырынёй да 10 метраў, драцяныя загароды ў 3−5 шэрагаў і тры шэрагі траншэй. У 20−25 км на поўдзень, ля цяперашняга Краснаперакопска, пралягала больш слабая другая лінія абароны — таксама з некалькіх ліній траншэй, прыкрытых калючым дротам. Каля 10 тысяч салдат арміі Урангеля абаранялі Перакоп, тры тысячы абаранялі Сіваш, Чангарскі праліў і Арабацкую стрэлку. Яшчэ каля 14 тысяч байцоў генерал меў у аператыўным рэзерве.

Слабым месцам у абароне быў Літоўскі паўвостраў у Сівашы, на ўсход ад Перакопа — там была ўсяго адна лінія траншэй і калючага дроту.
Супрацьстаялі Урангелю 4-я, 6-я, 13-я арміі, 1-я і 2-я конныя арміі чырвоных (каля 146 тысяч пяхоты, 40 тысяч кавалерыі), і каля 1700 махноўцаў.
Спроба прабіцца ў Крым з наскоку, як гэта зрабілі два гады таму казакі Балбачана, у чырвоных не атрымалася: наступ конніцы з Генічаска на Арабацкую стрэлку быў адбіты з дапамогай флоту Урангеля. Камандаваў наступальнымі сіламі Міхаіл Фрунзе, які вырашыў атакаваць у лоб умацаваныя пазіцыі белых на Перакопе. 3 лістапада пачаліся спробы прарваць першую лінію ўмацаванняў, якія суправаджаліся для чырвоных велізарнымі стратамі і поспеху не мелі. Урангелеўцы паспяхова адбівалі наступ, падпускаючы шчыльныя шэрагі чырвонаармейцаў на блізкія дыстанцыі і расстрэльваючы іх з кулямётаў.
Пераламаць сітуацыю чырвоным удалося з дапамогай атакі па дне Сіваша на слаба абаронены Літоўскі паўвостраў. Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы надвор’я — у прыватнасці, моцны мароз, — 8 лістапада махноўцы на тачанках і чырвонаармейцы перабраліся сюды з паўночнага берага, замацаваліся і выйшлі ў тыл да белых, што абараняліся на турэцкім вале.
9 лістапада белыя адступілі на другую, слабейшую, лінію абароны. Падчас баявых дзеянняў на Перакопскім перашыйку яны змаглі нанесці яшчэ некалькі паспяховых удараў па войсках праціўніка, але вынік абароны быў ужо вырашаны. Сіваш не стаў непераадольнай перашкодай. Сілы Рэвалюцыйнай паўстанцкай арміі Украіны і Чырвонай арміі, якія фарсіравалі Гнілое мора з нечаканага для арміі Урангеля напрамку, вырашылі задачу прарыву непрыступнай першай лініі абароны Перакопа.
З Крыма ў Готэнланд і назад
Пасля заваёвання Крыма ў 1920-м савецкая ўлада пратрымалася на паўвостраве 21 год. Увосень 1941 года ён аказаўся пад прыцэлам Трэцяга рэйха. Для Адольфа Гітлера, які перакройваў пад патрэбы Германіі карту Еўропы, паўвостраў меў важнае стратэгічнае і эканамічнае значэнне (напрыклад, як «савецкі непатапляльны авіяносец», які пагражаў румынскай нафтавай здабычы), але не толькі. Крым атрымаў асаблівую, сакральную ролю ў носьбітаў нацысцкай ідэалогіі з прычыны свайго багатага мінулага. Калі архітэктары «рускага свету» абгрунтоўваюць спрадвечную «расійскасць» Крыма легендай аб хрышчэнні кіеўскага князя Уладзіміра ў крымскім Херсанесе ў канцы X стагоддзя, то прэтэнзіі нацысцкай Германіі на паўвостраў адносяцца да значна ранейшага перыяду, калі ў III-IV стагоддзях там панавала згаданае вышэй германскае племя готаў. У складзе рэйха Крым, каланізаваны этнічнымі немцамі з Паўднёвага Ціроля, мусіў стаць Готэнландам («зямлёй готаў»), Сімферопаль планавалася перайменаваць у Готэнбург («горад готаў»), а Севастопаль — у Тэадорыксхафен (у гонар вялікага караля остготаў Тэадорыха).
Немцы і іх саюзнікі румыны прарывалі абарону савецкіх войскаў на поўначы Крыма ў два этапы. У канцы верасня 1941-га штурм Перакопа пачалі нямецкая 11-я армія Эрыха фон Манштэйна і 3-я румынская армія. Атакаваўшы 24 верасня, немцы з румынамі змаглі прарваць савецкую абарону ў паўночнай частцы перашыйка, занялі гарады Перакоп і Армянск, але да 30 верасня спыніліся на другой лініі абароны (Ішуньскіх пазіцыях). Другі наступ пачаўся 18 кастрычніка. Прарваўшы за пяць дзён асноўную лінію савецкай абароны, немцы 24 кастрычніка падвергліся магутнаму контрудару сіл эвакуяванай з Адэсы Прыморскай арміі. Сустрэчная бітва ў стэпавай частцы Крыма цягнулася двое сутак, але, увёўшы ў бой дзве свежыя дывізіі з рэзерву, немцы выйгралі і яе.
Вермахт у Крыме не пераўзыходзіў Чырвоную армію ў колькасці нават разам з румынскімі саюзнікамі і наогул не меў на гэтым кірунку танкаў. Але немцы моцна апярэджвалі праціўніка ў арганізацыі і мелі перавагу ў паветры. Дзякуючы гэтаму нямецка-румынскія войскі змаглі прарвацца ў Крым «наўпрост», праз Перакоп — не выкарыстоўваючы вакольных шляхоў праз Сіваш.
Ужо зімой 1941 года Чырвоная армія паспрабавала адбіць Крым у немцаў — але зрабіла гэта з дапамогай марскіх дэсантаў праз Чорнае мора і Керчанскі праліў, з боку Паўночнага Каўказа. Савецкім злучэнням удалося захапіць шырокі плацдарм, пераправіць у Крым буйныя сілы і нават сфармаваць з іх Крымскі фронт. Аднак ужо ў траўні 1942-га фронт быў разгромлены 11-й арміяй вермахта падчас аперацыі «Паляванне на дроф».
Другі раз Чырвоная армія падступілася да рашэння задачы па ўсталяванні кантролю над Крымам восенню 1943 года. У гэты час асобная Прыморская армія зноў высадзілася на Керчанскім паўвостраве і, хоць не змагла прарвацца далей на захад, стварыла і змагла ўтрымаць тут плацдарм, які спатрэбіўся пазней. На поўначы ж часткі 4-га Украінскага фронту, ачысціўшы ад немцаў Паўночную Таўрыю, прарвалі Турэцкі вал на Перакопскім перашыйку і стварылі невялікі плацдарм на паўднёвым беразе Сіваша. Тут яны пабудавалі мост, а ў лютым-сакавіку 1944 года ўзмацнілі яго, павялічыўшы грузападымальнасць да 30 тон, што дазволіла перапраўляць на крымскі бераг танкі Т-34 і цяжкую артылерыю.
Адрэзаны ад кантраляваных немцамі тэрыторый па сушы Крым ператварыўся пасля гэтага ў вялікую пастку для пакінутай там 17-й нямецкай арміі. Існуюць сведчанні, што фельдмаршалы Манштэйн і Клейст, а таксама румынскі дыктатар Іён Антанеску прапаноўвалі Гітлеру эвакуяваць 17-ю армію з Крыма морам. Але фюрэр адмовіў — часткова са стратэгічных меркаванняў (пакіданне Крыма рабіла пытаннем часу выхад з вайны Румыніі і Балгарыі, якія былі яшчэ нямецкімі саюзнікамі), часткова — са згаданых вышэй сакральных.
Да красавіка 1944 года нямецкая 17-я армія ўключала 5 германскіх і 7 румынскіх дывізій — усяго каля 200 тысяч салдат і афіцэраў, 3600 гармат, 200 танкаў. Чырвоная армія значна пераўзыходзіла праціўніка — у яе 30 дывізіях налічвалася больш за 460 тысяч чалавек, амаль 6000 гармат і мінамётаў і больш за 500 танкаў. Гэтым разам у немцаў не было і перавагі ў авіяцыі (усяго каля 500 самалётаў супраць 1250 у Чырвонай арміі).
8 красавіка 1944 года пачалося савецкае наступленне на Крым. У адрозненне ад немцаў, удар з поўначы Чырвоная армія наносіла як праз Перакоп, так і з падрыхтаванага Сівашскага плацдарма. Да 10 красавіка нямецкая абарона тут была прарваная, і ў ноч 11 красавіка пачаўся дапаможны ўдар Прыморскай арміі на Керчанскім паўвостраве, дзе да раніцы была ўзятая Керч. Для ўсталявання поўнага кантролю над Крымам Чырвонай арміі спатрэбіўся крыху больш за месяц — аперацыя завяршылася да 12 траўня. Нямецкая 17-я армія страціла падчас яе каля 100 тысяч чалавек, у тым ліку каля 60 тысяч палоннымі.
Крым: непрыступная крэпасць ці пастка?
Досвед баявых дзеянняў у XX стагоддзі паказвае, што далёка не заўсёды войскам, што абараняліся ў Крыме, удавалася належным чынам выкарыстоўваць перавагі яго геаграфічнага становішча. Фактычна ў гэты перыяд меў месца толькі адзін эпізод яго паспяховай абароны ад уварвання з поўначы — калі ў пачатку 1920 года 4-тысячны Крымскі корпус генерала Слашчова адбіў некалькі спробаў уварвання 12-й і 14-й армій РСЧА агульнай колькасцю ў 40 тысяч чалавек. Тады белагвардзейцам вельмі дапамог незвычайна моцны для Крыма мароз і сапраўды выдатныя палкаводчыя навыкі іх камандзіра.
Чатыры іншыя спробы аказаліся ўдалымі. Крым атакай з поўначы ў розных умовах надвор’я, стратэгічных і гістарычных умовах бралі армія Украінскай Народнай Рэспублікі ў саюзе з германскім ландверам ў 1918 годзе, Чырвоная армія ў саюзе з Рэвалюцыйнай паўстанцкай арміяй Украіны Нестара Махно ў 1920-м, вермахт з румынскімі саюзнікамі ў 1941-м і 4-ы Украінскі фронт РСЧА ў 1944-м. Пры гэтым кожны раз заняцце Крыма суправаджалася вялізнымі праблемамі для боку, што абараняўся, звязанымі з эвакуацыяй войскаў, якія засталіся на паўвостраве. Як правіла, значная іх частка трапляла ў палон да тых, хто атакаваў.
Чытайце таксама


