Выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Украіна паслядоўна блакуе ўдзел Святланы Ціханоўскай і беларусаў у сумесных мерапрыемствах. Прадстаўнік Кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі пацвердзіў «Люстэрку» гэтую інфармацыю і выказаў здагадку, чаму ўкраінскае кіраўніцтва можа так рабіць.
— Мы гэта бачым на практыцы. Тое, што Святлана Ціханоўская не выступала на цырымоніі 22 студзеня (у гэты дзень адбылося ўрачыстае ўшанаванне 160-годдзя паўстання Касутся Каліноўскага ў Варшаве. — Заўв. рэд.), тое, што не было беларускага сцяга, не было беларускага вянка — меркавалася, што гэта будзе зроблена, але гэтага не было, — адзначыў Валер Кавалеўскі. — Апошняй кропляй стаў зварот прэзідэнта Украіны Зяленскага, які зачытаў пасол Украіны ў Польшчы. Сам пасол згадаў беларусаў як удзельнікаў паўстання, гэта вельмі важна, але ў звароце Зяленскага Беларусь увогуле не прысутнічала. Ні Беларусь, ні беларускі народ.
Калі скончылася гэтая цырымонія, я падышоў да пасла Украіны, выказаў нашую пазіцыю, што гэта выглядае абсалютна недарэчна — не згадаць Беларусь і беларускі народ там, дзе яны адыгрывалі ключавую ролю. Выказаў фактычна свой пратэст у сувязі з гэтым. Я таксама выказаўся пра тое, што фактычна быў заблакаваны ўдзел Святланы Ціханоўскай [у гэтым мерапрыемстве]. Ён не спрачаўся з гэтымі маімі словамі, не было спробы абвергнуць штосьці — можна рэзюмаваць, што ён прымае гэта.
— На вашую думку, чаму ўкраінскі бок так сябе паводзіць?
— У адказ я пачуў, што сёння Беларусь не тая, якая была ў 1863 годзе, цяпер Беларусь для нас агрэсар і вось гэта нашае такое ўспрыняцце рэальнасці. І вось так яно адбіваецца на тым, як мы ацэньваем гісторыю тых часоў. Што, вядома, лагічна ніяк не стасуецца.
Нашая пазіцыя тут такая, што гісторыю перапісваць нельга. Я пра гэта сказаў паслу: нягледзячы на тое, што вы выкраслілі нас з гісторыі, ёсць Польшча і Літва, якія, наадварот, падкрэсліваюць удзел беларусаў, іх гераізм, самаахвярнасць і ўпартасць у тых падзеях. Я яму сказаў: вы можаце, вядома, ісці такім шляхам, але заўважце, што іншыя краіны не аспрэчваюць гэтага, а наадварот, нагадваюць і падкрэсліваюць.
Тут шмат граняў у гэтай падзеі. І, вядома, прыкра, што такія спробы робяцца. Мы не будзем з гэтым пагаджацца. Мы будзем дамагацца таго, каб быў высокі палітычны ўдзел у такіх важных мерапрыемствах з боку Беларусі, будзе гэта Святлана Ціханоўская ці іншыя фігуры (…).
У нас няма магчымасці наўпрост з імі абмеркаваць гэта. Мы можам толькі меркаваць па дзеяннях ці бяздзеянні. Вельмі часта гэта адсутнасць дзеянняў, адсутнасць кантактаў, яны не адгукаюцца на прапановы пра сустрэчы, публічныя ці непублічныя. Гэта не павінна станавіцца для нас індыкатарам таго, што гэта немагчыма зрабіць. Можа, цяпер не найлепшы час. Украіна вядзе вельмі цяжкія баі, яна падвяргаецца абстрэлам ракетамі і дронамі, захоўваецца небяспека таго, што можа быць уварванне з поўначы, з тэрыторыі Беларусі. У іх іншая парадыгма на сённяшні дзень. У нас свая трагедыя, у іх — свая. І вельмі часта яны аказваюцца несумяшчальнымі. І тое, што цяпер няма магчымасці абмяркоўваць парадак дня з украінскім бокам, не азначае, што гэта не здарыцца праз тыдзень.
— Ці былі яшчэ нейкія прыклады, па якіх вы бачылі, што ў сумесных мерапрыемствах Украіна не хоча ўдзелу беларускіх дэмсілаў?
— Я б не сказаў, што такіх прыкладаў вельмі шмат. Яшчэ да пачатку вайны 24 лютага 2022 года мы неаднаразова шукалі магчымасцяў, прапаноўвалі кантакты Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай. І гэта не спраўдзілася. Са зразумелых прычын. Тады логіка была такая самая: «Мы не хочам ствараць нейкіх умоваў, у якіх гэта можа быць інтэпрэтавана як правакацыя».
Пасля пачатку вайны 24 лютага можна сказаць, што Украіна працягвае прытрымлівацца такога самага падыходу, што яны пазбягаюць гэтых кантактаў, каб не стварыць уражання, што гэта правакацыя. Напрыклад, у снежні Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Кіеўскім форуме па бяспецы. Яна зрабіла там вельмі моцны выступ. Не можа заставацца сумневаў наконт таго, на чыім баку сэрца Святланы Ціханоўскай, каго падтрымлівае дэмакратычны рух у гэтай сітуацыі. Што было вельмі добра ацэненае ўкраінскімі палітыкамі і экспертамі. Іх водгук на гэты выступ быў вельмі пазітыўны. Дзесьці ў нас кантактаў гэтых не стае, а дзесьці могуць быць спробы ўплываць на рашэнні іншых краін (…).
Калі звярнуцца да пытанняў санкцый: была інфармацыя, што Украіна нейкім чынам спрабавала блакаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (украінскі бок абверг гэтую інфармацыю. — Заўв. рэд.). Зноў жа, яны могуць спрабаваць гэта рабіць. І часам у іх можа нешта атрымлівацца. Тым не менш мы цяпер рыхтуемся да таго, што Еўрасаюз можа ўвесці пакет ваенных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. У мяне было некалькі сустрэч з кіраўнікамі санкцыйнага кірунку ў Дзярждэпартаменце ЗША. Там настрой абсалютна дзелавы і вельмі канкрэтны: санкцыі не будуць паслабляцца, яны будуць узмацняцца і станавіцца больш эфектыўнымі.
Разам з тым у нас вельмі добрыя ўзаемаадносіны з украінскімі дыпламатамі па-за межамі Украіны. І гэта фактычна ўсюды: не толькі ў Еўропе, але і ў Паўночнай Амерыцы таксама. Мы маем такія магчымасці і іх шануем. Карціна складанейшая, чым хацелася б думаць — маўляў, украінцы не даюць жыцця беларусам. Не, усё складаней. Мы павінныя цаніць тыя магчымасці камунікацыі і супрацоўніцтва, якія ў нас ёсць (…).
Я размаўляў з украінскімі пасламі, еўрапейскімі дыпламатамі. І казаў, што мы будзем падтрымліваць Украіну ў гэтай вайне. І гэта правільная рэч, якую мы будзем рабіць. Гэта шлях да нашай уласнай свабоды, да незалежнасці. Нават калі на сёння ў нас няма прагрэсу ў дыялогу, мы верым, што ён будзе. Верым, што трэба падтрымліваць Украіну і надалей ва ўсіх праявах, дзе толькі можна: у палітычных, інфармацыйных, дапамагаць добраахвотнікам, што ваююць ва Украіне. Так, мы бачым праблему больш акрэслена пасля падзей 23 студзеня. Мы з ёй працуем, мы ўлічваем яе. Але нашай палітыкі ў дачыненні да Украіны і ўкраінскага народа гэта не мяняе.