Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным патлумачыў яму, чым найміты ПВК Вагнера могуць дапамагчы беларускаму войску, перадае яго прэс-служба.
«Цяпер шмат размоваў і балбатні: „Вагнер, Вагнер, Вагнер“. Людзі не разумеюць, што і мы прагматычна да гэтага падыходзім. Калі іх камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам… Досвед. Слухай, яны на перадавой — штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна. Вось мне Пуцін апошні раз сказаў: контрбатарэйная барацьба, без гэтага немагчыма. Беспілотнікі. Яны праз гэта прайшлі. Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнераўцаў трэба ўзяць», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што баяцца з’яўлення ПВК Вагнера ў Беларусі не варта: «Баяцца іх няма чаго. Мы ж на ўсе вочы глядзім».
Нагадаем, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў наймітам ПВК Вагнера два шляхі — або падпісаць кантракт з Мінабароны РФ, або «адысці ў Беларусь».