Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам 12 ліпеня лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская расказала, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны. Пра гэта палітык паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.
«Вельмі ўдзячная прэзідэнту за гэтую сустрэчу. Я данесла яму нашую пазыцыю, расказала, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША», — пракаментавала Ціханоўская.
Ціханоўская паразмаўляла з Байдэнам пасля яго выступу ў Вільнюскім універсітэце 12 ліпеня. Пасля таго як ён скончыў сваю прамову, каманда прэзідэнта ЗША правяла Ціханоўскую ў памяшканне, дзе знаходзіўся амерыканскі лідар.
Нагадаем, у ліпені 2021 года Святлана Ціханоўская ўжо сустракалася з Джо Байдэнам падчас яе візіту ў ЗША.