У «БЕЛДЖЫ» ў пачатку лета анансавалі, што сёлета ў продажы з’явіцца новая бюджэтная мадэль электрамабіля Geely — Geometry E. «Люстэрка» даведалася ў афіцыйнага дылера брэнда, калі чакаць навінкі.
Нагадаем, у пачатку чэрвеня Генадзь Свідэрскі заяўляў, што цяпер прыярытэт «БЕЛДЖЫ» — забяспечыць аўтарынак больш бюджэтнымі мадэлямі. Абяцалі, што ў 2023 годзе ў продажы з’явіцца новая бюджэтная мадэль Geely — Geometry E.
Geometry E кампанія Geely пачала вырабляць летась. Машына адносіцца да класа красовераў. Аўтамабіль камплектуецца батарэямі ёмістасцю 53 або 70 кілават-гадзін. Яны забяспечваюць запас ходу 320 або 401 км. Максімальная хуткасць машыны — 121 км/г. Магутнасць рухавіка — 80 к. с.
— Сапраўды, ішла такая размова, але пакуль яшчэ не было старту продажаў. Па гэтай мадэлі пакуль пытанне: ці будзе яна і калі. Працэнтаў 90, што яна будзе афіцыйна прадавацца ад нашага дыстрыб’ютара, але, напэўна, не раней за Новы год або ў наступным годзе. А пакуль на рынку вы можаце ўбачыць, што аўтахаўсы прывозяць іх пад заказ, — паведаміў супрацоўнік аддзела продажаў «Джылі Цэнтр Мінск».
Прадстаўнік кампаніі дадаў, што калі мадэль з’явіцца ў продажы, то «арыентыравана» яна будзе каштаваць напалову танней, чым наяўная ў салоне Geometry C — цана на гэтую мадэль пачынаецца ад 99 900 рублёў.
— Але тут пытанне ў пачатку продажаў — будзе ён ці не, — акцэнтаваў увагу спецыяліст.
У той жа час суразмоўца адзначыў, што Geometry E можна замовіць з дастаўкай з Кітая праз 23 беларускія аўтасалоны.
Мадэль сапраўды прапануецца салонамі, стартавая цана на яе скача. Да прыкладу, хтосьці называе пачатковую цану на электракар у 13 622 даляры (43 958 рублёў. — тут і далей канвертацыя па курсе Нацбанка РБ на 4 верасня), ёсць кошт 16 300 (52 600 рублёў) і 25 900 даляраў (83 579 рублёў). Цана машыны ў аўтахаўсах не канчатковая і мае інфармацыйны характар. Дакладную цану электракара з дастаўкай пад ключ можна даведацца на запыт у менеджара. Тэрмін дастаўкі электрамабіля — 30−60 дзён.
Адна з кампаній стымулюе пакупнікоў да набыцця абвесткай пра тое, што цяпер самыя выгадныя ўмовы на набыццё электрамабіля: да 1 студзеня 2024 года дзейнічае нулявая ўвазная пошліна і не трэба плаціць ПДВ.
Чытайце таксама