Чыноўнікі хочуць увесці змены па пахаванні і пахавальнай справе. Да прыкладу, у гарантаваным дзяржавай спісе бясплатных паслуг па пахаванні хочуць прапісаць, што крыж можна выбраць не толькі драўляны, як цяпер, але пры жаданні — металічны. Таксама некаторым сацыяльным установам дазволяць браць на сябе арганізацыю пахавання. А яшчэ могуць увесці змены ў дачыненні да падпахаванняў у наяўныя магілы. Прапанаваныя новаўвядзенні прапісалі ў законапраекце па сацыяльным абслугоўванні.
Крыж на выбар не толькі драўляны, але і металічны
У Беларусі пасля смерці чалавека дзяржава вылучае дапамогу на яго пахаванне. Яе памер залежыць ад сярэдняй заработнай платы па краіне і змяняецца штомесяц. Яна раўняецца зарплаце па стане на пазамінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. То-бок у верасні бяруць за аснову сярэдні заробак за ліпень.
Тым, хто збіраецца хаваць чалавека (да прыкладу, хтосьці з блізкіх сваякоў) і не звяртаецца па дапамогу, дзяржава гарантуе бясплатныя паслугі па пахаванні. Па іх трэба звяртацца ў спецыялізаваныя арганізацыі, у кампаніі і да ІП, якія іх аказваюць. Ім у будучыні дзяржава кампенсуе выдаткі на паслугі, але ў межах памеру дапамогі на пахаванне.
Дык вось, чыноўнікі хочуць увесці змены па гарантаваных бясплатных паслугах па пахаванні. Калі цяпер можна заказваць просты драўляны крыж, то плануецца, што на выбар можна будзе таксама папрасіць металічны (замест драўлянага). А вось труну па-ранейшаму можна будзе выбраць або драўляную без аздаблення, або з аздабленнем абіўнымі тканінамі, або з іншымі відамі аздаблення.
Зразумела, можна ў прынцыпе не звяртацца па дапамогу на пахаванне. Ці ўзяць гэтыя грошы і самому выбраць тавары для пахавання. Калі не атрымаецца ўпісацца ў суму «пахавальных», то ніхто не забараняе даплаціць са сваёй кішэні. Але кампенсаваць суму, якая перавышае суму дапамогі, не будуць.
Сацслужбы, магчыма, змогуць займацца пахаваннямі
Сярод тых, хто можа ўзяць на сябе арганізацыю пахавання, хочуць прапісаць дзяржустановы стацыянарнага сацабслугоўвання. Гаворка ў тым ліку пра дамы-інтэрнаты для састарэлых і людзей з інваліднасцю, псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты.
Сацслужбы змогуць займацца пахаваннем тых, хто памрэ ў такіх установах і ў каго няма тых, хто можа ўзяцца за пахаванне. Цяпер у такіх выпадках пахаваннямі займаюцца спецыяльныя арганізацыі і ІП, у якіх ёсць дазвол на аказанне такіх паслуг.
Дзяржава збіраецца гарантаваць такім сацустановам, якія будуць браць на сябе арганізацыю пахавання, бясплатны пералік паслуг па пахаванні. Установе трэба будзе аформіць неабходныя дакументы на пахаванне. Пасля гэтага трэба будзе заказваць неабходнае для пахавання ў спецыяльных арганізацый і ІП, якія займаюцца пахавальным бізнесам. Апошнім у сваю чаргу дзяржава пазней кампенсуе выдаткі на пахаванне.
Пры гэтым сацустановы мусяць будуць даставіць драўляную труну з абіўнай тканінай, металічны крыж з таблічкай. Пры неабходнасці сацслужбы таксама змогуць запытаць камплект для труны (пакрывалы, навалачкі, падушкі), пахавальную вопратку і абутак. Галоўная ўмова — каб агульная сума не перавышала памеру дапамогі на пахаванне.
Што хочуць змяніць па падпахаваннях у наяўныя магілы
Яшчэ адно магчымае новаўвядзенне датычыць забароны на пахаванні ў месцах, якія закрытыя для пахавання. Чыноўнікі хочуць адрэдагаваць выпадкі з выключэннямі на такія пахаванні.
Так, цяпер магчымае падпахаванне урнаў з прахам побач з раней памерлымі мужам (жонкай), блізкімі сваякамі і роднымі. Законапраект прадугледжвае больш канкрэтную фармулёўку: падпахаванні магчымыя ў наяўную магілу труны (савана) з целам (рэшткамі) памерлага, урнаў з прахам з раней памерлымі мужам (жонкай), блізкімі сваякамі і роднымі.
То-бок чыноўнікі хочуць удакладніць, што гаворка ідзе пра падзахаванні менавіта ў магілы, а не дзесьці побач з імі.
Чытайце таксама