Дырэктар калгаса ў Брэсцкай вобласці праз TikTok шукае галоўнага ветэрынара. На відэа ён расказаў пра ўмовы працы і заробку. Некаторыя каментатары словам кіраўніка не паверылі.
Дырэктар ААТ «Целяханы-Агра» (Івацэвіцкі раён) Дзяніс Вішнеўскі запісаў проста ў кароўніку відэа і выклаў яго ў TikTok. У роліку кіраўнік расказаў, што іх прадпрыемства шукае галоўнага ветэрынара.
— Што я магу прапанаваць: праца ў маладым калектыве, усе галоўныя спецыялісты — да 38 гадоў. Даю жыллё сядзібнага тыпу з газавым ацяпленнем, пры наяўнасці правоў — службовы аўтамабіль. Заробак — ад 2500 рублёў, — паведаміў дырэктар.
Дзяніс Вішнеўскі зрабіў акцэнт на заробку — абмежаванняў па ім няма, але выплаты залежаць ад паказчыкаў. Ён адзначыў, што ў папярэдняга галоўнага ветэрынара сярэдні заробак за 10 месяцаў быў 3000 рублёў (у каментарах пад відэа ён дадаў, што гэта заробак да выліку падаткаў).
Пагалоўе ў гаспадарцы налічвае 3800 галоваў, увесь статак знаходзіцца ў адным комплексе. Таксама ёсць тры фермы па гадаванні маладняку, цялушак і адкорме быкоў.
— Калі хтосьці ў сабе ўпэўнены і гатовы добра працаваць, уносіць нешта новае і добра зарабляць, прашу — пішыце і тэлефануйце, — заклікаў Дзяніс Вішнеўскі.
Мужчына адзначыў, што пасёлак Целяханы, дзе знаходзіцца офіс калгаса, «вельмі добры, гэта не вёска», побач размешчаная траса Пінск — Івацэвічы — Мінск, кожныя дзве гадзіны па ёй ездзяць маршруткі ў Мінск і Пінск.
@lordvd88 ♬ оригинальный звук — Денис Вишневский
Відэа сабрала больш за 320 тысяч праглядаў і каля 1000 каментароў. У асноўным людзі іранізавалі з нагоды працы, цікавіліся лёсам папярэдняга галоўнага ветэрынара і спрабавалі падлавіць аўтара роліка на падмане што да заробку.
«Мой знаёмы тэлефанаваў у гэтую гаспадарку, яму агучылі іншую інфармацыю. Заробак не ад 2500 рублёў, а ад паказчыкаў. Можа быць і 500 рублёў», — напісаў адзін каментатар.
На гэта дырэктар адказаў, што «любая зарплата мусіць зарабляцца», першыя тры месяцы заробак будзе фіксаваным, а далей усё залежыць ад паказчыкаў, «але 500 рублёў ніхто не атрымліваў». Адказваючы на пытанні карыстальнікаў, Дзяніс Вішнеўскі паведаміў, што папярэдні супрацоўнік звальняецца, бо стаміўся. Паводле яго словаў, галоўнаму ветэрынару будуць дапамагаць два ветэрынары і санітар, а кожны супрацоўнік калгаса абавязкова атрымлівае адзін выходны на тыдзень.
«Я выдатна ведаю, што ў мяне і як. Кароўкі здаровыя, даюць малако, грошы ёсць. <…> Трэба мяняць менталітэт людзей, што ў сельскай гаспадарцы можна працаваць і добра зарабляць, толькі для гэтага трэба нармальна ставіцца да працы», — напісаў у каментарах аўтар роліка.
Некаторыя каментатары паведамлялі, што яны расчараваліся ў працы ў сельскай гаспадарцы і звольніліся адтуль:
«Перажагналася тысячу разоў, калі сышла з гэтай пасады. Ворагу не пажадаеш звязаць сваё жыццё з гэтай сферай дзейнасці».
«Мяне хапіла толькі адпрацаваць, яшчэ 4 гады працавала на мясаперапрацоўцы. Закінула дыплом, больш не хачу».
«Толькі зваліў два гады таму, нічога добрага ў сельскай гаспадарцы няма, толькі ад раніцы да вечара [працуеш]».
Журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у ААТ «Целяханы-Агра» як патэнцыйны працаўнік. У прыёмным пакоі паведамілі, што інфармацыя ў размешчаным у TikTok роліку адпавядае рэчаіснасці, супрацоўнікі калгасу сапраўды патрэбныя, таксама яшчэ не закрытая вакансія галоўнага ветэрынара.
Паводле звестак дзяржаўнай базы вакансій на 4 снежня, у ААТ «Целяханы-Агра» шукалі на працу 10 чалавек. Акрамя галоўнага ветэрынара гэта тры ветэрынары на зарплату 2000 рублёў, дзве даяркі на зарплату 1800 рублёў, тры трактарысты-машыністы на зарплату 1600 рублёў (прычым могуць прыняць на працу двух замежнікаў) і аднаго заатэхніка на зарплату 1500 рублёў.
Чытайце таксама