Віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўна адгукнуўся на прапанову бізнесу адкрыць хаця б яшчэ адзін памежны пераход на мяжы з Беларуссю з боку Беластока. Словы Жыўны прыводзяць польскія медыя са спасылкай на агенцтва PAP, піша MOST.
Жыўна паабяцаў звярнуцца найбліжэйшым часам у МУС з просьбай вывучыць «мадэль хаця б частковага аднаўлення пераходаў», «хаця б праверыць, як гэта будзе функцыянаваць».
Нагадаем, 25 красавіка польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб'яднаны Усход») звярнулася да прадстаўнікоў Сейма з патрабаваннем адкрыць памежныя пераходы (перш за ўсё «Баброўнікі») на мяжы з Беларуссю. А калі гэтага не будзе зроблена — увесці праграму падтрымкі памежнага бізнесу. Паводле звестак прадпрымальнікаў, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод пакідалі ў Польшчы 124 млн еўра. У такую суму ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнесу.
Нагадаем, рух праз «Кузніцу» быў прыпынены на няпэўны тэрмін 9 лістапада 2021 года, а праз «Баброўнікі» — 10 лютага 2023 года. Цяпер на мяжы Польшчы і Беларусі засталося толькі два дзейныя памежныя пераходы: для грузавога транспарту — «Кукурыкі» (з беларускага боку — «Казловічы»), а для легкавога — пункт пропуску «Тэрэспаль» (з беларускага боку — «Брэст»).