Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вярнуцца да савецкай практыкі, каб забяспечыць прадпрыемствы работнікамі, — будаваць жыллё там, дзе ёсць дэфіцыт кадраў. Чаму гэтая ініцыятыва асуджаная на правал, «Люстэрку» патлумачыў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Рэцэпт ад Лукашэнкі, як задаволіць кадравы голад
Дэфіцыт работнікаў абвастрыўся настолькі, што пра яго гавораць нават чыноўнікі (яшчэ летась яны сцвярджалі, што на рынку працы не адбываецца нічога страшнага). Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія чатыры гады — з 2020-га да 2023-га — занятых у эканоміцы стала менш на 160 тысяч. Аднак замест комплекснага вырашэння праблемы дэфіцыту кадраў чыноўнікі прапануюць кропкавыя і даволі спрэчныя рашэнні. Напрыклад, прыцягваць да працы «патрыятычна настроеных» пенсіянераў.
Чарговую ідэю, як даць рады сітуацыі, агучыў Аляксандр Лукашэнка: «Трэба будаваць, як гэта правільна ў савецкія часы было: ствараем нейкае прадпрыемства саліднае, а вакол яго — жыллё, каб людзей прыцягнуць, і нармальны заробак».
— Нам давядзецца пераарыентавацца і будаваць там, дзе патрэбныя працоўныя рукі. Акрамя шматдзетных і вайскоўцаў. Гэта святое, гэта асобныя чэргі. А астатнія грошы скіраваць на будаўніцтва жылля там, дзе патрэбныя працоўныя рукі, — заявіў палітык 5 траўня падчас візіту ў Оршу.
Чаму пытанні з дэмаграфіяй могуць «праваліць» ідэю палітыка
Эканаміст Дзмітрый Крук лічыць, што вырашыць праблему дэфіцыту кадраў з такім падыходам не атрымаецца. Максімум, на што могуць разлічваць чыноўнікі, — перанесці недахоп кадраў з адных прадпрыемстваў (мясцовасцяў або цэлых галін) на іншыя або з прыватнага ў дзяржаўны сектар. «Але гэта не вырашыць саму праблему, бо ў такім выпадку дэфіцыт кадраў будзе вастрэй стаяць у тым рэгіёне або галіне, адкуль адбыўся ператок людзей. Тым больш што ў маштабе ўсёй эканомікі колькасць працоўных рэсурсаў ад гэтага не зменіцца», — тлумачыць аналітык.
Па-першае, гэтую ідэю можна было б ажыццявіць пры добрай дэмаграфічнай сітуацыі, якая дазваляе стымуляваць да пераезду моладзь, што выходзіць на рынак працы, адзначае Дзмітрый Крук. Але з гэтым у Беларусі ўсё даволі дрэнна — насельніцтва імкліва скарачаецца. Адначасова зніжаецца доля працоўных рэсурсаў (то-бок колькасць людзей, якія патэнцыйна могуць працаваць, адносна агульнай колькасці насельніцтва).
— Плюс да ўсяго гэтага дэмаграфічнага «шчасця» за апошнія тры гады, паводле мінімальных ацэнак, каля 300 тысяч чалавек пераехалі ў іншыя краіны (дакладных афіцыйных звестак няма, а ацэнкі экспертаў адрозніваюцца). Гэта яшчэ больш пагаршае сітуацыю, — падкрэслівае эканаміст. -Такім чынам, казаць пра тое, што ёсць патэнцыйна свабодная група людзей, якую можна было б такім чынам кудысьці скіраваць, таксама не даводзіцца.
«Насельніцтва мусіць з’ехаць назад у вёску, каб яго зноў масава перавезці». Чаму стаўка на вёску наўрад ці спрацуе
Магчыма, чыноўнікі хочуць зрабіць стаўку на працоўную міграцыю вясковага насельніцтва, калі кажуць, што будуць будаваць жыллё там, дзе не хапае кадраў. Такая практыка шырока выкарыстоўвалася ў СССР (для Беларусі гэта былі 1960−1980-я гады), тады з вёсак у гарады ішлі патокі людзей. У той жа перыяд актыўна развіваліся тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, што дазваляла вызваліць частку рабочай сілы на вёсцы, і людзі масава з’язджалі працаваць на прамысловыя вытворчасці. Цяпер жа ў Беларусі доля гарадскога насельніцтва перавышае 78%. Значыць, патэнцыял гэтага інструмента ўжо вычарпаны. Гэта другая прычына таго, чаму задума Аляксандра Лукашэнкі можа праваліцца.
— Такі фокус можна зрабіць аднойчы ў гісторыі (альбо насельніцтва мусіць з’ехаць назад у вёску, каб яго зноў можна было так масава перавезці). То-бок казаць пра тое, што за кошт вырашэння жыллёвага пытання можна маштабна ў межах усёй эканомікі пераразмяркоўваць працоўныя рэсурсы, не даводзіцца, — перакананы эксперт.
«Цяпер гэта адзін з фактараў». Чаму будзе складана стымуляваць да пераезду толькі адным жыллём
Трэці аргумент, на думку аналітыка, чаму ідэя Лукашэнкі можа праваліцца, — рост такога паказчыка, як забяспечанасць жыллём. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ён істотна паскорыўся. Будаўніцтва жылля для тых, хто мае ў ім патрэбу, з сярэдзіны 2000-х да 2014 года прывяло да таго, што колькасць такіх людзей знізілася.
— Адпаведна, значнасць фактару жылля як ключавога аргумента для таго, каб мяняць працу і свае паводзіны на рынку працы, зніжаецца, — падкрэслівае эканаміст. — Калі ў 1960−1980-я гады дзеля жылля маглі закрыць вочы на многае іншае, то цяпер гэта адзін з фактараў, але далёка не вырашальны. То-бок гэты інструмент моцна абмежаваны.
Яшчэ адзін момант — у Беларусі «тармозіць» будаўніцтва новага жылля. Прычым гэтая праблема найбалесней б’е акурат па «святым» — шматдзетных сем’ях. Улічваючы, што ў бюджэце наўрад ці ёсць грошы на маштабныя будаўнічыя праекты, пад ідэю Лукашэнкі калі і знойдуцца сродкі, то гэта відавочна будуць ачаговыя ўліванні, мяркуе эксперт. Гэта істотна не памяняе сітуацыі з пункту гледжання маштабаў будаўніцтва.
— І апошні момант, які выклікае пытанні, — гэта тое, што сама па сабе практыка падтрымкі праз жыллё гучыць супярэчліва. Бо дзесьці з 2015 года цяперашні рэжым абвясціў курс на звужэнне маштабаў такой падтрымкі (гэта адбілася на аб’ёмах будаўніцтва). Прыкладна з 2017−2018 гадоў пайшла пераарыентацыя на больш рынкавыя механізмы падтрымкі жыллёвага будаўніцтва. З таго моманту непасрэднае льгатаванне істотна скарацілася — людзі бяруць на рынкавых умовах крэдыт у банку, а потым ім субсідыююць частку пазыкі. Але базісам усё роўна застаюцца рынкавыя ўмовы, — разважае Дзмітрый Крук.
Добра, а ёсць хоць адзін аргумент у абарону ідэі Лукашэнкі? Ёсць, але вельмі ўмоўны
— Адзінае, у чым гэтая ініцыятыва можа выглядаць крыху лагічнай (у перакручанай логіцы ўладаў), — гэта тое, што яны, па сутнасці, абвясцілі курс на прывязку прыватнага сектара да дзяржаўнага і на адзяржаўленне эканомікі (у тым плане, што доля дзяржсектара павінная расці). Калі для ўладаў тыя, хто працуе ў прыватным сектары, — гэта не іх людзі, тады ў перакручанай логіцы, магчыма, гэта нейкае вырашэнне праблемы, — заключае Дзмітрый Крук.
Прасцей кажучы, чыноўнікі могуць паспрабаваць перацягнуць частку людзей з прыватнага сектара на працу ў дзяржаўны. Адна з магчымых катэгорый — ІП, за якіх узяўся Аляксандр Лукашэнка. Раней палітык абурыўся: «Усе сталі іпэшнікамі, і працаваць няма каму». «Парадак трэба навесці. І мы не ўсіх загонім у стойла. Не. Але мусіць быць парадак», — заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Аднак эксперты выказваюць сумнеў, што ІП будуць актыўна пераходзіць на працу ў дзяржарганізацыі.
Чыноўнікам можна і трэба адказваць — для гэтага «Люстэрка» дае слова экспертам і звычайным людзям. Нам важна, каб вы чулі розныя меркаванні, а не толькі «савецкую практыку», якую спрабуюць навязаць улады.
Дапамажыце рэдакцыі працаваць далей ❤️
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


