З увядзеннем зменаў для ІП і самазанятых з’явіліся нестыкоўкі, праз якія беларусы могуць стаць падатковымі парушальнікамі, самі таго не ведаючы. Адна з іх датычыць самазанятых, якія аказваюць паслугі масажу. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал Legalno.by.
У пераліку відаў дзейнасці, дазволеных для самазанятых, ёсць цырульні і касметычныя паслугі, паслугі манікюру і педыкюру. У заўвазе да гэтага пункта гаворыцца, што да касметычных паслуг адносяцца ручны касметычны і (або) гігіенічны масаж.
З гэтага можа скласціся ўражанне, што сюды адносіцца любы нялекавы масаж, напрыклад, шыі, дэкальтэ, галавы. Аднак у гэтым жа пункце ёсць код дзейнасці 9602. А ў яго, згодна са спецыяльным класіфікатарам, з аналагічных паслуг уваходзіць толькі масаж твару.
Усе астатнія віды масажу уключаныя ў код 9604, якога няма ў пераліку дазволеных самазанятым. Таксама ім нельга аказваць паслугі лекавага масажу, які наогул патрабуе атрымання ліцэнзіі на медыцынскую дзейнасць.
«Вось у такую пастку можна трапіць і ажыццяўляць незаконную дзейнасць», — адзначае тэлеграм-канал Legalno.by.
Нагадаем, у пачатку ліпеня Саўмін апублікаваў спіс відаў дзейнасці, па якіх змогуць далей працаваць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя.
Чаму з’явіўся спіс дазволеных відаў дзейнасці
22 красавіка гэтага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Як і планавалася, чыноўнікі зрэзалі спіс відаў дзейнасці для ІП. Тым, хто не трапіў у гэты пералік, давядзецца або закрыцца зусім, або перайсці ў юрыдычную асобу. Віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, да 1 ліпеня мусіў акрэсліць урад.
Па відах дзейнасці, якія не ўвайшлі ў гэты пералік, з 1 кастрычніка спыняць рэгістрацыю новых ІП.
Нагадаем, гэта не першая спроба чыноўнікаў урэгуляваць працу прадпрымальнікаў. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў перспектыве пацісне руку апошняму ІП.
Чытайце таксама


