Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Латвіі Эвікай Сіліняй рашэнні краін Балтыі абмежаваць уезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Як лічыць Ціханоўская, такія крокі не вырашаюць праблем, паведамілі ў прэс-службе яе Офіса.
Ціханоўская і Сіліня сустрэліся падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі. Ціханоўская звярнула ўвагу на спрэчнасць апошніх рашэнняў краін Балтыі абмежаваць уезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Падкрэсліла, што гэтыя меры б’юць перш за ўсё па беларусах, а не па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, заклікала зрабіць палёгку для фізічных асобаў.
«Мы разумеем, што гэтае абмежаванне ўведзенае ў адпаведнасці з інструкцыямі ЕС, і разумеем, што абмежаванні ўведзеныя з прычынаў бяспекі, а таксама неабходнасці закрыць шчыліны. Але канкрэтна гэтае абмежаванне не вырашае ніводнай з праблемаў. Гэтае рашэнне паспешлівае. Таму мы просім Латвію і іншыя краіны ЕС разгледзець шырокія выключэнні. Разам з тым важна, што пасажырскі аўтобусны рух захоўваецца», — адзначыла Ціханоўская пасля сустрэчы.
Пытанне абмежаванняў лідарка падымала і на сустрэчах з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, кіраўніком МЗС Радаславам Сікорскім, літоўскім прэзідэнтам Гітанасам Наўседам, а таксама кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем.
Нагадаем, з 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўто на беларускіх нумарах. Да 16 жніўня 2024 года ў Літву змогуць заехаць зарэгістраваныя ў Беларусі легкавікі, калі яны не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам Беларусі з дзейнай візай ці відам на жыхарства ў Літве (часовым або пастаянным), якія дазваляюць уезд у ЕС. Пры гэтым кіраваць аўтамабілем мусіць яго ўласнік. Гэтае выключэнне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.
15 ліпеня аналагічнае абмежаванне ўвяла Латвія, а 17 ліпеня стала вядома пра такую ж забарону ў Эстоніі. У Польшчу аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй пакуль могуць заязджаць без абмежаванняў, але толькі ў выпадку, калі ў салоне машыны знаходзіцца яе ўладальнік.