Чыноўнікі працягваюць прасоўваць ідэю будаўніцтва другой АЭС ці трэцяга энергаблока. Раней Лукашэнка агучваў ідэю пра тое, адкуль узяць грошы на новую станцыю, — прапанаваў выкарыстоўваць рэшткі крэдыту, які Масква дала на першую (на БелАЭС выдаткавалі 5,36 млрд даляраў расійскага крэдыту з меркаваных дзесяці). Але мэтазгоднасць з’яўлення другой АЭС у Беларусі выклікае пытанні. Тлумачым, чаму так.
У Беларусі ўжо цяпер ёсць перавытворчасць электраэнергіі
Уся электраэнергія, якая вырабляецца ў Беларусі, спажываецца ўнутры краіны. Але так атрымалася, што вырабляецца яе больш, чым спажываецца, кажа спецыяліст дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук. Ён кажа, што першапачаткова планавалася, што блокі БелАЭС будуць магутнасцю не 1200 МВт, а меншай. Але іх зрабілі менавіта такімі, а спажыванне ў выніку не вырасла так, як паказвалі ранейшыя разлікі. Калі ў канцы нулявых планавалі будаваць АЭС, электраспажыванне расло даволі хутка. Але пасля 2011-га яно запаволілася разам з меншым ростам эканомікі. Калі спачатку прагназавалася, што ў 2020 годзе электраспажыванне будзе каля 47 млрд кВт∙г, то сёння яно складае каля 40 млрд кВт∙г. Планы дасягнуць паказчыку 47 млрд кВт∙г перанеслі на 2030 год.
Напрыклад, у чыноўнікаў былі вялікія планы на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення прыватных дамоў. Для гэтага ўвялі нават спецыяльны тарыф. Але на практыцы ўсё аказалася не так проста. У некаторых населеных пунктах дамы немагчыма перавесці на электраацяпленне. Прычына — не хапае магутнасцяў электрасістэмы. На гэтую праблему звяртаў увагу ў тым ліку Аляксандр Лукашэнка.
— Сістэма электраэнергетыкі адрозніваецца ад любога іншага сектара тым, што вытворчасць электраэнергіі ў любы момант роўная яе спажыванню. То-бок няма магчымасці яе назапасіць, як гэта робяць, напрыклад, прамысловыя прадпрыемствы. Таму трэба, каб быў пастаянны баланс. У нас праз запуск АЭС і вялікую колькасць ЦЭЦ ёсць перыяды, калі электраэнергіі вырабляецца больш, чым спажываецца.
У выніку цяпер у Беларусі ёсць перавытворчасць электраэнергіі (паводле ацэнак эксперта, она складае каля 5% ад спажывання), і яе выкарыстоўваюць для ацяплення і падагрэву вады для насельніцтва. Для гэтага была запланаваная ўстаноўка 1185 МВт электракатлоў, кажа эксперт.
— На кацельных, дзе стаяць газавыя катлы, дадаткова паставілі электракатлы. І калі ёсць перавытворчасць электраэнергіі, то адбываецца скарачэнне спажывання газу на газавых катлах, а замест іх уключаюць электракатлы, — тлумачыць Яўген Макарчук, як працуе такая сістэма. — То-бок на АЭС мы цяпло (пару) пераводзім у электраэнергію, а потым у іншых месцах яна зноў пераўтвараецца ў цяпло.
Пры цяперашнім спажыванні ў выпадку будаўніцтва другой АЭС такой самай магутнасці каля 75% электраэнергіі, што на ёй вырабяць, будзе лішняй. «Гэта значыць, што АЭС будзе працаваць практычна толькі для таго, каб вырабленую электрычную энергію выкарыстоўваць на электракатлах для вытворчасці цеплавой энергіі», — адзначаў раней эксперт.
Экспартаваць лішкі няма куды
— Я не памятаю, каб АЭС будавалася з надзеяй прадаваць электраэнергію на экспарт: у даследаваннях Акадэміі навук, звязаных з энергетычнай бяспекай, заўсёды гаварылася, што мы павінныя працаваць ў рэжыме ізаляванай сістэмы. Экспарт разглядаўся як дадатковая магчымасць, — кажа Яўген Макарчук.
Але як вынікае са шматліках заяваў чыноўнікаў, яны мелі пэўную надзею на экспарт электраэнергіі. Сярод патэнцыйных пакупнікоў разглядаліся суседнія краіны Балтыі і Украіна. Але цяпер такая магчымасць фактычна знікла. Па-першае, яшчэ да запуску першага энергаблока гэтыя дзяржавы прызналі БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы і адмовіліся ад набыцця беларускай электраэнергіі.
Па-другое, плануецца, што ў 2025 годзе краіны Балтыі адключацца ад энергакальца БРЭЛЛ, у якое цяпер уваходзяць Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія, Літва. Гэта звязана з іх падключэннем да еўрапейскай энергетычнай сістэмы, якая пэўнымі характарыстыкамі адрозніваецца ад нашай. Украіна ўжо зрабіла гэта ў 2022 годзе і далучылася да еўрапейскай энергасістэмы (сінхронная сетка кантынентальнай Еўропы), нагадвае эксперт.
— Гэта можна параўнаць з каляінай на чыгунцы. Унутры нашай сістэмы няма ніякіх перашкоды на ператок электраэнергіі. Еўропа працуе ў сваёй сістэме, дзе паміж краінамі таксама няма перашкоды. Краіны, якія пераходзяць на інтэграцыю з ЕС, можна сказаць, пераходзяць на новыя правілы — умоўна кажучы, мяняюць шырыню сваёй каляіны.
Летась у Маскве заяўлялі, што з 2024 года ў Беларусі з’явіцца магчымасць экспартаваць электраэнергію ў Расію. Аднак пакуль гэтага не адбываецца. У Расіі сабекошт электраэнергіі ніжэйшы, таму ёй няма сэнсу купляць даражэйшую беларускую. Да таго ж там рынак электраэнергетыкі прафіцытны, то-бок яны ўвогуле не маюць патрэбы ў дадатковай электраэнергіі. У межах стварэння адзінага энергетычнага рынку Масква можа вырашыць набываць электраэнергію ў Беларусі, але наўрад ці можна казаць пра вялікія аб’ёмы.
Малаімаверна, што аднойчы Украіна ці краіны Балтыі вернуцца да той сістэмы, у якой працуе Беларусь. Гэта значыць, што нашая краіна нават проста з тэхнічных прычын не зможа проста так прадаваць туды электраэнергію. Але, як тлумачыць эксперт, існуюць механізмы, якія дазваляюць гандляваць, толькі для гэтага акрамя жадання двух бакоў патрэбныя інвестыцыі ў адпаведныя ўстаноўкі ператоку электраэнергіі, якія называюцца ўстаўкамі пастаяннага току.
— Альбо ёсць варыянт, што Беларусь пачынае рухацца ў бок Еўрасаюза і проста пераходзіць на гэтыя правілы. Тады мы зможам гандляваць электраэнергіяй з усімі нашымі суседзямі, акрамя Расіі, — мяркуе Яўген Макарчук.
Электраэнергія з АЭС атрымліваецца дарагой
— АЭС вырабляе даражэйшую электраэнергію, чым газавыя блокі, — кажа энергетык. — Адпаведна, нехта цяпер нам прапануе пабудаваць яшчэ адну дарагую станцыю, якой нават няма месца ў энергасістэме.
Абапіраючыся на больш раннія даследаванні, энергетык прыйшоў да высновы, што сабекошт электраэнергіі, вырабленай на АЭС, складае 6−6,3 цэнта за кВт∙г. У 2023 годзе тарыфы на электраэнергію складалі дзевяць цэнтаў за кВт∙г. З улікам зніжэння цаны на прыродны газ да 128,5 даляра за кубаметр імаверна, што сабекошт генерацыі ў энергасістэме быў 3,8 цэнта, працягвае разлікі эксперт у ранейшым артыкуле на isans.org. «Вытворчасць электраэнергіі па шэсць цэнтаў за кілават-гадзіну, у той час як на іншых станцыях можна вырабляць па 3,8, — гэта і ёсць «вельмі-вельмі выгадна», — іранізуе Яўген Макарчук.
— Мы бачым, што сённяшняя АЭС не акупляецца. Адпаведна, яна сама выплачваць крэдыт [які бралі на яе будаўніцтва] не зможа. Значыць, і другая не зможа. Таму зноў жа няма сэнсу яе будаваць, — кажа эксперт.
Ці ёсць аргументы за будаўніцтва?
Эксперт бачыць толькі адну прычыну для будаўніцтва яшчэ адной АЭС: хтосьці хоча зарабіць на самім будаўніцтве. Бо іншыя разважанні вядуць да таго, што яна Беларусі непатрэбная.
— З пункту гледжання энергетыка ніякіх падставаў будаваць яшчэ адну АЭС у Беларусі я не бачу. Выглядае, што працаваць яна будзе яшчэ горш за першую, бо будзе вялікая перавытворчасць электраэнергіі. Сама электрычнасць нават з першай станцыі выглядае даражэйшай, чым з газу. Можна прыдумаць, што гэта скароціць выкіды парніковых газаў, але гэта будзе вельмі дарагое скарачэнне, — кажа Яўген Макарчук.
Чытайце таксама


