Італьянская акторка Сара Маэстры выдала кнігу «Stringimi a te» (можна перакласці як «Прытулі мяне да сябе» або «Абдымі мяне»), у якой расказала пра складанае удачарэнне дзяўчынкі з Беларусі. Упершыню ўбачыўшы Алесю ў 2012 годзе, Сара больш не ўяўляла без яе сваё жыццё. І была гатовая зрабіць усё, каб дзяўчынка засталася з ёй і больш не вярталася ў дзіцячы дом. Сара расказала нам сваю гісторыю. Атрымаўся вельмі светлы аповед пра тое, як важна трымацца за свае мары.
Італьянская акторка і беларуская дзяўчынка
Сара Маэстры — італьянская акторка кіно, тэатра і тэлебачання, вядоўца праграм на радыё. Тэатральную кар’еру яна пачала яшчэ ў 1997 годзе, на кінаэкране дэбютавала ў 2000-м. Вядомасць прыйшла да Сары праз шэсць гадоў, разам з камедыяй «Ноч перад экзаменам».
Пасля таго як Сара ўдачарыла Алесю, яна перастала здымацца ў кіно, аддала сябе дачцэ і дабрачыннасці. З 2018 года Маэстры ўваходзіць у камітэт фонду барацьбы з адукацыйнай беднасцю сярод няпоўнагадовых міністэрства асветы, універсітэтаў і навуковых даследаванняў Італіі. А з 2019-га — у камісію дабрачыннага Фонду Карыпла.
Цяперашняя кніга — не першая для Маэстры. У 2009 годзе выйшаў яшчэ адзін яе літаратурны твор, La bambina dei fiori di carta, што можна перакласці як «Дзяўчынка з папяровымі кветкамі». Гэтая гісторыя заснаваная на ўспамінах акторкі пра дзяцінства, большую частку якога яна правяла ў бальнічнай палаце пасля дыягнаставанай у тры гады сур’ёзнай хваробы.
Яе дачцэ Алесі цяпер 19 гадоў. Да 14-ці яна жыла ў беларускім дзіцячым доме ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскай вобласці. Там дзяўчынка аказалася, страціўшы абаіх бацькоў. Цяпер яна вучыцца на візажыста, любіць маляваць. Хобі дзяўчыны — каратэ і танцы. Італію Алеся любіла заўсёды, а цяпер палюбіла і падарожжы.
«Ніколі не думала, што стану мамай Алесі»
Пасля аварыі на ЧАЭС беларускія дзеці, якія жылі ў пацярпелых ад радыяцыі рэгіёнах, ездзілі летам на аздараўленне і адпачынак у Італію. Там яны жылі ў сем’ях мясцовых жыхароў, якія з радасцю запрашалі пагасціць хлопцаў і дзяўчат з Беларусі.
— Я была італьянскай акторкай, займалася сваёй справай, жыла сваім жыццём. Але аднойчы, у чэрвені 2012 года, мой сябар прапанаваў мне прыняць у сябе дзяўчынку з Беларусі. Я пагадзілася, — успамінае Сара. — Алеся прыехала і прабавіла ў мяне 90 дзён.
Тое лета ў Мілане стала пачаткам пераменаў, якія пазней адбудуцца ў жыцці абедзвюх гераіняў гэтай гісторыі. Але тады пра гэта ніхто і не думаў — Сара, якая не ўяўляла сябе ў ролі маці, проста шчасліва бавіла час з васьмігадовай дзяўчынкай. Сама суразмоўніца апісвае лета 2012 года як «хаос эмоцый».
— Алеся была вельмі гіперактыўным і жывым дзіцем. Яе звычкі шмат у чым адрозніваліся ад маіх, таму што яна вырасла не ў сям'і, а ў дзіцячым доме. Таму было нялёгка. Але гэта было лета, поўнае любові, пра якую я нават не падазравала. Я ніколі не думала пра мацярынства і тым больш не думала, што стану мамай Алесі. Да нейкага моманту я нават не ведала, што яна жыве ў дзіцячым доме, вырашыла, што буду запрашаць яе да сябе, як многія італьянскія сем'і — беларускіх дзяцей. Спадзявалася, што ў яе ёсць сям’я ў Беларусі, якая яе любіць, — успамінае Сара.
Расказваючы, як ёй удалося знайсці агульную мову з маленькай дзяўчынкай, якая прыехала пагасціць, акторка сцвярджае: паміж імі з першага дня ўзнікла такая ж сувязь, якая ўзнікае паміж двума людзьмі, якія палюбілі адно аднаго.
— Алеся вельмі хацела, каб я стала яе мамай. Але я не ведала, як гэта, зусім не ўяўляла, што гэта такое. Але паступова яна навучыла мяне быць мамай — так моцна хацела гэтага, — з цеплынёй кажа суразмоўца.
А вось з мовай праблем не ўзнікла. Па-першае, Алеся ўжо ведала нейкія словы на італьянскай — усё дзякуючы іншым дзецям з дзіцячага дома, якія таксама ездзілі ў Італію. А па-другое, новую мову дзяўчынка вывучыла хутка. Але пры гэтым Сара заўсёды настойвала, каб дзяўчынка працягвала гаварыць на рускай.
— Яна працягвае камунікаваць з хлопцамі і дзяўчатамі з дзіцячага дома па-руску, — кажа акторка. — Але я і сама вывучыла некаторыя словы, напрыклад «не хачу», «не буду» — у самым пачатку Алеся часцей за ўсё выкарыстоўвала менавіта іх (смяецца).
Першы ад’езд дзяўчынкі і Сара, і Алеся перажывалі вельмі цяжка. Акторка ўспамінае: у той дзень беларуска вырашыла не плакаць пры ёй, каб не хваляваць.
— І толькі прыехаўшы ў аэрапорт, Алеся схавалася там і пачала плакаць. Гэты клопат пра мяне стаў вельмі важным стымулам усё гэта рабіць, займацца удачарэннем, — упэўнена кажа суразмоўніца. — З самай першай сустрэчы я зразумела, што Алеся — частка маёй сям'і. І калі яна з’ехала, я зразумела, што ў жыцці быццам больш няма сэнсу. Гэтая дзяўчынка стала часткай майго жыцця, было вельмі балюча думаць, што яна жыве ў дзіцячым доме і пра яе ніхто не клапоціцца.
«У Італіі ўсе казалі, што ў мяне нічога не выйдзе»
Праўда, рашэнне ўдачарыць Алесю Сара прыняла не адразу. Некалькі гадоў дзяўчынка працягвала жыць у дзіцячым доме, прыязджаючы на канікулы ў Італію, а сама акторка ездзіла ў Беларусь восенню і вясной. Калі не было магчымасці быць побач, яны ўвесь час размаўлялі па відэасувязі, расказвалі адна адной, як прайшоў дзень, часам разам рабілі хатняе заданне.
— Я разумела, што ў яе ёсць права мець бацькоў. Я жыла адна, таму спадзявалася, што Алеся знойдзе ў Беларусі сям’ю з мамай і татам. Але праз два гады, убачыўшы, што Алеся працягвае жыць у дзіцячым доме, я зразумела, што яе ніхто не ўдачарыць. І што менавіта я магу стаць для яе сям’ёй, — тлумачыць Сара. — Вельмі важная думка пра ўсынаўленне, якую я зразумела, — гэта не столькі права дарослага стаць бацькам, колькі права дзіцяці здабыць сям’ю.
Сара расказвае: яна разумела, што працэс афармлення дакументаў будзе складаным, было нямала бюракратычных цяжкасцяў. Напрыклад, італьянскія законы амаль заўсёды не дазваляюць усынаўленне дзіцяці адным чалавекам, а пара мусіць быць у шлюбе мінімум тры гады, каб ім дазволілі ўзяць прыёмнае дзіця. Але выпадак суразмоўніцы трапляў пад выключэнне: нават адной маці дазваляецца ўсынаўленне дзіцяці, з якім склалася цесная сувязь. Да таго ж беларускія законы былі мякчэйшыя, і вельмі дапамагла праграма па аздараўленні для беларускіх дзяцей — тых, хто ездзіў па ёй у Італію мінімум тры разы, можна было ўсынавіць.
— У 2014 годзе я падала запыт на ўдачарэнне Алесі, але тады яго не прынялі (Сара тлумачыла адмову адсутнасцю на той момант пагаднення аб міжнародным усынаўленні паміж Беларуссю і Італіяй — забарона на ўсынаўленне італьянскімі грамадзянамі беларускіх дзяцей была ўведзеная ў 2006 годзе, у 2014 годзе Італіі удалося дабіцца яе адмены. — Заўв. рэд.), — успамінае суразмоўніца. — Але мы пра гэта даведаліся не адразу. А ў чэрвені 2015 года прыйшлі дакументы ад італьянскага боку пра тое, што Алесю можна ўдачарыць. І мы так радаваліся, скакалі, крычалі, зладзілі вялікае свята. Вырашылі, што ўсё — Алеся застанецца тут! Але ў верасні аказалася, што ёй усё роўна давядзецца з’ехаць у Беларусь, таму што ўсю працэдуру трэба будзе прайсці яшчэ і там. Гэтага я не ведала і вельмі знервавалася. Гэта быў самы вялікі боль, які мы адчулі за ўвесь час спробаў удачарыць Алесю.
— Былі нават моманты, калі я думала, што нічога не атрымаецца. У Італіі ўсе казалі, што ў мяне нічога не выйдзе. Але ў гэтым выпадку Беларусь стала б маім жыццём, — запэўнівае суразмоўніца. — Мая сям’я і сябры не адразу зразумелі маю гатоўнасць удачарыць Алесю. Я магу мець дзяцей, я была маладая і не замужам, а яны не разумелі, чаму ў мяне няма ўласнага дзіцяці. Але для многіх усынаўленне — гэта жаданне дарослага мець дзіця, а не даванне дзіцяці магчымасці атрымаць сям’ю.
Складана перажывала доўгія бюракратычныя працэсы і Алеся. У нейкі момант яна нават перастала верыць, што зможа жыць у Італіі з мамай. Часткова таму, што гісторыя цягнулася доўга, а часткова паўплывалі выхавальнікі і іншыя дарослыя, якія казалі ёй: «Твая мама ніколі не зможа цябе ўдачарыць, таму што ў цябе не будзе таты».
— Але гэтая мара ў Алесі заставалася. Аднойчы ў італьянскай школе, куды я яе вадзіла, калі яна прыязджала, дзецям прапанавалі напісаць сачыненне пра сваю самую вялікую мару. Тады Алеся не стрымалася і расплакалася. Калі яе спыталі, чаму, яна сказала: «Таму што мая самая вялікая мара — жыць тут з маёй мамай у яе дома. Але гэтая мара ніколі не збудзецца».
У 2016 годзе Сара паехала з Алесяй у дзіцячы дом у Вялікія Летцы. Тады яна зняла пра яго дакументальны фільм — кароткаметражку, якая называецца Il mondo fuori da qua («Свет звонку»). З таго часу італьянка жыла на дзве краіны да канца ўдачарэння.
— У 2018 годзе, калі ў віцебскім судзе нам далі паперу, што цяпер Алеся канчаткова мая дачка, у нас зноў было вялікае свята. Мы зноў скакалі, радаваліся! — шчасліва кажа Сара. — На жаль, Алеся вырасла да таго, як усё скончылася. І я пра гэта вельмі шкадую: марыла, што мая дзяўчынка будзе гуляць у сваім пакоі з лялькамі. Але выйшла так, як выйшла.
«Успрыманне мяне як мамы давялося выбудоўваць дзень за днём»
Адносіны Сары і Алесі суправаджаліся пастаянным наладжваннем кантакту, пазнаваннем адна адной, паступовым збліжэннем. Напрыклад, дзяўчынка не адразу даведалася, што яе маці — вядомая акторка. А ў 2012 годзе кар’ера Сары ў кінематографе была паспяховай, многія пазнавалі яе на вуліцы, віталіся і прасілі аўтограф.
— Я была вядомай акторкай, а яна не ведала, што гэта значыць. І калі мяне спынялі на вуліцы і прасілі аўтограф, дачка не разумела, што адбываецца, чаму такая ўвага (смяецца). Калі яна вярнулася ў Беларусь пасля першага лета тут, нават расказвала ўсім: «Італьянцы дзіўныя». Потым Алеся зразумела, што я здымалася ў вядомых фільмах, — кажа Сара. — Кожны раз, калі хтосьці прасіў у мяне аўтограф, Алеся малявала побач кветачку.
Яшчэ адзін момант збліжэння Сары і Алесі — зварот «мама» ад дзяўчынкі. Хоць суразмоўніца ўспамінае, што Алеся называла яе так з першага дня, свой сапраўдны сэнс гэтае слова набыло нашмат пазней.
— Алеся пачала называць мяне мамай адразу ж, але не таму, што яна так хацела сама. Іх так вучылі ў дзіцячым доме: калі едзеш у Італію, дарослых трэба называць «мама» і «тата». Але гэта было проста слова, якое нічога не значыла. Праўда, пра гэта я даведалася не адразу, а толькі калі прыехала ў Беларусь. Гэта быў доўгі шлях, я вельмі хацела ўбачыць дачку, уяўляла, як яна кінецца да мяне на шыю з крыкам «Мама!». Прыязджаю, а Алеся махае здалёк: «Мама, прывітанне!» — і бяжыць далей па сваіх справах. Сапраўднае ўспрыманне як мамы давялося выбудоўваць дзень за днём у працэсе развіцця адносін. Каб укласці ўвесь сэнс у гэты зварот, Алеся мусіла зразумець, што я не знікну з яе жыцця, што я яе люблю, нават калі яна кепска сябе паводзіць ці нешта не атрымліваецца. Што я заўсёды побач, як сапраўдная мама, якая заўсёды падтрымае і заўсёды будзе любіць. І цяпер калі яна кажа «мама» — гэта сапраўднае пачуццё, якое ідзе ў яе ад сэрца.
«Ужо не канікулы, а паўнавартаснае жыццё ў сям'і»
Афармленне дакументаў у 2018 годзе нямногае змяніла ў адносінах Алесі і Сары. Затое змяніла штодзённасць абедзвюх: цяпер яны нарэшце маглі жыць як сям’я. Але спецыяльна рыхтавацца да прыезду дачкі Сары не давялося: за той час, што дзяўчынка праводзіла ў Італіі, дом акторкі стаў іх агульным домам.
— У Алесі з самага першага прыезду быў свой пакой і свае рэчы. Дом быў уладкаваны так, каб яна магла тут жыць і ёй тут было камфортна. І нават калі яна з’язджала ў Беларусь, усе яе рэчы заставаліся некранутымі, быццам яна проста на час з’ехала кудысьці. І паколькі гэта быў ужо наш агульны дом, заўсёды было вельмі сумна, калі Алеся з’язджала. Ён станавіўся пустым.
Калі дзяўчынка прыехала жыць у Італію, ёй было ўжо 14 гадоў. І адаптавацца хутчэй даводзілася ёй: практычна цалкам змяніўся лад жыцця.
— Гэта былі ўжо не канікулы, як раней, а паўнавартаснае жыццё ў сям'і. Са школай, куды трэба хадзіць, з мамай, якую трэба слухацца. Жыццё ў доме, дзе ў цябе ёсць кухня — у дзіцячым доме там працавалі кухары. А тут трэба самой гатаваць сняданак, напрыклад. Усе абавязанні, усе адносіны, якія ёсць у сям'і — да гэтага ўсяго ёй давялося прывыкаць, — апісвае суразмоўніца. — Вядома, было няпроста. Асабліва ўлічваючы, што Алеся ўжо была вялікая. Ёй цяжка было наладжваць сяброўскія адносіны з іншымі дзецьмі: да гэтага яна жыла ў дзіцячым доме, дзе ўсе былі разам, размовы часта былі вымушанымі, Алеся ніколі не была адна. А тут яна адзіная дачка. І ёй трэба было вучыцца выбудоўваць адносіны ў школе з аднакласнікамі і з дзецьмі, з якімі яна разам займалася спортам. Але яна з гэтым усім добра справілася, і цяпер у яе нават ёсць хлопец.
Гаворачы пра сумеснае жыццё, Сара яшчэ раз падкрэслівае: дакументы нічога не змянілі. Яны з Алесяй жывуць адной сям’ёй, як і жылі да гэтага. Але ў адносінах мамы і дачкі цяпер наступіў новы этап, звязаны з узростам Алесі.
— Ёй ужо 19, і калі раней яна хацела заўсёды хадзіць са мной у кіно, у парк (яна была вельмі прывязаная да мяне), то цяпер, зразумела, хацела б ездзіць адпачываць з сябрамі, бавіць больш часу з хлопцам. Мама ўжо не стаіць на першым месцы, — разважае акторка. — Мы ўсё роўна адна адну вельмі любім, проста гэта перыяд асаблівага ўзросту, які трэба перажыць.
«Я вельмі хацела б цяпер вярнуцца ў Беларусь»
Беларусь для Сары зрабілася другім домам. Акторка бавіла там шмат часу, прыязджаючы да дачкі. Гэта важная, але не адзіная нітачка, якая звязвае яе з нашай краінай.
— Беларусь для мяне вельмі шмат значыць, таму што гэта краіна маёй дачкі. Але не толькі Алеся звязвае мяне з Беларуссю. З таго часу як я пачала ездзіць у дзіцячы дом і асабліва калі тры гады жыла на дзве краіны, я стала не толькі мамай Алесі, але і быццам педагогам для ўсіх дзяцей гэтага дзіцячага дома, — кажа яна. — І я б вельмі хацела вярнуцца ў Беларусь, у гэты дзіцячы дом, зноў сустрэцца з супрацоўнікамі, з якімі я там пазнаёмілася. Але цяпер, часткова праз пандэмію, часткова праз вайну, гэта немагчыма.
Сара прывязалася і да дзяцей, з якімі жыла Алеся ў дзіцячым доме. З многімі з іх яна да гэтага часу падтрымлівае сувязь і вельмі цэніць гэтыя адносіны.
Апошні раз суразмоўніца была ў Беларусі ў 2018 годзе. За тыя шэсць гадоў, якія яна прыязджала да Алесі, наша краіна моцна змянілася. На думку Сары, Мінск з гадамі стаў значна сучаснейшым. А яшчэ італьянка вельмі любіць беларускую кухню. Любімая страва акторкі — дранікі.
«Мару, каб усе дзеці ў свеце знайшлі сям’ю»
Кніга Сары Маэстры «Stringimi a te» выйшла 20 верасня гэтага года. На яе напісанне ў суразмоўніцы сышло больш за 20 месяцаў. Гэта быў складаны і балючы працэс, але Сара спадзяецца, што яе гісторыя дапаможа іншым людзям.
— Многія моманты, звязаныя з удачарэннем Алесі, мне хацелася забыць. Але мне было важна расказаць пра працэс удачарэння, пра саму гэтую з’яву і ў цэлым магчымасць узяць прыёмнае дзіця. Я мару, каб усе дзеці ў свеце знайшлі сям’ю. Мая кніга — маленькі ўклад у тое, каб тыя, хто калі-небудзь думаў пра магчымасць усынавіць або ўдачарыць дзіця, адважыліся зрабіць гэта, — тлумачыць акторка.
Яшчэ адна прычына, чаму Сара вырашыла напісаць кнігу, была ў жаданні пачаць з яе дапамогай кіраваць усёй гэтай сітуацыяй.
— Я хацела ўзяць увесь гэты працэс у свае рукі. Ведаць, што гэта ўсё залежыць толькі ад мяне, — кажа яна. — Кнігу мы пісалі разам з Алесяй. Кожны раздзел там — спачатку аповед ад майго імені, а потым гісторыя ад яе. Ведаю, што яе чыталі многія італьянскія сем'і, якія запрашалі да сябе на лета беларускіх дзяцей.
«Мары не знікаюць, гэта людзі ад іх адмаўляюцца»
-Гэты досвед мяне вельмі моцна змяніў. З таго часу як у маім жыцці з’явілася Алеся, я ўжо не проста Сара, я мама Алесі, — апісвае сябе італьянка. — Я нават пісала пра гэта ў сваёй кнізе: калі была маленькай, пастаянна злавалася на сваю маму, якая гэтак жа казала пра сябе, што яна «мама Сары». Я пярэчыла: «Не, ты ж жанчына, ты чалавек, ты прафесіянал!» А цяпер, як бы ўсё гэта абсурдна ні гучала, я сама аказалася ў такой жа сітуацыі і адчуваю тое самае.
Сара прызнаецца: яна хацела б засынаць і прачынацца, не хвалюючыся пра Алесю. Але гэта немагчыма. Ты аддаеш чалавеку сваё сэрца і адпускаеш яго ў свабоднае плаванне, кажа яна, але тваё сэрца ўсё гэта перажывае.
— Я цяпер выкладаю ў італьянскай школе і часта кажу дзецям, што насамрэч мары не знікаюць, гэта людзі ад іх адмаўляюцца. А я сваю мару не кінула. Таму што ў маім выпадку гэта была яшчэ і мара іншага чалавека, — дзеліцца акторка.