Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  2. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  3. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  4. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  5. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  6. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  7. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  8. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  9. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  10. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  11. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  12. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  13. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  14. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  15. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  16. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  17. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
Читать по-русски


Пасля масавага закрыцця прыватных школ больш за 90% іх вучняў перайшлі ў дзяржаўныя. Цяпер у іх праходзіць перыяд адаптацыі, дзеці і бацькі на ўсю моц сутыкаюцца з асаблівасцямі дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Што гэта за асаблівасці і ці падыходзяць яны сучасным дзецям? Разважае псіхіятр Сяргей Папоў.

Сяргей Папоў

Доктар-псіхіятр, псіхааналітык, сябра Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі, былы намеснік старшыні этычнага камітэта Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі.

Шмат у чым так было ў савецкі час, цяпер гэта адбываецца ў аўтарытарных рэжымах, як у Беларусі, калі адукацыя і медыцына выкарыстоўваюцца перакручаным чынам. Гэта азначае, што дапамога людзям у тым, каб яны былі здаровымі, шчаслівымі і рэалізоўвалі свой чалавечы патэнцыял, перастае быць галоўнай мэтай. Я б назваў гэта своеасаблівай сut off сістэмай, калі тое, што перашкаджае, не ўпісваецца ці пагражае, трэба адрэзаць і выкінуць. Гэта тое, што і адбылося з прыватнымі школамі ў краіне.

Сама па сабе іх наяўнасць сведчыць пра тое, што спазнаваць свет і вучыцца можна па-рознаму. Калі гэта адбываецца — значыць, хтосьці можа па-рознаму глядзець на рэчы і з’явы і выносіць розныя меркаванні. Калі ёсць адрозненні, гэта дае жыццё новаму, пераменам. Таксама як і адрозненні мужчынскага і жаночага даюць жыццё дзіцяці. Гэта новае, якое прыходзіць на змену папярэдняму. Вось і атрымліваецца, што дзеці з рознымі поглядамі — гэта ўжо небяспека. Таму сістэмная задача цяперашняй улады такая, што ўсе дзеці павінныя быць аднолькавымі, маленькімі копіямі лаяльнага «а можа так і трэба» беларуса. Ніхто не павінен адрознівацца. Тады нічога новага не з’явіцца. Нібыта тады будзе парадак. Але гэта стэрылізацыя грамадства, стэрыльнасць.

Забарона на альтэрнатыўную адукацыю мае сур’ёзны пабочны эфект. Прыкладна тое самае адбываецца і ў медыцыне. Калі ў краіне ёсць прыватная, гэта прыводзіць да таго, што і дзяржаўная мімаволі, праз канкурэнцыю, развіваецца больш дынамічна. Асабліва гэта датычыць нават не тэхнічнага абсталявання, а павышэння «якасці доктара» як чалавека-спецыяліста, яго прафесіяналізму, чалавечых якасцяў.

Гэтак жа і ў адукацыі. Якасны настаўнік — гэта не толькі высокаадукаваны і культурна развіты чалавек, але і псіхалагічна і эмацыйна спелы, з устойлівымі ўнутранымі маральнымі межамі. Ён зможа быць эмацыйна ўцягнутым, каб спакусіць дзіця думаць і выкарыстоўваць сваю цікаўнасць. Зможа знайсці творчую форму перадачы ведаў, а таксама заставацца эмацыйна пругкім і стойкім для падтрымання структуры і парадку. І тут вельмі тонкая грань. Таму што настаўнік нізкай якасці можа нават не заўважыць, як яго эмацыйная ўцягнутасць ператвараецца ў адыгрыванне на дзецях сваёй нездаволенасці і праблем, як яго ўнутранае патрабаванне навучыць ператвараецца ва ўдзёўбванне навучальнага матэрыялу, што абсалютна неэфектыўна. І не заўважыць, як неабходнасць парадку ператвараецца ў гвалт.

Сучасны свет (і гэта час дыктуе так, а не нейкія канкрэтныя лідары) развіваецца па шляху індывідуалізацыі працэсаў навучання, гэтак жа як і лячэння. Гэта азначае, што той, хто вучыць (выхавальнік у дзіцячым садку і настаўнік у школе), спрабуе зразумець, у чым мае патрэбу канкрэтнае дзіця ў канкрэтным калектыве, каб знайсці спосабы дапамагчы яму гарманічна развівацца — фізічна, псіхічна, інтэлектуальна і сацыяльна. Гэта складаная задача. Яна патрабуе часу, унутранай свабоды, даверу спецыялістам з боку кантралявальных і кіраўнічых органаў і суладнай працы каманды.

Сёння мы ўжо вельмі шмат ведаем пра тое, як развіваецца дзіця, яго цела, псіхіка і кагнітыўныя здольнасці. Спок (Бенджамін Спок — амерыканскі педыятр, аўтар кнігі «Дзіця і яго догляд»; выдадзеная ў 1946 годзе, яна стала адным з галоўных бэстсэлераў у гісторыі ЗША. — Заўв. рэд.) даўно састарэў. Для дапамогі ў паспяховым развіцці мы зыходзім з разуменняў патрэбаўдзіцяці, а не з кімсьці і калісьці устаноўленых нормаў. Афіцыйная беларуская школа ідзе супраць гэтага. У ёй толькі адна патрэба мае значэнне — патрэба ўладаў і ідэалогіі ў тым, што ніхто не павінен адрознівацца. Гэта шлях развіцця неталерантнага грамадства.

Што гэта значыць для дзяцей?

Для гарманічнага развіцця дзіця мае патрэбу ў пэўным вопыце і ўмовах, якія яму можа даць навакольнае асяроддзе і атачэнне. Таму англійскі выраз «каб вырасціць дзіця, патрэбная цэлая вёска» вельмі дакладны. Дзіцяці і бацькам патрэбная супольнасць. Школа становіцца часткай гэтай «вёскі».

Прыкладна з шасцігадовага ўзросту дзеці робяць рывок у аддзяленні ад бацькоў і занураюцца ў свет адносін з аднагодкамі. Дзіця прыходзіць у школу і больш асэнсавана сустракае там дзяцей. Бачыць, чым адрозніваюцца адносіны ў іншых сем’ях. Пачынаецца працэс пераасэнсавання сваёй сям'і, бацькоў, дэідэалізацыя іх і сябе. Можна сказаць, што дзіця мае патрэбу ў тым, каб бачыць разнастайнасць. Ці можа школа і дзяржава спрыяць такой разнастайнасці, калі мы бачым зваротную тэндэнцыю — да таго, каб усе былі аднолькавымі?

Паколькі дзеці вучацца назіраючы адно за адным, яны аб’ядноўваюцца ў групы, фармуючы сваё кола сяброў. Такія групы неабходныя для развіцця пачуцця аўтаномнасці, асобнасці і самапавагі. У краіне, дзе збірацца ў групы проста небяспечна, няма сумневу, што дзеці цяпер вельмі раз’яднаныя. Альбо сыходзяць у сеціва, дзе татальны кантроль немагчымы. Ці зможа школа і дзяржава стварыць умовы, каб дзеці змаглі спакойна аб’ядноўвацца ў групы ў адпаведнасці з тымі інтарэсамі і поглядамі, якія важныя ім, а не ідэалогіі? Пры гэтым чым больш жорсткі ці фармальна прысутны дарослы стаіць над дзецьмі, тым большай будзе патрэба ў больш закрытай групе і больш дэструктыўнай.

Акрамя важнасці быць часткай групы дзеці маюць патрэбу і ствараюць для сябе пэўнае «зацішнае» месца, якое часта з’яўляецца таемным, дзе ў аддаленні ад рэальнага дарослага свету дзеці могуць супакоіцца, быць у кантакце з сабой. Час буданоў на дрэве або ў лесе, напэўна, прайшоў. Цяпер для дзяцей гэта анлайн-групы. Але ёсць мноства магчымасцяў для зносін афлайн. І такое месца можа быць розным: гэта і скейт-парк, і зацішнае месца ў двары, і майстэрня ў школе. Ці змогуць школа і дзяржава забяспечыць дзецям магчымасць мець такія месцы без татальнага кантролю настаўнікаў, міліцыі або інспекцыі па справах непаўналетніх? Ці будзе ў дзяцей дастаткова часу, каб тусавацца, або трэба будзе толькі сядзець у ўроках?

Для дзіцяці вельмі важна мець аўтарытэтную постаць (гэта іншы дарослы) як суперэга, таму што іх уласныя механізмы самарэгуляцыі яшчэ недастаткова развітыя. Важна, каб гэты аўтарытэтны іншы быў паслядоўным, зразумелым і паважаў каштоўнасці канкрэтнай сям'і канкрэтнага дзіцяці. І іх, дарэчы, яны выбіраюць самі. Ці зможа школа і дзяржава дазволіць сабе справядлівых і міласэрных аўтарытэтных настаўнікаў, каб ствараць бяспечныя межы замест забаронаў і кантролю?

Дзеці 6−12 гадоў могуць лёгка стаць на шлях парушэння закона і дэманстраваць так званыя дэвіянтныя паводзіны. Ці змогуць школа і дзяржава зрабіць акцэнт не на пакаранні такога дзіцяці, таму што гэта выкліча толькі яшчэ больш віны і сораму, а на разуменні і вырашэнні ўнутранага канфлікту і праблемы, якія змушаюць дзіця да такіх сацыяльна небяспечных паводзінаў?

Дзеці маюць патрэбу у тым, каб гуляць адно з адным. Гэта фізічныя гульні — хто каго. Гэта адзіны спосаб навучыцца эмпатыі і таму, як жыць у сацыяльнай структуры і іерархіі, не прыносячы шкоды іншаму. Ці можна ў школе гуляць? Ці можа школа быць дзетаўстойлівай, калі актыўныя гульні дзяцей застаюцца бяспечнымі для іх і для навакольных?

Я думаю, што дзеці, якія вымушана пераходзяць з прыватных школ, змогуць адаптавацца. Свабодны чалавек і ў турме захавае сваё «я» і чалавечнасць. Але пытанне больш глабальнае. Ці можа «сучасная» беларуская школа даць нешта індывідуалізаванае і адпаведнае духу часу для дапамогі дзецям у іх развіцці? Не, у беларускай школы не дзіцячы твар, не дзіця там галоўнае.