Пяці фігурантам «справы ЧКБ» пракурор просіць па 12 гадоў калоніі. Прысуд будзе вынесены 17 студзеня, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Нагадаем, Мінскі гарадскі суд 12 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Судзяць «дыстанцыйна» 28-гадовую Яніну Сазановіч, 25-гадовага Данііла Багдановіча, 23-гадовую Вольгу Высоцкую, 21-гадовую Валерыю Занямонскую, а таксама 44-гадовага грамадскага дзеяча і журналіста, сузаснавальніка Sports.ru, выхадца з Беларусі Дзмітрыя Навошу. Іх абвінавачваюць у адміністраванні «Чорнай кнігі Беларусі» па двух артыкулах КК: ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 203−1 (незаконны збор і распаўсюд персанальных звестак).
Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой. Раней КДБ уключыў іх у «тэрарыстычны спіс».
Следчы камітэт пачаў працэс спецыяльнай вытворчасці па гэтай справе ў канцы верасня, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Што такое спецыяльная вытворчасць
Як тлумачаць на сайце СК, «спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». То-бок спецвытворчасць фактычна з’яўляецца першым крокам да ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвяшчэннем пра адкрыццё спецыяльнай вытворчасці СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзення следчых дзеянняў — публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства па цяперашнім законе лічыцца належным паведамленнем. Усіх іх чакаюць у Мінску ў Цэнтральным апараце СК на вуліцы Фрунзе, 19.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, завочна і нават асуджаць іх на расстрэл.