З пачатку лютага ў СІЗА на Валадарскага знаходзіцца намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнік Антон Чарамных. Пра гэта паведаміў 16 сакавіка праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Абставіны яго затрымання і падрабязнасці крымінальнай справы не паведамляюцца.
Год таму газета «Звязда» апублікавала рэпартаж з 120-й мехбрыгады, якая дыслакуецца ва Уруччы. Адным з герояў публікацыі быў і Антон Чарамных.
— Служыць да нас ідуць з ахвотай. Аднак аднаго жадання мала. Каб быць артылерыстам, неабходны матэматычны склад розуму. Невыпадкова да нас трапляюць маладыя людзі з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй. Шмат ахвочых служыць па кантракце. Прычым многія прызыўнікі выкарыстоўваюць сваё права адразу замест тэрміновай праходзіць кантрактную службу. І іх абсалютна не палохае, што служыць яны будуць не год-паўтара, як звычайна, а мінімум два, — сказаў афіцэр.