Начальнік штаба зенітных ракетных войскаў Беларусі Дзмітрый Панін расказаў, што яго падначаленыя гатовыя змагацца з ракетамі сістэм HIMARS. Ён заявіў, што амерыканскі ракетны комплекс «занадта разрэкламаваны», а яго снарады — гэта «звычайная балістычная цэль, якая мае свае асаблівасці». Насамрэч вайна ва Украіне паказала, што перахоп ракет «Хаймарса» — вельмі складаная справа. А склад і размяшчэнне сродкаў СПА Беларусі відавочна не дазволяць упэўнена абараняць ад такіх ракет нават самыя важныя аб’екты. Расказваем, у чым рэч.
Чаму перахоп ракет «Хаймарса» — няпростая справа
Ракеты GMLRS, якія выпускаюцца з РСЗА HIMARS, — адна з найбольш непрыемных цэляў для перахопу сродкамі супрацьпаветранай абароны. Па-першае, снарад вельмі маленькі: гэта «аловак» даўжынёй менш за 4 метры і дыяметрам крыху больш за 22 сантыметры. На радарах такая цэль будзе бачная нашмат горш, чым самалёт ці верталёт.
Па-другое, «Хаймарс» пускае GMLRS па вельмі крутой траекторыі. Гэта добра відаць на ўсіх відэа пускаў, якія з’яўляюцца ў сеціве.
На практыцы гэта азначае, што ракета падымаецца на велізарную вышыню — да 20 кіламетраў — і большую частку палёту знаходзіцца вельмі высока, а ў канцы амаль строма падае на цэль. Пры гэтым перад трапляннем боепрыпас карэктуецца па сігналах спадарожніка, то-бок дакладна разлічыць яе траекторыю вельмі няпроста.
Па-трэцяе, GMLRS звычайна не пускаюць па адной. Нават залп аднаго HIMARS — гэта шэсць ракет. Два — ужо 12, а на відэа вышэй можна назіраць залп з 24 ракет адразу. Для перахопу ўсіх GMLRS трэба выпусціць нават не столькі ж зенітных снарадаў, а больш (падрабязней раскажам ніжэй).
Па-чацвёртае, да цэлі ракеты амерыканскай РСЗА ляцяць вельмі і вельмі кароткі час. Пры хуткасці 2,5 Маха (то-бок у два з паловай разы хутчэй чым гук, прыкладна 3000 кіламетраў у гадзіну), нават калі пускаць ракету на максімальную далёкасць 80 кіламетраў, яна правядзе ў палёце каля 100 секунд. Роўна столькі ёсць у экіпажа зенітнага комплексу, каб засекчы GMLRS, вылічыць каардынаты і збіць яе — і тое толькі ў выпадку, калі ўдалося зафіксаваць сам пуск ракет.
Расійская СПА ў асноўным спрабавала збіваць ракеты HIMARS зенітнымі ракетна-гарматнымі комплексамі «Панцыр» — дапамагала слаба. Спачатку сістэмы залпавага агню знішчылі дзясяткі складоў з боепрыпасамі мінулым летам — абараніць іх не атрымалася нічым (але тады барацьба са снарадамі «Хаймарсаў» для СПА Расіі была яшчэ новай, а прыкрыць буйныя аб’екты па ўсёй лініі фронту цяжка).
Пазней высветлілася, што комплексы супрацьпаветранай абароны не забяспечваюць надзейнага «купала» нават над адзіночнай цэллю.
Напрыклад, нягледзячы на ўсе спробы абараніць сваімі ЗРК стратэгічна важны Антонаўскі мост, яго так і не атрымалася прыкрыць — у выніку яго, моцна пашкоджаны, узарвалі самі расіяне, адыходзячы ў лістападзе 2022 года з Херсона. А пад Новы год ракета «Хаймарса» літаральна «склала» будынак ПТВ, у якім размяшчаліся мабілізаваныя (і, мабыць, таксама складваліся боепрыпасы), дзясяткі, калі не сотні, загінулі. СПА не дапамагла.
Што ў Беларусі ёсць для перахопу ракет HIMARS?
Мы ўжо апісвалі падрабязна сістэму наземнай супрацьпаветранай абароны Беларусі — яна ўключае СПА краіны і вайсковую СПА. Першая ахоўвае важныя аб’екты накшталт Мінска ці Астравецкай АЭС, другая прызначаная для абароны армейскіх цэляў.
Абсалютна ўсе зенітныя комплексы вайсковай СПА — «Аса-АКМ», «Страла-10» і «Тунгуска» — моцна састарэлі, маюць малую далёкасць і вышыню паражэння цэляў і не здольныя перахапіць ракету GMLRS, выпушчаную з HIMARS. За больш чым год поўнамаштабнай вайны ва Украіне ніводнага выпадку перахопу амерыканскага боепрыпасу любым з гэтых комплексаў не зафіксавалі.
Застаюцца комплексы, якія складаюць СПА краіны. У Беларусі на баявым дзяжурстве стаяць тры такія сістэмы. Першая з іх — самы масавы зенітны комплекс беларускай супрацьпаветранай абароны С-300ПС/ПТ. Гэтая сістэма далёкага радыусу дзеяння, ракеты якой здольныя біць цэль на адлегласці да 75 кіламетраў. Боепрыпасы для С-300 значна складанейшыя і даражэйшыя, чым GMLRS, — кошт адной ракеты можа даходзіць да мільёна даляраў, у той час як GMLRS па стане на 2023 год ацэньваецца прыкладна ў 167 000 даляраў. Хуткасць такой ракеты ў паўтара разу вышэйшая, чым у GMLRS, і тэарэтычна комплекс здольны збіць боепрыпас амерыканскай РСЗА.
Аднак рэч нават не ў дарагоўлі. Па-першае, ніякай упэўненасці ў тым, што С-300 наогул здольныя збіваць ракеты сістэм залпавага агню, няма. Хоць той жа Антонаўскі мост у Херсоне (які доўгі час абстрэльвалі якраз «Хаймарсы») быў для расійскага войска ключавым па важнасці, С-300 ні разу не засвяціліся на перахопах у гэтым рэгіёне. Пры гэтым недахопу ракет да гэтых сістэм у расіян хутчэй за ўсё няма, УС РФ ахвотна выкарыстоўваюць боепрыпасы да С-300 для удараў па наземных цэлях, часта трапляючы ў мірных грамадзян.
Аднак нават калі дапусціць, што адзін з 16 наяўных у Беларусі дывізіёнаў «трохсотых» аддалі спецыяльна для перахопу GMLRS, ён наўрад ці ўдасца. Хоць у кожным дывізіёне 12 пускавых установак і 48 ракет, адначасова комплекс можа страляць толькі па шасці цэлях. Гэта значыць, што за залп падраздзяленне не зможа збіць больш за шэсць GMLRS, то-бок адзін пакет «Хаймарса».
Ужо адначасовы пуск 12 ракет з дзвюх HIMARS (або адной MLRS з удвая большым боезапасам) змушае зенітчыкаў цягам менш чым дзвюх хвілін рабіць два залпы. Гэта практычна немагчыма. Таму выкарыстоўваць С-300 супраць HIMARS атрымаецца хіба што ў якасці жэсту адчаю, калі больш страляць няма чым.
Другая сістэма, С-400, можа быць выкарыстаная супраць GMLRS з яшчэ меншай імавернасцю. Кошт яе каласальны (каля 500 мільёнаў даляраў за дывізіён), і выкарыстоўваць відавочна нешматлікія дарагія ракеты, спрабуючы збіць снарады сістэмы залпавага агню, падаецца бессэнсоўным. Адкрытых звестак пра кошт ракет для С-400 няма, аднак гэтыя снарады значна сучаснейшыя за тыя, што выкарыстоўвае С-300, а значыць, і даражэйшыя.
Трэці і апошні комплекс, якім СПА Беларусі можа паспрабаваць збіць снарады РСЗА HIMARS — «Тор-М2К «блізкага радыусу дзеяння. У адрозненне ад іншых, гэтая сістэма ўжо выкарыстоўвалася для спробаў перахопу GMLRS падчас вайны ва Украіне.
Зенітна-ракетны комплекс «Тор» розных версій — адна з найлепшых у свеце супрацьпаветраных сістэм блізкага радыусу. Ён узбройваецца васьмю ракетамі з вертыкальным пускам — комплекс можа адбіваць атакі з любога боку, калі экіпаж своечасова іх заўважыць. У боекамплекце кожнага «Тора-М2К» восем ракет, адначасова ён можа абстрэльваць чатыры цэлі.
Паколькі ніякая зенітная сістэма не гарантуе стоадсоткавую імавернасць паражэння, па кожнай ракеце «Хаймарса» давядзецца выпускаць па дзве сваіх (то-бок спусташаць боекамплект цалкам і пачынаць перазарадку). Праўда, заўважыць GMLRS падчас пуску экіпажы не змогуць: радар «Тора» скануе прастору на далёкасць 25 кіламетраў, то-бок на яго экране ракеты з’явяцца толькі ў апошнія секунды перад трапляннем.
Хутчэй за ўсё, менавіта «Торы» меў на ўвазе Дзмітрый Панін, калі сказаў, што на расійскім палігоне Ашулук беларускія зенітчыкі «неаднаразова выконвалі задачы па цэлях, якія імітавалі працу HIMARS». Прынамсі, летам мінулага года беларускія «Тор-М2К» ездзілі на вучэнні менавіта туды.
У Беларусі ёсць шэсць батарэй «Тораў», то-бок прыкладна 24 машыны. Як мінімум пяць дыслакуюцца ў раёне Астравецкай АЭС. Мабыць, на гэтай тэрыторыі пры ідэальных умовах можна паспрабаваць перахапіць залп HIMARS. Праўда, незразумела, чыіх — Украіна ад Астраўца вельмі далёка, Польшча размесціць свае HIMARS у Ольштыне, за пару сотняў кіламетраў ад мяжы Беларусі, Літва такіх сістэмам не мае.
Аднак ідэальных умоваў не існуе. Для гарантаванага перахопу трэба, каб экіпаж кожнай машыны ніколі не спаў і не памыляўся альбо быў заменены разумнай аўтаматыкай, радары комплексу працавалі кругласутачна (што вельмі хутка прывяло б да вычарпання рэсурсу) або пазменна (то-бок адначасова будзе дзяжурыць толькі частка машын), а прыняцце рашэння на пуск не трэба было б ні з кім узгадняць.

У рэальнасці нічога гэтага няма. «Тор» вельмі залежыць ад чалавечага фактару, і гэта праверана сумным досведам. У студзені 2020 года экіпаж такога комплексу, які належыць Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана, прыняў за крылатую ракету і збіў украінскі «Боінг-737». Адзначаецца, што прычынай стаў «чалавечы фактар», а вайсковец, які аддаў загад на пуск, спачатку спрабаваў узгадніць яго з начальствам, але падвяла сувязь.
Улічваючы, што пытанні доўгага ўзгаднення не па чутках знаёмыя беларускім зенітчыкам (у 2012 годзе менавіта праз іх адбыўся «плюшавы дэсант», а сур’ёзных вайсковых рэформаў з таго часу не было), Беларусь наўрад ці ў гэтым плане вылучаецца ў лепшы бок.
Словам, заявы пра гатоўнасць перахопліваць ракеты «занадта разрэкламаванага HIMARS» варта расцэньваць як браваду. У рэальнасці для невялікай беларускай СПА гэта немагчыма. Расія, здаецца, таксама не справілася.
Чытайце таксама


