Улады Беларусі падрыхтавалі законапраект пра змены ў заканадаўства што да пытанняў выканання пакаранняў. Папраўкі прапануецца ўнесці ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы. Гэта істотна паўплывае на жыццё дзясяткаў тысяч беларусаў — асуджаных, у тым ліку палітвязняў, іх блізкіх і нават тых, хто нядаўна выйшаў на волю. Расказваем пра асноўныя змены, якія збіраюцца прыняць.
Смяротнікі
Згодна з праектам, у Крымінальна-выканаўчы кодэкс унясуць папраўку ў артыкул 174 пра асаблівыя правы і абавязкі асуджаных на смяротнае пакаранне, якіх трымаюць у СІЗА.
Не, у смяротнікаў не з’явіцца права на апошні пасілак, які гатуюць на іх замову, як у ЗША. Спіс іх правоў не пашыраецца ніяк. Але ўводзіцца новае правіла: у адрозненне ад іншых вязняў у СІЗА, якія апранаюцца ва ўласныя рэчы, асуджаныя на пакаранне смерцю будуць абавязаныя насіць «вопратку спецыяльнага ўзору», які вызначыць МУС.
Арышт
Крымінальнае пакаранне ў выглядзе арышту адбываюць у ІЧУ або дамах арышту, яно не можа перавышаць трох месяцаў. Паводле дзейнага заканадаўства, асуджаных мусяць адпраўляць у дом арышту, найбліжэйшы да іх месца жыхарства. Праект прапануе гэтае патрабаванне зняць — тады асуджаных змогуць трымаць хоць на іншым канцы краіны.
Але ёсць і станоўчае новаўвядзенне. Асуджаным на арышт дазволяць адно кароткатэрміновае спатканне з блізкімі сваякамі. Яно будзе магчымае ў кароткі перыяд паміж заканчэннем суда і адпраўкай у месца адбыцця пакарання.
Калоніі
Значныя змены прадугледжаныя ў правілах знаходжання асуджаных у калоніях.
Колькасць рэчавых пасылак, якія могуць атрымліваць асуджаныя ў калоніях, праект прапануе павялічыць з 1 да 2 у год.
За спатканні з блізкімі давядзецца плаціць. У артыкул 23 КВК дадаецца такое палажэнне: «Асуджаныя і (або) грамадзяне, якія прыбылі да іх на спатканне, кампенсуюць выдаткі па пражыванні ў памяшканнях папраўчых установаў, прызначаных для працяглых спатканняў, у памеры і парадку, устаноўленымі МУС пасля ўзгаднення з Міністэрствам фінансаў».
Кароткатэрміновае спатканне можна будзе замяніць на званок па відэасувязі працягласцю да 60 хвілін (звычайныя званкі не перавышаюць 15 хвілін).
Блізкія сваякі асуджаных змогуць замест належных пасылак купіць для іх на тую ж вагу прадукты і прадметы першай неабходнасці ў краме пры калоніі. З дазволу начальніка калоніі гэта змогуць зрабіць і тыя, хто блізкім сваяком не з’яўляецца.
Згодна з праектам, пры калоніях можна будзе ствараць новыя структурныя падраздзяленні — рэабілітацыйныя цэнтры для тых, хто залежны ад алкаголю і наркотыкаў і мае патрэбу ў комплекснай медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі. Пры неабходнасці асуджаных будуць часова пераводзіць туды на лячэнне.
Асуджаных, якія працуюць у калоніі, пачнуць страхаваць ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. На гэты момант зняволеныя, што працуюць, падлягаюць толькі абавязковаму сацстрахаванню.
Жанчыны-асуджаныя, чые дзеці знаходзяцца ў доме маці і дзіцяці пры калоніі, пры жаданні могуць быць пераведзеныя на няпоўны працоўны дзень.
Змененыя крытэры, паводле якіх асуджаны лічыцца тым, што стаў на шлях выпраўлення (а ад гэтага статусу залежыць магчымасць датэрміновага вызвалення або замены неадбытай часткі пакарання мякчэйшым). Цяпер будуць ацэньвацца не толькі паводзіны зняволенага, адсутнасць парушэнняў, але і тое, як ён ставіцца да здзейсненага злачынства, ці прызнае віну, ці ліквідаваў наступствы злачынства. Акрамя таго, асуджаны мусіць даць «гарантыі правапаслухмянага ладу жыцця пасля вызвалення».
Тэрміны ў ШІЗА
І ў калоніях, і ў папраўчых установах адкрытага тыпу зняволеных могуць адправіць у штрафны ізалятар, калі яны, на думку адміністрацыі, здзейснілі парушэнне. Гэта называецца «дысцыплінарная ізаляцыя».
На гэты момант адміністрацыя можа прызначыць такую ізаляцыю не больш чым на 10 сутак па адным спагнанні.
Згодна з праектам, гэты тэрмін будзе павялічаны да 15 сутак.
Насамрэч многія палітвязні месяцамі знаходзяцца ў ШІЗА: адміністрацыя папросту залічвае ім усё новыя і новыя нібыта дапушчаныя парушэнні. Пасля прыняцця паправак зменіцца ў такіх выпадках адно: адміністрацыі радзей трэба будзе афармляць паперы на ШІЗА.
«Хімія»
Шмат новаўвядзенняў датычыць папраўчых установаў адкрытага тыпу (ПУАТ) — так званай «хіміі», дзе адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.
Харчаванне
Адміністрацыя мусіць будзе забяспечваць наборам прадуктаў тых асуджаных, у каго няма сваіх грошай, каб купіць ежу. Кошт у іх потым аднімуць ад заробку. За свае грошы асуджаныя ў ПУАТ харчуюцца і гатуюць сабе самі. Бывае, чалавеку доўга не могуць знайсці працу, грошай у яго няма, і ён вымушаны галадаць — пра такія выпадкі расказвалі палітвязні.
Паборы
Згодна з праектам, адміністрацыя ПУАТ атрымае права бязвыплатна браць з асуджаных і «іншых фізічных асобаў» (напрыклад, сваякоў) грошы і маёмасць для «паляпшэння жыллёва-бытавых умоваў асуджаных і аказання ім матэрыяльнай дапамогі». Прасцей кажучы, гэтая папраўка ўзаконіць паборы з асуджаных «на рамонт». Раней праваабаронцы паведамлялі, што такое ўжо адбываецца ў некаторых калоніях: ад асуджаных патрабуюць, каб яны прасілі сваякоў пераводзіць на рахунак калоніі бязвыплатныя ахвяраванні.
Гурткі і клубы
У выпадку прыняцця праекта на «хіміі» дазволяць самадзейнасць асуджаных. Пакуль што асуджаным можна ствараць арганізацыі самадзейнасці толькі ў калоніях.
Праца
Усе, хто знаходзіцца на «хіміі», абавязаныя працаваць — іх працаўладкоўваюць або прапануюць шукаць працу самім. На гэты момант працадаўца фактычна ніяк не можа звольніць такіх супрацоўнікаў — толькі калі чалавек не можа працаваць з прычыны нездароўя. Але праект уводзіць падставы для звальнення: беспрычынны прагул (дастаткова адсутнасці больш чым тры гадзіны) і з’яўленне на працы ў стане ап’янення або ўжыванне на працоўным месцы.
Пры гэтым усе арганізацыі і ІП, якія ўзялі на працу або навучанне «хімікаў», мусяць будуць штомесяц даваць справаздачу за іх у крымінальна-выканаўчую інспекцыю: паведамляць, як яны працуюць і выконваюць дысцыпліну, перадаваць табель працоўнага часу і звесткі пра наведванне заняткаў, а таксама паведамляць пра заахвочванні і спагнанні, пра перавод на працу і звальненне цягам трох дзён.
Што важна, абодва гэтыя новаўвядзенні датычаць не толькі тых, хто адбывае абмежаванне волі ў ПУАТ, але і тых, хто на «хатняй хіміі».
Вызваленне
Паводле дзейнага заканадаўства, калі асуджаны падчас «хіміі» атрымаў інваліднасць І ці ІІ групы, адміністрацыя мусіць накіраваць у суд паперы на яго датэрміновае вызваленне. Тое ж датычыць цяжарных з моманту наступлення адпачынку па цяжарнасці і родах.
Праект прадугледжвае змену гэтых працэдур. Такіх асуджаных неабавязкова будуць вызваляць — могуць і перавесці на «хатнюю хімію».
Аднак гэтае правіла будзе распаўсюджвацца на інвалідаў не толькі І І ІІ, але і ІІІ групы. А цяжарным неабавязкова трэба будзе чакаць пачатку адпачынку — іх змогуць вызваліць або перавесці і раней.
Умоўна-датэрміновае
Уводзіцца магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення не толькі ад пазбаўлення або абмежавання волі, але і ад такога віду пакарання, як пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю і займаць пэўныя пасады.
У выпадку ўмоўна-датэрміновага вызвалення чалавека могуць абавязаць адзначацца ў міліцыі, уладкавацца на працу, не пакідаць дому ў пэўны час і не хадзіць у пэўныя месцы, не мяняць месца жыхарства і не выязджаць надоўга з горада без згоды міліцыі.
Калі раней усе гэтыя абмежаванні можна было накласці толькі на тых, хто быў асуджаны на пазбаўленне волі, то пасля прыняцця праекта — і на тых, каго ўмоўна-датэрмінова вызвалілі ад любых іншых пакаранняў: абмежавання свабоды, права займаць пэўныя пасады і гэтак далей.
Прэвентыўны нагляд
Прэвентыўны нагляд можа быць уведзены для людзей, якія выйшлі з калоній, з мэтай «прафілактычнага ўздзеяння». На гэты момант паднаглядны абавязаны стаць на ўлік у міліцыі і адзначацца там рэгулярна — 1−4 разы на месяц. Таксама ён мусіць паведамляць у міліцыю пра змену месца жыхарства.
Згодна з праектам, цяпер паведамляць пра гэта трэба будзе пісьмова і абавязкова не пазней за дзень пераезду.
Таксама паднагляднаму могуць забараніць выходзіць з дому ў пэўны час, наведваць пэўныя месцы, выязджаць за межы горада без згоды міліцыі, пакідаць краіну.
Паводле праекта, да гэтага пераліку дадасца яшчэ адзін пункт: «працаваць па працоўнай дамове (вучыцца) або ажыццяўляць іншы від дзейнасці, прадугледжаны заканадаўствам аб занятасці насельніцтва». Такое патрабаванне суд не можа ўвесці толькі пенсіянерам, інвалідам I і II групы, беспрацоўным з сухотамі, цяжарным і бацькам, якія даглядаюць дзіця да 3 гадоў, дзіця-інваліда або дзіця з ВІЧ/СНІД.
Усе астатнія, каго на прэвентыўным наглядзе абавяжуць працаваць, маюць права самі ўладкавацца на працу цягам 15 дзён. Інакш іх накіруюць у цэнтр занятасці, і адмовіцца ад прапанаванай там працы будзе нельга. Паднаглядныя будуць абавязаныя паведамляць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю (КВІ) пра паступленне на працу або навучанне і звальненне (адлічэнне), змену месца працы (навучання) пісьмова цягам трох дзён.
У сваю чаргу, дадаецца праблем і тым, хто возьме паднаглядных на працу або навучанне. Арганізацыі, прадпрыемствы і нават ІП мусяць будуць на першае патрабаванне даць у інспекцыю справаздачу пра тое, як чалавек працуе, ці выконвае дысцыпліну, падаць табель яго працоўнага часу або наведвання заняткаў. Таксама трэба будзе паведаміць у інспекцыю пра звальненне або перавод паднагляднага на іншую працу цягам трох дзён.
Такім чынам, правілы прэвентыўнага нагляду становяцца больш жорсткімі. Адсутнасць працы, не адпраўленае своечасова паведамленне — усё гэта будзе парушэннем правілаў нагляду.
А за парушэнне прадугледжаная спачатку адміністрацыйная (на першыя два разы), а потым і крымінальная адказнасць — арышт або да года пазбаўлення волі. А за ўхіленне ад нагляду — да двух гадоў калоніі.
Прэвентыўны нагляд абавязкова прызначаюць, напрыклад, асабліва небяспечным рэцыдывістам і тым, хто здзейсніў злачынства ў арганізаванай групе. Увесці нагляд могуць і над тымі, каго судзілі за цяжкае (з санкцыяй артыкула да 12 гадоў пазбаўлення волі) або асабліва цяжкае злачынства. Тэрмін нагляду можа быць ад паўгода і да канца тэрміну судзімасці — а гэта ад 2 да 8 гадоў у залежнасці ад цяжкасці злачынства.
Трапляюць пад прэвентыўны нагляд і некаторыя былыя палітвязні. І гэта пагражае ім новым зняволеннем.
Дапамога псіхолага
Праект прадугледжвае павелічэнне даступнасці псіхалагічнай дапамогі для асуджаных. Цяпер яна ёсць (хаця б фармальна) толькі ў калоніях. А згодна з папраўкамі, псіхалагічная дапамога будзе даступная асуджаным па іх жаданні і ў выпадку іншых відаў пакарання — абмежавання свабоды, папраўчых і грамадскіх работ, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і іншых. Акрамя таго, дапамогу псіхолага змогуць атрымаць і тыя, каму далі адтэрміноўку ад выканання пакарання.
Пры гэтым у калоніях псіхалагічнай дапамогі можна будзе папрасіць не толькі для адаптацыі, пераадолення канфліктаў і «адмоўных установак асобы», але і для падрыхтоўкі да вызвалення.
Законапраект нядаўна быў унесены Саўмінам у Палату прадстаўнікоў і цяпер рыхтуецца да першага чытання. Пасля яго прыняцця і падпісання асноўныя палажэнні закона ўступяць у сілу праз паўгода.