Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, жыве за мяжой 23 гады. Боль за бацьку не сунімаецца. Яна ўспамінае пра адносіны ў сям'і: «Маці першай садзілася ў машыну, бо лічыла, што ў ёй можа быць выбухоўка». У вялікім інтэрв'ю «Нашай Ніве» Алена дзеліцца ўспамінамі пра перажытае, расказвае, як склаўся яе лёс, і разважае пра суд над былым спецназаўцам Гараўскім, які ўдзельнічаў у выкраданні яе бацькі.
«Мы жывём не сваім жыццём»
Алена Захаранка з малодшай сястрой, маці і сынам пакінулі Беларусь 4 ліпеня 2000 года. Яна кажа, што выправілася ў Германію, каб расказаць пра бясчынствы рэжыму Лукашэнкі. А таксама таму, што на радзіме яны былі неабароненыя.
— Мы засталіся адны без магчымасці адшукаць бацьку, — расказвае суразмоўніца.
Родныя зніклага, як тады лічылі, Юрыя Захаранкі хацелі перачакаць на чужыне стан няпэўнасці. Заставацца там надоўга не збіраліся і нават мелі білеты назад. Яны спадзяваліся, што ён утрымліваецца ў турме КДБ, а ім наўмысна не паведамляюць пра гэта. Верыць у найгоршае адмаўляліся. Спробы высветліць лёс мужа і бацькі не давалі плёну.
Паводле Алены, у замежжы ёй стала вядома, што на радзіме супраць яе распачатая крымінальная справа за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Пакаранне паводле інкрымінаванага артыкула прадугледжвала да 5 гадоў зняволення. Гэтая акалічнасць змяніла планы наконт вяртання. Так сям’я Захаранкаў засталася ў эміграцыі.
— Самае страшнае пакаранне для чалавека — стан невядомасці, — расказвае Алена. — Людзі, якія вымушана выязджаюць за мяжу, пакутуюць заўсёды. Настальгія вельмі цяжка пераносіцца. Мы пастаянна жывём з верай, што некалі вернемся на радзіму. Аднак мінула столькі гадоў, а сітуацыя толькі пагаршаецца.
Алена добра гаворыць па-нямецку, працуе прадаўцом у краме, у вольны час грае на піяніна, ходзіць у царкву. Яе малодшая сястра Юлія на чужыне нарадзіла сына. Спакойным жыццё ў эміграцыі яна назваць не можа. Яна хоча вярнуцца ў Беларусь, але не ведае, што будзе адчуваць на радзіме, дзе ўсё звязанае з трагедыяй яе сям'і. Тое, што рэжым зрабіў з бацькам, зламала іх жыццё.
— Цяпер мы жывём не сваім жыццём, — тлумачыць беларуска. — Мы не змаглі стаць тымі, кім хацелі. Наш боль перашкаджае нам жыць. На ўсё, што адбываецца навокал, я гляджу праз прызму свайго мінулага. Мае думкі заўжды вяртаюцца ў той час, калі быў забіты тата.
Алена хоча адведаць магілы блізкіх і выбачыцца, што столькі гадоў не была ў іх. Яна дакарае сябе, што не змагла пахаваць сваю бабулю, бацькаву маці — Ульяну Рыгораўну. На відэа бачыла, як неслі яе труну.
— Яна прасіла прыехаць, каб нас абняць, і штораз паўтарала: «Прыедзь хаця б на секундачку». Гэтыя словы праходзілі праз мяне 17 гадоў. Ізаляцыя ад нашых абавязкаў — самае цяжкае ў эміграцыі.
«Калі тата выходзіў з дому, мы яму званілі кожныя 10 хвілін»
Юрый Захаранка быў у камандзе Лукашэнкі, калі той у 1994 годзе балатаваўся ў прэзідэнты. Пазней стаў міністрам унутраных справаў, яму надалі званне генерал-маёра. Кіраўніком сілавога ведамства Захаранка прабыў да кастрычніка 1995 года.
За час яго знаходжання на міністэрскай пасадзе супрацоўнікі міліцыі збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія абвясцілі галадоўку супраць абвешчанага Лукашэнкам рэферэндуму, а таксама разагналі страйк метрапалітэнаўцаў.
Алена прызнаецца, што яе бацька не адразу распазнаў, хто такі Лукашэнка. Людзі-хамелеоны ўмела змяняюцца ў залежнасці ад сітуацыі, падкрэслівае яна.
Захаранка адзначае, што простыя людзі верылі Лукашэнку, бо ён умеў гаварыць на іх мове, ведаў, чаго ім не хапае.
— Такія людзі ў залежнасці ад сітуацыі працуюць добра для выканання сваіх задач, — лічыць яна.
Захаранка адзначае, што пасля Лукашэнка навучыўся хаваць сваё сапраўднае аблічча, але яе сям’я ведае, што ён з сябе ўяўляе, бо сутыкнуліся з яго сістэмай непасрэдна. Прозвішча «Лукашэнка» ў Алены звязанае з болем, зверствам і нялюдскасцю.
— А яшчэ са страхам, — дадае яна. — Яму не ўласцівыя спачуванне і спагада.

Юрый Захаранка стаў адным з заўважных апазіцыйных палітыкаў. Быў сярод арганізатараў I Кангрэса дэмакратычных сілаў, які прайшоў напярэдадні рэферэндуму 1996 года. Пазней узначальваў камітэт па бяспецы ў складзе «ценевага ўрада».
47-гадовы Юрый Захаранка быў выкрадзены 7 траўня 1999 года.
— Мы ведалі, што з татам нешта здарыцца, але ён нас супакойваў, не хацеў траўмаваць, — згадвае дачка палітыка. — Тады ўжо былі першыя сотавыя тэлефоны, і, калі тата выходзіў з дому, мы яму званілі практычна кожныя 10 хвілін. Усе былі вельмі напружаныя. Яму тэлефанавалі простыя людзі і папярэджвалі, што яго не пакінуць у спакоі.
Родныя Захаранкі былі ўпэўненыя, што яго не наважацца забіць, хіба кінуць у турму.
«Некаторыя бацькавы сябры казалі, каб мы іх не турбавалі»
Незадоўга да знікнення, згадвае Алена Захаранка, бацька наведаў мінскі офіс АБСЕ, дзе расказваў, што за ім сочаць супрацоўнікі спецслужбаў. Прасіў дапамагчы блізкім, калі з ім нешта здарыцца.
— Ён не пайшоў у дзяржаўныя структуры па дапамогу, бо ведаў, хто сочыць за ім, як выявілася, гэта былі забойцы, — гаворыць Захаранка.
Яна кажа, што паміж бацькамі была моцная эмацыйная сувязь. Маці першай сядала ў машыну, бо лічыла, што ў ёй можа быць падкладзеная выбухоўка. Калі бацька спаў, правярала, ці дыхае ён.
— Тата пра маму казаў: «Вольга, ты мой самы верны паплечнік і баявая адзінка», — згадвае Алена.
Яна кажа, што супраць бацькі была распачатая крымінальная справа за тое, што ён нібы выступаў у Міністэрстве ўнутраных справаў і заклікаў супрацоўнікаў не выконваць незаконныя загады. Даводзіў ім, што яны за гэта адкажуць.
— Яго абвінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў дзейнасці праваахоўных органаў, — згадвае Алена.
Паводле яе, экс-міністру былыя падначаленыя прапаноўвалі дапамагчы ўцячы з Беларусі, але ён адмаўляўся. Казаў, што нічога злачыннага не зрабіў і будзе хадзіць з годна ўзнятай галавою. Так ён бараніў законнасць у Беларусі, гаворыць Алена. Яна прызнаецца: калі бацька знік, сям’я аказаліся ізаляваная. Некаторыя бацькавы сябры казалі, каб іх не турбавалі, інакш з імі адбудзецца тое самае. Дапамогі не было ад каго чакаць.
— Мы пабачылі сапраўднае аблічча яго і нашага атачэння. Як людзі могуць здраджваць, — адзначае Алена Захаранка.
Тым часам, кажа яна, рэжым рабіў захады, каб грамадства засумнявалася ў праўдзівасці фактаў пра тое, што здарылася з палітыкамі. Дзяржаўныя медыя спрабавалі запэўніць беларусаў, што тыя жывыя і знаходзяцца за межамі Беларусі. Родным Захаранкі даводзілася нават настойваць на абвяржэнні гэтага ў адной з нямецкіх газет. Гэта было ў 2001 годзе.
— У газеце з’явіўся артыкул, у якім сцвярджалася, што ёсць сведкі, якія бачылі жывым майго бацьку і што ён з сям’ёй. Мама хадзіла да рэдактара гэтай газеты, і потым ён напісаў абвяржэнне. Гэта быў заказны артыкул, каб тыя, хто цікавіцца гэтай тэмай, думалі, што палітыкі не былі выкрадзеныя, а збеглі і жывуць бесклапотна, — расказвае Алена Захаранка.
Яна кажа, што ўлада дагэтуль стараецца не згадваць балючую для яе тэму выкрадзеных, а потым забітых палітыкаў. Рэжым робіць выгляд, што працэсу супраць Гараўскага няма. Следчыя органы абстрагуюцца ад гэтай сітуацыі.
У перыяды так званай лібералізацыі тэма зніклых палітыкаў страчвала актуальнасць і з часам перастала ўяўляць небяспеку для Лукашэнкі. У апазіцыйным асяроддзі іх лёс згадваўся пераважна ў гадавіну выкрадання. Працэс Гараўскага актуалізаваў гэтую тэму.
— Я абавязаная расказаць усім, што адбывалася ў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў: пра ахвяраў рэжыму, як яны аддавалі жыццё за праўду і будаўніцтва прававой дзяржавы, — даводзіць Алена Захаранка.
«Паважаю тое, што робіць цяпер Гараўскі…»
Праз чатыры месяцы пасля таго, як перарвалася сувязь родных з Юрыем Захаранкам, была распачатая крымінальная справа па факце яго забойства паводле артыкула «Наўмыснае забойства». За дзень да гэтага, 16 верасня 1999 года, зніклі былы віцэ-прэмʼер Віктар Ганчар і ягоны сябра-бізнесовец Анатоль Красоўскі.
За доўгія гады афіцыйнае следства па справах зніклых палітыкаў так нікуды і не прасунулася. Справы прыпынялі, закрывалі, распачыналі зноў. Юрыя Захаранку адмаўляліся прызнаць памерлым.
Як кажа Алена, сям’я перастала верыць, што Захаранка жывы пасля таго, як стала вядома пра рапарт Мікалая Лапаціка. У ім было названае імя забойцы.
— Тады мы зразумелі, што гэтая інфармацыя сур’ёзная. З таго моманту ў нас не было надзеі, што бацька жывы, — адзначае Алена.
У 2000 годзе начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Мікалай Лапацік напісаў міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву рапарт, з якога вынікала, што выкраданнем і забойствам палітыкаў займалася група байцоў 1-й роты спецназа, якой кіраваў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Паўлічэнка. Яго групу пасля гэтага пачалі называць «эскадронам смерці».
У рапарце выказвалася меркаванне, што загад пра забойства палітыкаў паступіў ад тагачаснага памочніка Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы Віктара Шэймана. Міністр унутраных справаў Юрый Сівакоў загадаў кіраўніку следчага ізалятара № 1 Алегу Алкаеву выдаць Паўлічэнку пісталет, якім забівалі асуджаных на смяротнае пакаранне. Ім і забівалі выкрадзеных палітыкаў.
Цела Захаранкі было спаленае ў крэматорыі Паўночных могілак Мінска. Тры гады таму Юрый Гараўскі падчас сустрэчы з Аленай паведаміў ёй месца, дзе быў высыпаны прах бацькі.
— У мяне ёсць аркушык, на якім Гараўскі ўласнаручна намаляваў тое месца, — адзначае яна.
Імя таго, хто страляў у спіну Юрыю Захаранку, Гараўскі таксама назваў. І паўтарыў яго ў швейцарскім судзе.
— Гэта грамадзянін Паўлічэнка. Абсалютна безэмацыйная, абыякавая да ўсяго асоба, у якой адсутнічаюць хоць якія станоўчыя чалавечыя якасці, — кажа дачка Захаранкі.
Працэс праходзіў у судзе кантона Санкт-Гален. 28 верасня мусіць быць агучаны прысуд.
Суд над былым удзельнікам «эскадрона смерці» для сям'і Захаранкі вельмі важны. Алена паважае тое, што робіць цяпер Гараўскі. Ён расказаў праўду пра апошнія гадзіны бацькавага жыцця.
— Я ведала, калі тата быў выкрадзены, але не ведала, як і калі яго забівалі, — адзначае Алена. — Апошнімі яго словамі, як сцвярджае Гараўскі, былі «зрабіце гэта хутка, без болю».
Паводле Алены Захаранка, на працэсе не згадваўся Лукашэнка. Але яна лічыць, што гэта ён стаіць за забойствам, што менавіта гэта вынікае з паказанняў Гараўскага. Сілавікі, якія забівалі палітыкаў, былі супрацоўнікамі дзяржаўнага апарата, які непасрэдна падпарадкоўваўся Лукашэнку.
«Гараўскі выглядае абсалютна прыгнечаным чалавекам»
Тое, што Юрый Гараўскі казаў на судзе, не было для Алены Захаранка адкрыццём. Многае з пачутага ён ужо апавядаў ёй у 2020 годзе падчас асабістай сустрэчы. Некаторыя паказанні падсудны змяніў, заўважае яна. Напрыклад, раней Гараўскі казаў, што ён падаў Паўлічэнку пісталет, а ў судзе заявіў, што Паўлічэнка сам узяў яго.
— Відаць, гэтак Гараўскі хоча рэабілітаваць сябе, — мяркуе Алена. — Адвесці ад сябе віну, маўляў, ён толькі затрымліваў і не ведаў пра тое, што адбудзецца далей. Яму як салдату неабходна было выканаць загад, а Паўлічэнка з набліжанымі рабілі свае злачынныя справы і не інфармавалі іншых удзельнікаў пра свае намеры.
Захаранка кажа, што за тры гады Гараўскі вельмі змяніўся. Цяпер гэта «абсалютна прыгнечаны чалавек, у якога няма будучыні, які плыве па цячэнні свайго лёсу».
У судзе Алена сядзела за ім і не бачыла яго твару, рэакцыі на пытанні, жэстыкуляцыі. Яна ўяўляла, як бацьку затрымлівалі, кідалі на зямлю, і тады ёй станавілася блага.
— Я пачынала плакаць і старалася ўтаймаваць свае думкі, бо іначай не даседзела б да сканчэння суда. Эмацыйна б не вытрымала. Вельмі цяжка было ўваходзіць у мінулае, — расказвае дачка забітага палітыка.
Юрый Гараўскі выбачыўся перад блізкімі і сваякамі забітых. На судзе так трэба зрабіць, каб засведчыць раскаянне і магчы разлічваць на мякчэйшае пакаранне. На думку Алены, з узростам, а пагатоў калі чалавек трапляе ў свабоднае грамадства, міжволі адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў.
— Магчыма, яму стала больш зразумелая яго віна ва ўдзеле ў забойстве людзей. Цяпер Гараўскі жыве ў цывілізаваным грамадстве, дзе існуе права, закон, людзі ведаюць, што дзяржава іх абароніць, і бачыць розніцу з тым грамадствам, у якім жыў раней, — разважае Захаранка.
На яе думку, судовы працэс над Гараўскім паказальны для афіцэраў, якія служаць Лукашэнку. Разгляд справы былога ўдзельніка «эскадрона смерці» сведчыць, што за выкананне злачынных антычалавечных загадаў давядзецца адказваць.
Алена заўважае, што Гараўскі не атрымаў палітычнага прытулку ў Швейцарыі, але знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, а гэта азначае, што ён не будзе экстрадыяваны ў Беларусь.
«Я не палітык»
Алена Захаранка — выпускніца акадэміі МУС. У адным з інтэрвʼю яна казала, што ведае, што «ўвесь асабісты склад (міліцыі. — Заўв. рэд.), мужчыны, мусілі вывучыць тэхніку збіцця пратэстоўцаў, каб не пакідаць слядоў. Гэта было яшчэ ў 90-я. Так цягнулася дзесяцігоддзі. Салдаты замбаваныя, яны без пярэчання выконваюць любы загад».
Дачка забітага палітыка даводзіла, што бесчалавечнае абыходжанне з людзьмі фармавалася ўвесь час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе. Пасля адстаўкі бацькі персанал праходзіў навучанне ў гаражах.
У гутарцы з «Нашай Нівай» Захаранка кажа, што трагедыя яе сямʼі і тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — узаемазвязаныя падзеі. Беспакаранасць рэжыму, калі ён толькі ўмацоўваўся, дадало яму сілаў, і ён стварыў магутную рэпрэсіўную машыну.
— Палітычная акцыя з забойствам таты была таксама скіраваная на запалохванне грамадства. Каб кожны баяўся: а раптам і з ім гэтак жа расправяцца ці з яго блізкімі. Каб людзі адчувалі сябе адзінокімі, — лічыць Алена Захаранка.
На яе думку, калі б сусветная грамадскасць, самі беларусы не былі пасіўнымі і выйшлі з пратэстам пасля раскрыцця праўды пра лёс яе бацькі, то ў Беларусі не было б цяперашняга тэрору.
— Я дапускала, што супрацьстаянне з такой дэспатычнай уладай дабром не скончыцца. Яна ніколі не прызнае, што прайграла. Яна будзе заўжды знішчаць тых, хто стаіць на яе дарозе. Выхад з шарыкамі ды кветкамі на вуліцы не дасць нічога, — перакананая Алена Захаранка.
Яна не гатовая прапанаваць сцэнар таго, як Беларусі пазбавіцца ад Лукашэнкі.
— Я не палітык, а асоба, пацярпелая ад гэтага рэжыму, — падсумоўвае Алена Захаранка. — Гэта ўжо самім беларусам вырашаць, як змагацца з такім страшным дэспатам. Магу толькі пажадаць ім сілаў і веры ў шчаслівейшую будучыню.