Два с паловай гады таму Аляксандр Гойшык выправіўся ў кругасветнае падарожжа, каб аб’ехаць як мага больш краінаў па зямлі. У дзённіку для «Люстэрка» хлопец апісвае свае прыгоды. Ён ужо паспеў пабываць на Балі, расказаў пра свае ўражанні ад падарожжа па Інданезіі і Сінгапуры. А цяпер — прыгоды Гойшыка ў Малайзіі па дарозе ў Тайланд.
Адна з самых прыгожых сталіцаў у Азіі і нечаканая сустрэча з беларускім падарожнікам
З Сінгапура я выязджаў 29 сакавіка, у Вялікую пятніцу перад каталіцкім Вялікаднем. Наступным пунктам мусіў стаць Тайланд, але дабрацца туды па зямлі можна толькі праз Малайзію — таму давялося вяртацца. Негледзячы на тое, што ў краіне менш чым 10% хрысціянаў, гэта быў выходны дзень. У мульцікультурным Сінгапуры людзі адпачываюць ва ўсе самыя важныя рэлігійныя святы асноўных веравызнанняў: будыстаў, хрысціянаў, мусульманаў і індуістаў.
На ўездзе ў Малайзію былі такія велізарныя чэргі, нібыта палова Сінгапура паехала туды на доўгія выходныя. Аднак малайзійская міграцыйная служба працуе гэтаксама добра, як іх сінгапурскія калегі, таму ў чарзе я прастаяў усяго каля сарака хвілінаў, а не суткі, як цяпер людзі на беларуска-польскай ці літоўскай мяжы. Як і мінулым разам, мне ўсміхнуліся і пажадалі добрага падарожжа. Дробязь, а прыемна!
Пасля Сінгапура вельмі прыемна ўражваюць малайзійскія цэны: усё недзе ў тры, а можа, і ў пяць разоў таннейшае. Падобныя адчуванні былі пасля Чылі і Уругвая, калі вяртаешся ў Аргенціну.
Білет да сталіцы Малайзіі каштаваў сем з паловай даляраў, чатыры гадзіны ў камфортным аўтобусе — і вось я ўжо ў Куала-Лумпуры. Дарэчы, дзіўны факт: тут чамусьці няма прыбіральняў у аўтобусах. Падумаў, што, можа, гэта неяк звязана з рэлігіяй, гэта ж мусульманская краіна. Але суседняя Інданезія таксама ісламская, а там прыбіральні ёсць. Гэтай загадкі я так і не разгадаў.
Вандруючы так доўга, часам стамляешся ад каўчсёрфінгу. Як я пісаў раней, самае цікавае ў падарожжы для мяне — менавіта людзі. Усё жыццё я лічыў сябе сапраўдным экстравертам, мне заўжды прыемна знаёміцца з новымі людзьмі і лёгка знаходзіць з імі агульную мову. Аднак яшчэ ў Лацінскай Амерыцы я зразумеў, што ўсё часцей хочацца, каб мяне ніхто не чапаў нейкі час, каб не трэба было тысячным разам расказваць сваю гісторыю і «як я дакаціўся да такога жыцця».
Таму я заўжды шукаю баланс паміж каўчсёрфінгам і «Букінгам» (booking.com, міжнародная сістэма інтэрнэт-рэзервацыі гатэляў і хостэлаў. — Заўв. рэд.), каб мець магчымасць пабыць аднаму. Спыняюся звычайна ў бюджэтных хостэлах, патрабаванні ў мяне мінімальныя: чысты ложак, душ, вайфай і каб калі не кандыцыянер, то хаця б вентылятар (у Паўднёва-Усходняй Азіі невыносна горача і вільготна). Спальнае месца ў вялікім агульным пакоі на 6−12 чалавек у Азіі звычайна каштуе пяць-сем даляраў за ноч, часам можа быць нават танней. Натуральна, што ў такім пакоі ты ніколі не будзеш адзін, таму словы «пабыць аднаму» я ўжываю ў пераносным сэнсе: каб не трэба было ні з кім знаёміцца і размаўляць.
Часам на «Букінгу» трапляюцца сапраўды незвычайныя месцы, як, напрыклад, Regalia Exclusive Hostel у Куала-Лумпуры. Пра яго нават у турыстычных парадніках пішуць, што трэба абавязкова наведаць у сталіцы Малайзіі. Я пабачыў гэты хостэл у сторыз у Інстаграме ў знаёмага мексіканскага падарожніка, з якім мы разам некалі спыняліся па каўчсёрфінгу ў Панама-Сіці. Некалькі звычайных кватэраў у саракапавярховым хмарачосе, дзе паставілі двухпавярховыя ложкі і зрабілі хостэл з бясплатным доступам да басейна і саўны на даху, з неверагоднымі краявідамі мегаполіса. Каштуе гэта ўсё дзевяць даляраў за ноч.
Пасля доўгіх і прыемных размоваў з пакістанскім хостам у Сінгапуры, пра якога я пісаў у мінулай серыі майго блога, хацелася проста адпачываць увесь дзень у басейне з саўнай і з вышыні любавацца прыгажосцю Куала-Лумпура. Аднак у майго падарожнага анёла-ахоўніка былі трошкі іншыя планы. Не паспеў я засяліцца ў хостэл, як да мяне ў пакоі падыходзіць нейкі хлопец, пытае, адкуль я, бо пачуў акцэнт. І кажа, што ён Саша з Беларусі!
— Так, пачакай! Гэта ж я Саша з Беларусі! — кажу я, і мы дружна пачынаем смяяцца.
Вам не перадаць, наколькі прыемна было вось так нечакана сустрэць земляка. Упершыню за два з паловай гады ў падарожжы я сустрэў калегу, вандроўніка-бэкпэкера з Беларусі (бэкпэкер — самастойны падарожнік, які бюджэтна вандруе, не карыстаючыся паслугамі тураператараў. Тэрмін паходзіць ад англійскага слова backpack — заплечнік. — Заўв. рэд.). На жаль, не найлепшае, мякка кажучы, эканамічнае і палітычнае становішча нашай краіны не асабліва спрыяе масавым падарожжам беларусаў па свеце. І калі розных немцаў, французаў, амерыканцаў ці нават палякаў я сустракаю пастаянна, то напаткаць вандроўніка з Беларусі — амаль цуд і вялікая прыемнасць! Гэта ж трэба было, каб усё так супала, каб я трапіў у тое самае месца і ў той самы час з земляком і цёзкам. Саша ўжо паўгода вандраваў па Азіі, наступнае раніцы ляцеў у ЗША. Таму ў гэтую ноч мы зладзілі сапраўдную беларускую імпрэзу, адно што ў хостэле, на жаль, не было магчымасці прыгатаваць дранікі. Беларусы ўсіх краінаў, яднаймася!
Але вяртаемся да Малайзіі. Куала-Лумпур — вельмі прыгожы горад, па якім зручна перасоўвацца і гуляць. Апроч разгалінавай падземкі тут існуе сістэма наземнага метро, таму можна лёгка дабрацца ў любы пункт мегаполіса. Безумоўна, галоўны сімвал малайзійскай сталіцы — знакаміты 88-павярховы хмарачос. Гэта вежы-блізняты Петронас, спалучаныя між сабою мастом. Дарэчы, гэта самыя высокія вежы-блізняты ў свеце. У іх месцяцца офісы, канферэнц-залы і выставачныя галерэі, дзе працуе больш за дзесяць тысячаў чалавек. Агульная плошча памяшканняў адпавядае паверхні 48 футбольных палёў. Наведванне агляднай пляцоўкі на 86-м паверсе — абавязковы пункт знаёмства з Куала-Лумпурам.
Апроч яго ў малайзійскай сталіцы яшчэ шмат цікавага: плошча Незалежнасці з гістарычным будынкам султана Абдул-Самада і адным з самых высокіх флагштокаў у свеце, кітайскі будысцкі храм Цянь-Хоў, карставыя пячоры з індуісцкай святыняй Бату, дзе водзіцца вельмі шмат малпаў. Тэлевежа Куала-Лумпура — сёмая па вышыні ў свеце, у горадзе шмат прыгожых паркаў і артыстычных раёнаў з кучай стрыт-арту, начныя кірмашы з самай смачнай і разнастайнай ежай. Таму я вырашыў затрымацца ў гэтым мегаполісе трошкі даўжэй.
Кемлівы італьянскі экспат, дзівак з каўчсёрфінгу, шахцёрская сталіца і райскі востраў
На дзве ночы я спыняўся на каўчсёрфінгу ў Франчэска, экспата з Італіі, які выкладае анлайн італьянскую мову і жыве ў Малайзіі ўжо некалькі гадоў. Каб не звязвацца з мясцовай бюракратыяй і не рабіць дазволу на пражыванне, ён кожныя тры месяцы на некалькі дзён выязджае з Малайзіі (так званы візаран), а пасля зноў вяртаецца на бязвізавыя 90 дзён. Франчэска здымае вялікую трохпакаёвую кватэру ў дарагім жылым комплексе са спартовымі заламі, басейнам і агляднай пляцоўкай на 45-м паверсе. Часам прымае ў сябе падарожнікаў па каўчсёрфінгу, калі не моцна загружаны працай. Карыстаецца гэтай платформай ужо гадоў дзесяць, у асноўным як гаспадар, які прымае ў сябе вандроўнікаў. Цікава было абмеркаваць наш даволі багаты досвед з пункту гледжання хоста і госця, параўнаць уражанні і прыгадаць самыя незвычайныя і дзіўныя сітуацыі, з гэтым звязаныя. Пра адну з такіх я напішу трохі ніжэй.
Франчэска паказаў мне цікавы лайфхак для бюджэтных падарожнікаў. Як і ў Заходняй Еўропе, у малайзійскіх супермаркетах перад закрыццём прадаюць гатовую ежу і прадукты з вялікімі зніжкамі. Такім хітрыкам я пастаянна карыстаўся, пакуль два гады зарабляў грошы на кругасветнае падарожжа ў вельмі дарагой Швейцарыі. Выбраліся мы з Франчэска на вячэру ў такі супермаркет, сядзім, гамонім пра жыццё. Пытаю, колькі ён плаціць за арэнду апартаментаў. Кажа, што нічога.
— Гэта як? - пытаюся ў яго.
— А вось так, глядзі. У мяне тры пакоі плюс гасцёўня, спалучаная з кухняй. Адзін пакой мой, там я сплю і працую. Гасцей па каўчсёрфінгу часам прымаю ў гасцёўні, калі не моцна заняты. Яшчэ ў адным пакоі я прымаю валанцёраў па work away (іншая платформа, дзе можна шукаць бясплатны начлег узамен за дробную працу і дапамогу гаспадарам. Выдатная магчымасць пажыць на ферме і адкрыць вясковы бок жыцця ў розных краінах, але часам можна знайсці прапановы ў вялікіх гарадах. У адрозненне ад каўчсёрфінгу, дзе падарожнікі звычайна спыняюцца на некалькі дзён, на work away гасцям звычайна прапануюць затрымацца на некалькі тыдняў ці нават месяцаў). Яны жывуць бясплатна, але ў іх абавязкі ўваходзіць трымаць кватэру ў чысціні і рыхтаваць трэці пакой для гасцей з AirBnB (анлайн-пляцоўка па пошуку кароткатэрміновай арэнды жылля па ўсім свеце. — Заўв. рэд.). Вось уласна за грошы, якія атрымліваю з AirBnB, я і здымаю кватэру.
Ого! Я паглядзеў на яго як герой вядомага мема «А што, так можна было?!». Якіх толькі цікавых людзей не сустрэнеш, далібог.
Пасля чатырох дзён у Куала-Лумпуры я паехаў далей па Малайзіі. Наступным пунктам быў колішні шахцёрскі гарадок з экзатычнай для нашага вуха назвай Іпах. Аказалася, каўчсёрфінг там зусім слаба развіты, я паспрабаваў адправіць некалькі запытаў, асабліва ні на што не разлічваючы. Нечакана адказаў адзін хлопец, які адразу ж напісаў, што ён прававерны мусульманін, цяжка посціць і трымаецца ўсіх нормаў ісламу. І тут жа дадаў, што гатовы мяне прыняць, але нібыта ў яго вельмі маленькая кватэра, таму мне давядзецца спаць з ім у адным ложку. Я ўжо сустракаўся з такім у Лацінскай Амерыцы, звычайна гэта трывожны званочак. Там даволі часта разглядаюць каўчсёрфінг як платформу для знаёмстваў, таму заўжды трэба мякка, але настойліва адмаўляцца. Адказваю яму, што ў мяне ёсць карымат і спальнік, таму мне не праблема паспаць на падлозе. Хлопец доўга не адказваў, пасля даслаў кароткае паведамленне, што ў такім разе ён не зможа мяне прыняць. Ну, і не асабліва хацелася, спыніўся ў хостэле ў гістарычным цэнтры за пяць даляраў за ноч.
Іпах быў вядомы як шахцёрская сталіца Малайзіі, тут здабывалі волава. Гэты факт мне, салігорскаму хлопцу з шахцёрскай сталіцы Беларусі, быў асабліва цікавы. Большасць мясцовага насельніцтва — этнічныя кітайцы, у горадзе захаваўся прыгожы гістарычны цэнтр, які спалучае элементы чайнатаўна і брытанскай каланіяльнай архітэктуры. Вакол прыгожыя горы з мноствам пячораў і будысцкімі храмамі ў традыцыйным кітайскім стылі, маляўнічыя азёры і шматлікія турыстычныя сцежкі. Каб усё гэта пабачыць, за дзень я прайшоў больш за дваццаць кіламетраў.
Апошняе месца, якое я хацеў наведаць у Малайзіі па дарозе ў Тайланд, — востраў Пенанг і прыгожы каланіяльны горад Джарджтаўн, унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разам з Малакай, пра якую пісаў у мінулым тэксце. Брытанскі форт Карнваліс канца XVIII ст., прыгожы стары горад, які спалучае еўрапейскі і ўсходнеазіяцкі стылі, англіканская царква Святога Георга — самая старая ў Малайзіі, шматлікія будысцкія храмы, якія ўражваюць, пляжы і батанічны сад. Каб усюды паспець і не губляць часу, чакаючы аўтобусаў, зручней за ўсё арандаваць скутар, 8 даляраў за суткі. У адрозненне ад Балі, на Пенангу ездзяць значна акуратней, таму кіраваць скутарам тут было нашмат прыемней. Дзякуючы блізкасці да Тайланда тут ужо можна паспрабаваць самую смачную ежу ў рэгіёне, недзе за тры-чатыры даляры вас вынясе ў гастранамічны рай. Агулам я прабыў на востраве два з паловай дні і восьмага красавіка выехаў у Тайланд — самае райскае месца ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі. Пра яго — у наступнай серыі маіх падарожных нататак.
Чытайце таксама


