Мінчанка ляцела з сям’ёй у Грузію авіярэйсам Мінск — Тбілісі. Пры сабе ў яе было каля 40 000 даляраў — па 10 000 даляраў на кожнага члена сям'і. Але праз выпушчаны нюанс яна атрымала штраф, а частку грошай канфіскавалі. Гэтую гісторыю «Люстэрка» адшукала ў банку судовых рашэнняў.
Жанчына разам з двума няпоўнагадовымі дзецьмі і свякроўю ляцела з Мінска ў Тбілісі. Пры сабе ў яе было 38 000 даляраў, 1500 еўра, 50 беларускіх і 700 расійскіх рублёў — то-бок крыху менш за 40 000 даляраў у эквіваленце. Падчас праходжання мытнага кантролю яна смела скіравалася ў зялёны калідор, бо палічыла, што дэклараваць грошы не трэба — на кожнага члена яе сям'і прыпадала 10 000 даляраў. Але яна не ўлічыла аднаго прававога нюансу.
З Беларусі і ў Беларусь без дэкларавання адзін чалавек можа правезці не больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце. Дакладная сума разлічваецца паводле курсу валют на дзень паездкі. Улічваць будуць усе грошы, якія ў вас з сабой. То-бок перавезці, да прыкладу, 10 тысяч даляраў у валізе і яшчэ 500 у кашальку без дэкларацыі не атрымаецца. Калі вы захочаце завезці або вывезці больш за 10 тысяч даляраў у эквіваленце, гэтую суму давядзецца дэклараваць.
Мытнікі заявілі, што мінчанка магла не дэклараваць 30 000 даляраў — на сябе і сваіх дзяцей, але мусіла задэклараваць грошы свекрыві, бо «абавязак дэкларавання ляжыць на асобе, у якой знаходзяцца грашовыя сродкі». На жанчыну склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП Беларусі (Недэклараванне перамяшчаных праз мытную мяжу ЕАЭС фізічнымі асобамі наяўных грашовых сродкаў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню). У яе забралі ўсе грошы.
Лёс грошай вырашаўся ў судзе.
Жанчына ў сваю чаргу з гэтым не пагадзілася, заявіўшы, што свякроў — яе сямейніца, з якой яна вядзе агульную гаспадарку.
У судзе выступіла і свякроў, якая пацвердзіла, што ў мінчанкі ў аэрапорце было 10 000 даляраў, якія належаць ёй. Яна таксама заявіла, што яны з нявесткай жывуць разам і сумесна вядуць гаспадарку. На паседжанне была запрошаная сведка — суседка мінчанкі, якая пацвердзіла, што часта бачыць свякроў у жанчыны дома.
Суддзя вырашыў, што мытнікі ўсё зрабілі правільна, а жанчына была абавязаная дэклараваць грошы свекрыві. Ч. 2 арт. 15.5 КаАП прадугледжвае магчымасць пакарання ў выглядзе штрафу як з канфіскацыяй незадэклараваных сродкаў, так і без канфіскацыі, у гэтым выпадку (як і амаль заўсёды ва ўсіх такіх) беларускі суд штрафам не абмежаваўся. Мінчанцы прызначылі штраф у памеры 740 рублёў, якія канфіскавалі з арыштаваных грошай. А астатнія сродкі, якія належалі свекрыві, 9642 даляры ў эквіваленце, канфіскавалі ў даход дзяржавы.
Мінчанка не пагадзілася з вынесеным рашэннем, наняла адваката і звярнулася ў Мінскі гарадскі суд. Там пакінулі ў сіле рашэнне ніжэйшага раённага суда — грошы свекрыві пайшлі дзяржаве.
«Раскладзіце грошы па кішэнях»
Мы звярнуліся на гарачую лінію ДМК, каб удакладніць парадак дэкларавання сродкаў на прыкладзе гэтага выпадку.
— Максімальна дапушчальная сума, якая перавозіцца праз мяжу, бярэцца з разліку на аднаго чалавека. Гэтая колькасць ўключае і няпоўнагадовых дзяцей. Сям’я з чацвярых чалавек, якая складаецца з двух дарослых і двух дзяцей, можа правесці без неабходнасці дэкларавання наяўныя ў эквіваленце 40 000 даляраў, — расказалі ў мытні.
— Але я чула гісторыю, калі жанчына са свякроўю і двума дзецьмі везла амаль 40 000 даляраў, і ў выніку грошы, якія належалі свекрыві, канфіскавалі.
— Што я магу сказаць? Раскладзіце грошы, па 10 000 даляраў, па кішэнях кожнаму, тады праблем не будзе.
Чытайце таксама