Генштаб УСУ папярэдзіў пра пагрозу «дронаў-камікадзэ» па ўсёй Украіне. Міністэрства абароны Расіі расказала пра збіты самалёт праціўніка. Брытанская разведка прааналізавала планы міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. У Інстытуце па вывучэнні вайны падзяліліся звесткамі амерыканскай разведкі пра страты расійскай арміі. Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 333-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ — пра расійскія абстрэлы і беспаспяховыя нападзенні праціўніка
Цягам сутак праціўнік нанёс адзін ракетны і 27 авіяцыйных удараў. Таксама здзейсніў 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пагроза нанясення ўдараў з выкарыстаннем ракет наземнага і паветранага базавання і «дронаў-камікадзэ» застаецца па ўсёй Украіне, заяўляе Генштаб УСУ.
Як адзначаюць аналітыкі ведамства, расіяне вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім і Ліманскім напрамках. Таксама яны працягвалі спробы наступаць на Бахмуцкім напрамку, нарошчваючы інтэнсіўнасць выкарыстання авіяцыі. На іншых напрамках — абараняліся.

За мінулыя суткі падраздзяленні УСУ адбілі атакі праціўніка на Луганшчыне і Данеччыне.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках наступальныя групоўкі праціўніка не выяўленыя. Ад мінамётнага і артылерыйскага агню пацярпелі раёны населеных пунктаў на Чарнігаўшчыне і Харкаўшчыне. На астатніх напрамках расіяне абстрэльвалі населеныя пункты.
Авіяцыя Сіл абароны цягам сутак нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка і тры — па пазіцыях яго зенітна-ракетных комплексаў.
Акрамя таго, падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па двух раёнах канцэнтрацыі расіян.
Мінабароны РФ — пра знішчэнне самалёта УСУ
У Мінабароны Расіі заяўляюць, што на Купянскім напрамку з дапамогай авіяцыі і артылерыі знішчылі больш за 50 украінскіх вайскоўцаў, аўтамабіль і пікап.
На Чырвона-Ліманскім напрамку знішчана больш за 80 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, пяць баявых браніраваных машын і пікап, а таксама дзве радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы.
На Данецкім напрамку працягваецца наступленне. За суткі на гэтым напрамку знішчана больш за 80 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30.
На Запарожскім напрамку падчас наступальных дзеянняў падраздзяленні Усходняй ваеннай акругі занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі. За суткі на гэтым напрамку знішчана да 85 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, пікап, тры гаўбіцы, а таксама склад артылерыйскіх боепрыпасаў УСУ.
На Херсонскім напрамку знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы.
Расійскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны ў раёне населенага пункта Антонаўка на Данеччыне збіты самалёт Су-25 Паветраных сіл Украіны. Таксама за суткі знішчаныя дзевяць украінскіх беспілотных лётных апаратаў. У Запарожскай вобласці збітыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама перахопленая супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM.
Брытанская разведка — пра планы Шайгу
Аналітыкі брытанскай разведкі звяртаюць увагу, што 17 студзеня 2023 года міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу абвясціў пра планы сур’ёзных зменаў у структуры Узброеных сіл. Яны мусяць быць рэалізаваныя ў перыяд з 2023-га па 2026 год. Планы Шайгу ўключаюць павелічэнне штата да 1,5 мільёна чалавек — на 11% больш у параўнанні з раней абвешчаным пашырэннем да 1,35 мільёна.
Шайгу таксама абвясціў пра ўзнаўленне Маскоўскай і Ленінградскай ваенных акругаў і частковае вяртанне да савецкай арганізацыі войскаў на захадзе Расіі. Новы армейскі корпус будзе створаны ў Карэліі, недалёка ад мяжы з Фінляндыяй.
На думку аналітыкаў, планы Шайгу сігналізуюць пра тое, што расійскае кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, лічыць, што ўзмоцненая ваенная пагроза з выкарыстаннем звычайных узбраенняў захаваецца яшчэ шмат гадоў пасля цяперашняй вайны ва Украіне. Аднак Расіі, хутчэй за ўсё, будзе цяжка ўкамплектаваць персанал і забяспечыць запланаванае пашырэнне.
Інстытут па вывучэнні вайны — пра звесткі амерыканскай разведкі наконт стратаў расійскай арміі
Украінская абарона Бахмута, імаверна, з’яўляецца стратэгічна абгрунтаванай аперацыяй, нягледзячы на яе выдаткі для Украіны, адзначае Амерыканскі інстытут па вывучэнні вайны (ISW).
Дыскусія блогераў пра замену генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага генерал-лейтэнантам Алегам Макарэвічам на пасадзе камандуючага Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі (ПДВ) яшчэ мацней падкрэсліла раскол паміж дзвюма асноўнымі групамі. Адна з іх — прагерасімаўскі лагер, які складаецца з тых, хто прадстаўляе Мінабароны. Другая — фаварыты блогераў, якія менш звязаныя з Мінабароны. Дыскусія па гэтым пытанні таксама дае ўяўленне пра ўнутраную палітыку ведамства, якая магла прывесці да ссоўвання Цяплінскага, адзначаюць аналітыкі.

Фінансіст групы Вагнера Яўген Прыгожын пачаў серыю інфармацыйных аперацый, скіраваных на тое, каб паказаць сябе героем-ахвярай Расіі ў крыжовым паходзе супраць дробнай і карумпаванай расійскай улады.
Таксама ISW спаслаўся на паведамленне выдання The Sun. Апошняе са спасылкай на разведку ЗША ацэньвае агульныя страты расійскіх вайскоўцаў ва Украіне ў 188 тысяч чалавек па стане на 20 студзеня. Гаворка ідзе ў тым ліку пра магчымыя 47 тысяч забітых у баі менш чым за год.
Што да баявых дзеянняў, то расійскія войскі правялі невялікую наземную разведку на паўночным усходзе Сумскай вобласці. Таксама яны працягвалі абмежаваныя наземныя атакі, каб аднавіць страчаныя пазіцыі на лініі Сватава — Крамянная. Яны працягвалі наносіць удары па Бахмуце і на захад ад Данецка. Імаверна, расійскія сілы паступова прасоўваюцца наперад у раёне Бахмута.
Даступныя звесткі з адкрытых крыніц па стане на 21 студзеня паказваюць, што заявы расійскага акупацыйнага чыноўніка Уладзіміра Рогава ад 20 студзеня пра захоп буйной тэрыторыі — імаверна, частка расійскай інфармацыйнай аперацыі.
Расійскія блогеры адзначаюць, што іх узброеныя сілы працягваюць спадзявацца на мабільныя тэлефоны і неабароненыя цывільныя тэхналогіі для выканання асноўных ваенных функцый, што з’яўляецца сур’ёзным парушэннем аператыўнай бяспекі.