Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Працяглая нерашучасць заходніх краін, якая выяўлялася ў нежаданні перадаваць Украіне танкі для адбіцця расійскай агрэсіі, падобна, у мінулым. Гатоўнасць падзяліцца браніраванымі машынамі выказала галоўная сіла NATO — ЗША. Краіна пагадзіліся адправіць УСУ танкі M1 Abrams. Расказваем, што ўяўляе сабой гэты танк і ў чым яго асаблівасці.

Што здарылася

25 студзеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пацвердзіў намер амерыканскага кіраўніцтва перадаць Украіне 31 машыну «Абрамс» — гэтага хопіць, каб цалкам забяспечыць танкамі адзін батальён. Канкрэтных тэрмінаў пастаўкі ён не называў, аднак сказаў, што гэта «запатрабуе часу», і паабяцаў выкарыстаць гэты перыяд на тое, каб «украінцы былі цалкам гатовыя да інтэграцыі танкаў Abrams у сваю абарону».

Упершыню магчымасць перадачы «Абрамсаў» (як і шмат якога іншага ўзбраення з ЗША, уключаючы БМП «Брэдлі») была дапушчаная, калі ў красавіку 2022 года Вашынгтон рыхтаваў праграму ленд-ліза для Украіны. З таго часу ні адзін танк Кіеву пастаўлены не быў (зрэшты, і ленд-ліз не запрацаваў, бо ўсю ваенную дапамогу ўкраінская армія і дзяржава атрымлівалі па іншых праграмах). Аднак у пачатку 2023 года «лёд крануўся» — адно за адным для Кіева разблакаваліся ўсе новыя ўзбраенні, у тым ліку тыя, перамовы па якіх вяліся ледзь не з пачатку вайны (накшталт нямецкіх танкаў Leopard 2). Дайшла чарга і да M1 Abrams.

Гісторыя танка M1 Abrams

Пра пачатак праекта, які прывёў у выніку да стварэння «Абрамса», мы ўжо расказвалі ў артыкуле пра нямецкім танку Leopard 2. Усё пачыналася ў 1963 годзе, калі з’явілася інфармацыя пра стварэнне ў СССР новага магутнага танка (Т-64, сапраўды прарыўной машыны), немцы і амерыканцы разам пачалі ствараць «Асноўны танк сямідзясятых» (Main Battle Tank 70, альбо MBT-70).

У праекце прапаноўваліся розныя новаўвядзенні, у тым ліку аўтаматызаваная сістэма кіравання агнём, камбінаваная трывалая браня, аўтамат зараджання гарматы. Кожная навінка, зразумела, рабіла машыну даражэйшай, і ў выніку MBT-70 аказаўся занадта складаным і дарагім як для амерыканцаў, так і для немцаў. Праект закрылі, а ФРГ і ЗША пайшлі ў танкабудаванні сваімі дарогамі.

Амерыканцы адмовіліся, у прыватнасці, ад ідэі ўзброіць машыну каласальнай 152-міліметровай гарматай, якая ўмее страляць ракетамі, — у моду ў сямідзясятыя якраз уваходзілі бранябойныя падкаліберныя боепрыпасы, якія маглі прабіваць тоўстую браню дзякуючы высокай хуткасці, не патрабуючы для стральбы асабліва буйных гармат. Новы праект называўся XM1 і выконваўся на конкурснай аснове кампаніямі General Motors і Chrysler Corporation.

Танк XM1 на Абердинском полигоне в США. Фото: Yvonne Johnson, APG NEWS, commons.wikimedia.org
Адзін з вырабленых прататыпаў XM1 на Абердынскім палігоне ў ЗША. Фота: Yvonne Johnson, APG NEWS, commons.wikimedia.org

Цікавым стаў выбар гарматы для новага танка. Пачаўшы з ідэі паставіць на машыну гіганцкую гармату калібрам 152 мм, канструктары ў выніку спыніліся на рашэнні ўзброіць XM1 сціплай 105-міліметроўкай — на той момант і еўрапейскія калегі (Leopard 2), і савецкія праціўнікі (Т-64 і Т-72) выкарыстоўвалі нашмат магутнейшыя 120-міліметровыя гарматы. Магчымая прычына — наяўнасць да 105-міліметровых гармат вялікай колькасці ўжо вырабленых боепрыпасаў, якія выкінуць было шкада, а выкарыстоўваць аказалася больш няма дзе.

У 1976 годзе і Chrysler, і General Motors скончылі выраб прататыпаў і прадставілі іх на суд вайскоўцам. Розніца машын была, апроч іншага, у рухавіках — GM абсталявалі танк звыклым дызелем, а Chrysler Corporation вырашылі паэксперыментаваць з газатурбіннай сілавой устаноўкай — яна дазваляе эфектыўна працаваць у халады, развіваць велізарную магутнасць і непатрабавальная да якасці паліва, аднак дарагая і неймаверна пражэрлівая. На той момант газатурбінны рухавік стаяў толькі на адным танку ў свеце — шведскім Strv.103, які і да танка не вельмі падобны.

Шведский танк Strv.103. Фото: Mats Persson, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Шведскі танк Strv.103. Фота: Mats Persson, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Але 12 лістапада 1976 года менавіта мадэль ад кампаніі «Крайслер» перамагла ў конкурсе і была абраная на ролю будучага асноўнага баявога танка арміі ЗША. Яна і стала вядомым многім M1 Abrams. Пасля немцы і амерыканцы зрабілі яшчэ адну спробу пасупрацоўнічаць у танкабудаванні — існавала імавернасць, што XM1 так і не пойдзе ў серыю, і галоўным танкам ЗША стане ўжо створаны да таго часу ў ФРГ Leopard 2. Але дамовіцца з розных прычынаў не атрымалася.

У 1980 годзе ўсе выпрабаванні прататыпаў ад «Крайслера» завяршыліся, XM1 быў урачыста перайменаваны ў гонар генерала Крэйтана Абрамса (той камандаваў амерыканскім кантынгентам у В’етнаме ў канцы шасцідзясятых — пачатку сямідзясятых і лічыўся адным з найлепшых танкавых камандзіраў ЗША усіх часоў).

У 1981 годзе масавую вытворчасць «Абрамсаў» разгарнулі на танкавым заводзе ў штаце Агаё, праз год — яшчэ і ў дзяржаўным Дэтройцкім арсенале ў штаце Мічыган. У 1985 годзе вытворчасць арыгінальных M1 Abrams згарнулі, бо новенькі танк практычна адразу маральна састарэў з прадказальнай прычыны: 105-міліметровая гармата ў параўнанні са 125-мм гарматамі шматлікіх савецкіх танкаў глядзелася вельмі непераканаўча.

Як мадэрнізавалі «Абрамс»

У сярэдзіне васьмідзясятых ЗША падышлі да «залатога стандарту» сучасных танкавых гармат — наразная 105-міліметроўка змянілася больш магутнай гладкаствольнай 120-мм гарматай. Строга кажучы, амерыканцы проста ўзялі нямецкую гармату канцэрна Rheinmetall, якая стаіць на Leopard 2, трохі яе дапрацавалі і паставілі на сваю машыну. Так атрымалася версія M1A1, галоўным адрозненнем якой ад арыгінальнай стала менавіта гармата.

Боекамплект гарматы складаў 40 снарадаў, якія ў асноўным размяшчаліся ў баяўкладцы ў нішы ў задняй частцы вежы (каб падчас падрыву па магчымасці не закрануць экіпаж). Усе стрэлы былі ўнітарнымі — гэта значыць, што снарад і гільза з порахам аб’яднаныя ў адно цэлае (гэта робіць працу зараджальніка цяжэйшай, бо трэба падымаць большую вагу, але дазваляе рабіць магутнейшыя бранябойныя боепрыпасы). Супраць «субратоў» M1A1 выкарыстаў падкаліберныя апераныя снарады са стрыжнямі з вальфрамавага сплаву або збедненага ўрану (праз тое, што гэты метал выкарыстоўваецца ў атамнай прамысловасці, некаторыя расійскія эксперты параўноўваюць іх з «бруднымі бомбамі», але насамрэч уран быў абраны за яго вельмі высокую шчыльнасць, а не за радыеактыўнасць).

Акрамя гарматы M1A1 меў два 7,62-мм кулямёты і яшчэ адзін буйнакаліберны 12,7-мм. Таксама ў танку быў карабін калібрам 5,56 мм і гранаты на выпадак, калі экіпажу давядзецца адбівацца ў блізкім баі.

Браня танка складалася з двух слаёў бранявой сталі, паміж якімі знаходзіўся напаўняльнік са сталёвых і керамічных элементаў, барты абараняліся спецыяльнымі экранамі з сямі секцый на кожны борт. У лабавой праекцыі (то-бок калі глядзець на танк спераду) трываласць вежы адпавядала аднастайнай брані да 680 міліметраў (калі абстрэльваць падкалібернымі снарадамі) і 1080−1320 — пры абстрэле кумулятыўнымі боепрыпасамі.

У рэальнасці браня танка, вядома, танчэйшая. Аднак выкарыстанне слаёў розных матэрыялаў робіць яе трываласць адпаведнай менавіта такому — амаль метроваму па таўшчыні — пласту сталі. Для параўнання: максімальны ўзровень абароны ў лабавой праекцыі вежы савецкага танка Т-72Б прыкладна таго ж перыяду складае эквівалент 550−600 мм аднастайнай брані ад падкаліберных і 850−900 мм ад кумулятыўных боепрыпасаў.

Корпус быў браніраваны трохі горш: да 630 міліметраў аднастайнай брані для падкаліберных снарадаў і 900 міліметраў — для кумулятыўных. На практыцы ўсё гэта азначала, што нават першая версія «Абрамса» пры абстрэле ў лоб была амаль непаражальная для савецкіх танкаў таго часу.

Серыйны выпуск M1A1 пачаўся ў 1985 годзе. Усяго было замоўлена каля 4200 танкаў, але ў 1993 годзе вытворчасць скончылася, зроблена было «ўсяго» 3546 машын. Версія стала першай, якая пастаўлялася за мяжу: у 1992 годзе Егіпет пачаў вырабляць гэтыя танкі па ліцэнзіі з агрэгатаў, у асноўным прывезеных з ЗША. Усяго афрыканская краіна замовіла 524 машыны.

У 1990-х з’явілася версія M1A2, якая адрознівалася больш прасунутай лічбавай сістэмай кіравання агнём (развіццё электронікі да таго часу зрабіла нашмат таннейшымі рашэнні, якія былі прыдуманыя яшчэ падчас стварэння прататыпаў у 70-х гадах, але тады патрабавалі велізарных выдаткаў). Упершыню з’явілася магчымасць аб’ядноўваць танкі на полі бою ў адзіную інфармацыйную сістэму, каб яны ўзаемадзейнічалі ў наступе або абароне. Для арыентацыі на мясцовасці з’явілася сістэма навігацыі на аснове GPS. Браню яшчэ больш ўзмацнілі, дадаўшы ў яе элементы з таго ж збедненага ўрану, што выкарыстоўваўся для падкалібарных снарадаў.

Танкі M1A2 і выраблялі з нуля, і перараблялі іх з M1A1, якія адслужылі сваё. Усяго планавалася пабудаваць каля 3 тысяч штук.

Нягледзячы на тое, што версія A2 уяўляла сабой мадэрнізацыю, дзе моцна ўзрасла роля лічбавых сістэм, сапраўдная цыфравізацыя была наперадзе і прыйшла з версіяй Abrams M1A2 SEP (Systems Enhancement Package — «пакет праграм па ўдасканаленні сістэмы»). У машыне з’явіліся каляровыя дысплэі, была аблічбаваная сістэма кіравання агнём, пачалі выкарыстоўвацца больш дасканалыя цеплавізары. Дадаліся дапаможная сілавая ўстаноўка (невялікі электрагенератар, які сілкуе сістэмы танка, калі асноўны рухавік заглушаны) і іншыя ўдасканаленні. Пасля версію SEP тройчы ўдасканалілі (то-бок існуе чатыры версіі).

Па меры тэхнічнага прагрэсу і для выкарыстання ў нестандартных сітуацыях «Абрамс» атрымаў яшчэ некалькі версій і магчымасцяў. Так, камплект TUSK (Tank Urban Survival Kit — «камплект для выжывання танка ў горадзе») дадае машыне нехарактэрную для яе дынамічную абарону (тыя самыя «цаглінкі» на корпусе, якія дэтануюць пры траплянні ў танк снарада і сустрэчным выбухам не даюць яму прабіць браню), цеплавізійны прыцэл для кулямёта (каб было лягчэй у начны час біць пяхоту, якая спрабуе падбіць танк з гранатамётаў на вуліцах і з верхніх паверхаў), разнесенае браніраванне дна для стойкасці перад мінамі і — апцыянальна — яшчэ адзін буйнакаліберны 12,7-мм кулямёт.

Abrams M1A2 SEP с установленным комплектом TUSK для городских боев. Фото: flickr.com, commons.wikimedia.org
Abrams M1A2 SEP з усталяваным камплектам TUSK для гарадскіх баёў. Фота: flickr.com, commons.wikimedia.org

Пры гэтым TUSK можна дадаць на звычайны танк ва ўмовах палявой майстэрні, везці на завод яго для гэтага не трэба.

На рэальнай вялікай вайне «Абрамс» бываў некалькі разоў. Танкі нядрэнна паказалі сябе падчас аперацыі «Бура ў пустыні» ў 1991 годзе і ўварвання ў Ірак у 2003 годзе. Таксама яны выкарыстоўваліся ў Афганістане (дзе, аднак, мелі мала магчымасцяў сябе праявіць з прычыны дрэннага ўзбраення талібаў і адсутнасці ў іх бранятэхнікі). Іракская армія з 2014 года выкарыстала «Абрамсы» — таксама машыны ваявалі ў Емене супраць мясцовых паўстанцаў з 2015 года.

Якія «Абрамсы» атрымае Украіна

Афіцыйных звестак пра гэта пакуль не было. Амерыканскі тэлеканал CNBС расказаў, што Кіеву будуць адпраўленыя M1A1 (то-бок мадэрнізацыя сярэдзіны васьмідзясятых). Аднак тут ёсць нюансы. Танкі УСУ атрымаюць у межах праграмы USAI (Ukraine Security Assistance Initiative — «Ініцыятыва садзейнічання бяспецы Украіны»). Наколькі вядома, па ёй тэхніка заказваецца прамысловасці, а не перадаецца са складу ўзброеных сіл ЗША.

Хутчэй за ўсё, M1A1 (мы будзем грунтавацца на версіі канала CNBС, бо іншай у нас няма) хочуць зняць ці ўжо знялі з захоўвання і пераабсталяваць на адным з танкабудаўнічых прадпрыемстваў. У гэтым выпадку машыны могуць атрымаць і хутчэй за ўсё атрымаюць нашмат больш прасунутую электроніку, чым у 80-х гадах: магчымасці лічбавых сістэм сёння адрозніваюцца ад тых часоў як неба і зямля.

У любым выпадку Кіеў атрымае танкі, што адназначна пераўзыходзяць усе, якія зможа супрацьпаставіць Расія. Ніводная расійская машына не можа прабіць «Абрамс» у лоб, у тым ліку і апошнія версіі Т-90 (які, строга кажучы — не больш чым чарговая мадэрнізацыя Т-72, а ўласную назву атрымаў толькі таму, што ў дзевяностыя новай Расіі патрабаваўся новы танк).

Танк M1A1 австралийской армии на учениях, 2012 год. Фото: Jacob D. Barber. www.marines.mil, commons.wikimedia.org
Танк M1A1 аўстралійскай арміі на вучэннях, 2012 год. Фота: Jacob D. Barber. www.marines.mil, commons.wikimedia.org

У сваю чаргу падкаліберныя апераныя снарады з 120-міліметровай гарматы M1A1 могуць прабіваць расійскія танкі ў лоб з любых рэальных дыстанцый (то-юок прыкладна да 4 км). Што да інфармацыйных сістэм танка, якія дазваляюць падраздзяленню эфектыўней весці бой, то гэтыя магчымасці яшчэ трэба будзе праверыць у справе. Важная і наяўнасць добрага супрацьпажарнага абсталявання ў амерыканскай машыне: калі яна загарыцца, то з высокай імавернасцю і экіпаж, і саму тэхніку ўдасца захаваць.

Зразумела, «Абрамс» не непаражальны. Да прыкладу, танк можа быць прабіты нават у лоб супрацьтанкавай ракетай (так, у Іраку ў 2016 годзе танк падбілі, падобна, ракетным комплексам «Карнет-Э» — самым сучасным расійскім ПТРК). Аднак гэта ў любым выпадку лепш за любую машыну, якая ёсць на ўзбраенні УСУ цяпер — і, што яшчэ важней, любой машыны, якую амерыканскі танк наогул можа сустрэць на полі бою ва Украіне. А ўлічваючы, што на захоўванні ў ЗША знаходзіцца больш за 3 тысячы «Абрамсаў», рэзервы для папаўнення ў Кіева будуць заўсёды (пытанне толькі ў палітычнай волі).

Чытайце таксама