Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  2. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  3. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  4. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  5. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  6. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  7. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  8. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  9. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  10. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  11. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  12. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  13. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  14. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  15. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  16. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  17. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
Читать по-русски


Уладзімір Гаранскі — украінскі актор, што сыграў у мностве фільмаў і серыялаў, якія паказвалі ў тым ліку па беларускім тэлебачанні. Мы пагаварылі з ім пра здымкі «Слугі народа», Уладзіміра Зяленскага, дзень нараджэння 24 лютага і Беларусь.

Украинский актер Владимир Горянский. Фото: kino-teatr.ru
Украінскі актор Уладзімір Гаранскі. Фота: kino-teatr.ru

Дзень нараджэння ў дзень пачатку вайны, трывога ў тэатры і гледачы

— У вас 24 лютага дзень нараджэння. З мінулым святам вас. Святкавалі?

— Святкаваць па-сапраўднаму будзем пасля перамогі. Спадзяваўся, што гэта здарыцца 24 лютага гэтага года, але, на жаль, трохі зацягваецца. Недарэчы цяпер вялікае святкаванне. Сёлета ўсё было ў сямейным цёплым коле. Сціпла, з велізарным жаданнем, каб вайна хутчэй скончылася і мы адзначалі ўжо ад душы, ярка і з настроем. Эмацыйны фон няпросты: гінуць і пакутуюць людзі. І, ведаеце, ладзіць нейкія святкаванні — гэта абсурд.

— Як гэты дзень прайшоў для вас у 2022 годзе?

— Нас да гэтага запрасілі сябры на Кіпр, і мы на пару дзён паехалі туды. Паляцелі 22 лютага, а вярнуцца мусілі 25-га. А да гэтага я яшчэ быў на гастролях у Марыупалі і Краматорску. Памятаю, што там было ўсё спакойна, гэта ў сталіцы трохі панікавалі, а мы казалі: «Глядзіце, людзі ля мяжы жывуць нармальна, а мы чагосьці кіпішуем». Была бестурботная ўпэўненасць, што ўсё будзе добра, розум пераможа і што ў трэцім тысячагоддзі слова «вайна» — гэта абсурд. Мне здавалася, што гэтага ніколі не можа быць, тым больш у Еўропе. Таму мы спакойна паляцелі на Кіпр, сустрэліся з сябрамі і 24 лютага, калі збіраліся святкаваць, даведаліся гэтыя кашмарныя весткі. Стан быў незразумелы. Потым пайшлі ў банкамат, каб зняць наяўныя, але ён нам нічога не выдаў. У выніку мы затрымаліся на Кіпры, пачалі дапамагаць уцекачам, шмат прыехала людзей: мамы, бабулі, дзеці, інваліды.

— Пасля вы вярнуліся ва Украіну, працягваеце граць у спектаклях і ездзіце на гастролі па краіне. Як праходзяць вашыя выступы?

— Мы ўжо ў канцы сакавіка 2022 года паехалі на гастролі. У нас была задача псіхалагічна падтрымліваць людзей. Мы граем камедыі, і людзі за гэта дзякуюць, ім трэба вырвацца, адцягнуцца, усё ж такі год у гэтым стане. Настрой залы — аптымізм. Мы зразумелі, што робім слушную справу.

Падчас спектакля людзі смяюцца ад душы і пляскаюць. Яны прыходзяць разрадзіцца, сустрэцца ў тэатры, пагутарыць, зняць стрэс, абмяняцца інфармацыяй. Людзі потым заходзяць у грымёрку — прыносяць кветкі, шакалад, цукеркі, мацнейшае нешта. Нядаўна жанчына зайшла, яна раней працавала касцюмеркай, і прынесла цэлую сумку, унутры тэатральныя рэчы і абутак. Кажа: «Уладзімір, я хачу вам гэта аддаць, вы ж будзеце ставіць спектаклі яшчэ. Калі ласка, вазьміце і выкарыстоўвайце». Людзі вельмі адкрытыя. Мы робім слушную справу, што ездзім, паказваем спектаклі, размаўляем з гледачамі, збіраем дапамогу. І людзі грошы нясуць, хтосьці апошняе, а хтосьці не, але ўсе адгукаліся на просьбу дапамагчы. Гэта проста захапленне. Здавалася б, ужо год прайшоў, стаміліся, цяжка, але ўкраінцы ўсё роўна дапамагаюць, усміхаюцца, смяюцца, плачуць. Мы — тэатральны батальён, які заўсёды ў страі і наперад, наперад, наперад, каб усе кавалі перамогу, хто як можа.

— Як праходзіць сам спектакль?

— У будынку, дзе ідзе выступ, мусіць быць бамбасховішча, калі гучыць трывога, то ўсе павінныя туды спусціцца. Гэта была абавязковая ўмова, асабліва ў пачатку ўсіх гэтых падзей. Але бог нас неяк падтрымаў, і ў асноўным трывогі ў нас гучалі або да спектакля, або пасля. Далей адбылося прывыканне да ўсяго. Ведаеце, такога аб’яднання залы, такой сілы, такой магутнай энергіі, такога супраціву «не, усё будзе добра» я не адчуваў за ўсе 40 гадоў на сцэне.

— Самае страшнае месца, куды вы прыязджалі на гастролі?

— Адна з першых паездак была ў Жытомір, мяне адвезлі і паказалі разбураную школу. Складана перадаць гэтыя адчуванні. Жах. Школа разбураная. Прыляцела варварская ракета. Потым былі вуліцы, па якіх мы калісьці ездзілі ў мірны час, а цяпер едзеш і не разумееш, дзе ты, бо многае разбурылі. Хачу сказаць беларусам і расіянам: нельга перамагчы ўкраінскі народ, нельга адабраць у нас свабоду. Гэтая хлусня, якая гучыць з прапагандысцкіх каналаў, я нават не ведаю, якія словы трэба шукаць, каб пераканаць людзей, што ім хлусяць. Добра, што некаторыя беларусы і расіяне, якія былі ва Украіне ці працавалі ў нас, хоць неяк разумеюць, што тут адбываецца, і могуць параўнаць з тым, што кажа прапаганда.

Спасатели разбирают завалы дома в Днепре, куда 14 января прилетела российская ракета. Днепр, Украина, 17 января 2023 года. Фото: t.me/dnipropetrovskaODA
Разбураны дом у Дняпры, у які прыляцела расійская ракета, 17 студзеня 2023 года. Фота: t.me/dnipropetrovskaODA

Ордэн ад Пуціна і сябар у палоне

— У 2004 годзе вам уручылі ўзнагароду ад Пуціна «Ордэн Дружбы» за вялікі ўнёсак…

— Я вас прашу, давайце не будзем пра гэта. Гэта старая гісторыя, якая была ў іншы час.

— Як вам яго ўручалі?

— Не хачу пра гэта гаварыць. Гэта іншая краіна была, цябе там, у Расіі, ведаюць і проста ўручаюць гэты ордэн. Неяк так атрымалася. Не хачу гэта ўспамінаць. Якая «дружба»?!

— А ўзнагарода засталася ў вас?

— Я не ведаю, дзе яна.

— У вас ёсць сябар-валанцёр, які трапіў у расійскі палон. Можаце расказаць яго гісторыю? Якім вы яго ўбачылі пасля вяртання?

— Гэты чалавек — моц. Ён умее аб’ядноўваць вакол сябе людзей, падтрымліваць і адгукацца на ўсе выклікі, якія ёсць. Ён на 100% сапраўдны патрыёт. Калі ўсё пачалося, ён адразу ж пайшоў у валанцёры і пачаў вазіць дапамогу ў самыя гарачыя месцы. Потым нашыя сябры кажуць, што ён знік. Пачалі яго шукаць у Данецкай вобласці. У выніку высветлілася, што ён трапіў у палон. А далей яго з адсечанымі канечнасцямі выкінулі ў лес, цудам удалося знайсці. У яго было абмаражэнне, ён выжыў. Звычайны валанцёр, цывільны, не вайсковец. Акупанты проста здзекаваліся з яго. Гэта страшна. Нейкія жывёльныя інстынкты, з гэтымі людзьмі нешта адбываецца, калі яны атрымліваюць уладу над чалавекам. Майго сябра адправілі ў Германію на лячэнне, а цяпер ён паехаў у Гаагу даваць паказанні.

Украинский военнослужащий после возвращения из российского плена пробует яблоко, 4 февраля 2023 года. Фото: Координационный штаб по обращению с военнопленными
Украінскі вайсковец пасля вяртання з расійскага палону, 4 лютага 2023 года. Фота: Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі

Слуга народа Зяленскі

— Вы сыгралі аднаго з алігархаў у серыяле «Слуга народа». У шоу ваш персанаж на пару з іншым алігархам кажа падкантрольным палітыкам: «Віншую, яшчэ ніколі народ Украіны не быў адзіны ў сваім жаданні парваць вас на кавалкі. Толькі на ўсходзе — задралі, а на захадзе — забэмбелі. Вось і ўся розніца. І на гэтай розніцы мы згуляем. Пакуль народ не зладзіў вам путч, мы зладзім яму срач. Зноў моўнае пытанне? Вечны рухавік народнай грызні. 27 гадоў працуе… Галоўнае, каб усход ненавідзеў захад, а захад — усход. І называлі адно аднаго фашыстамі, ватнікамі, бандэраўцамі і сепарамі». Наколькі гэта пра Украіну да вайны?

— Напэўна, нехта хацеў гэтага. Трэба было падрыхтаваць глебу, Пуцін жа хацеў зайсці, каб яго сустракалі хлебам з соллю. У гэтым плане моўнае пытанне вельмі сур’ёзнае, яно можа падзяліць грамадства. А калі грамадства ў такім стане, ім лягчэй кіраваць, можна нацкоўваць людзей адно на аднаго і рабіць з гэтым народам усё што хочаш. З Данбасам тады атрымалася. Палохалі людзей, але я сам адтуль родам, і ніколі ніякіх праблем з мовай там не было. Гавары на якой хочаш — украінскай, рускай, іўрыце. Але вайна паказала іншае — людзі яшчэ больш аб’ядналіся, а ўкраінская мова стала сілай нацыі. Ніхто не мог так аб’яднаць украінскі народ, як гэта зрабілі расіяне. Наш народ цяпер моцны.

Я ведаю, што Украіна будзе шчаслівай, моцнай, паважанай краінай. Мы змянілі свет, знікаюць страхі, якія былі ў той жа Еўропы. Аказваецца, было шмат міфаў. Тое, чаго мы баяліся, развеялася ў адно імгненне. Засталося няшмат часу, каб паставіць кропку. Трэба зрабіць гэта і жыць шчасліва.

— Якім Уладзімір Зяленскі быў на здымках?

— Ён адказны чалавек. Заўсёды прыходзіў падрыхтаваны і быў вельмі патрабавальны. Мы здымалі нейкую сцэну, матэрыял пісаўся літаральна з каленяў, проста на пляцоўцы, і ён доўга не мог пагадзіцца з нейкім урыўкам або дыялогам, мы дзесьці чатыры гадзіны проста бадзяліся, бо Уладзімір разбіраўся з рэжысёрам. Ён халтуры не любіць. Кожная сцэна дапісвалася і даводзілася да розуму. Гэта не было зроблена левай нагой — прыбег, зняўся і ўцёк.

Ён чалавек з гумарам, заўсёды ў настроі. У мяне самыя добрыя ўражанні пра яго і пра яго жонку Алену. Ён цяпер лідар міжнароднага маштабу і гэтую марку трымае сур’ёзна. Я яму не зайздрошчу, на ім цяпер ляжыць такая адказнасць, якую не кожны можа вытрываць, але я бачу, што ён моцны чалавек, мэтаскіраваны. Думаю, што ўсё атрымаецца.

Владимир Зеленский во время съемок сериала “Слуга народа”, 2016 год. Фото: kvartal95.com
Уладзімір Зяленскі падчас здымак серыяла «Слуга народа», 2016 год. Фота: kvartal95.com

«Дзякуй богу, што ваш народ не здаецца»

— Давайце пагаворым пра Беларусь. Вы прыязджалі да нас са спектаклямі, якое ў вас склалася меркаванне пра нашую краіну?

— Гэта было так даўно, шчыра кажучы. Я краіну асабліва не ведаю, быў у Мінску толькі. Працаваў з беларускімі артыстамі, выдатныя хлопцы і дзяўчаты. Першае маё ўражанне ад Мінска? Я прыехаў днём, але мне здавалася, што гэта было гадзін 5 раніцы. На вуліцы нікога, машын няшмат. Мне падалося, што для сталіцы гэта замала, асабліва ў параўнанні з Кіевам. Мяне гэта ўразіла.

— Што беларусы вам расказвалі пра жыццё ў краіне?

— Цяжкавата было. Працуеш шмат — атрымліваеш мала. Такая ідэя гучала. Цяжар і трошкі адчай былі. Незразумела — куды, што, чаго. Калі іх запрашалі на здымкі ва Украіну, гэта заўсёды было радасцю, быццам струмень паветра.

— Стаўленне да Беларусі пасля 24 лютага змянілася?

— Вядома, калі з вашай тэрыторыі ляцяць бомбы, пра што тут казаць, да чаго заклікаць? На жаль, беларусы сядзяць, маўчаць і глядзяць на гэта. Гэта вельмі сумна. Я не ведаю, як будзе далей. Як потым хто каму будзе ў вочы глядзець і якія апраўданні знаходзіць. Гэта боль. У вас была магчымасць у 2020-м, але вы не давялі справу да канца.

— Нядаўна партызаны зладзілі дыверсію з расійскім самалётам, пасля 24 лютага людзі выходзілі на пратэсты ўнутры краіны і за мяжой, рэйкавыя партызаны працавалі.

— Калі яно так, то дзякуй богу, што гэта ёсць і ваш народ не здаецца.

— Вы сачылі за пратэстамі ў 2020 годзе? Якое меркаванне ў вас склалася?

— Так. Магутна. Патэнцыял ёсць. Лідараў пакуль няма, усіх разагналі.

— Іх перасаджалі.

— А, перасаджалі… Што я магу сказаць? Глядзіце на Украіну, вучыцеся. Таму мы не падабаемся акупантам, на фоне Украіны яны выглядаюць вельмі сумна. Беларусам трэба зразумець, з кім яны, трэба падумаць пра будучыню і сваіх дзяцей. У вас цяпер ёсць прыклад — Украіна.

— Ёсць меркаванне, што калі б пратэсты ў Беларусі перамаглі, то Пуцін увёў бы ў нашую краіну войскі і тое, што Расія здзейсніла ў лютым 2022 года адносна Украіны, здарылася б адносна Беларусі ў 2020 годзе. Што вы думаеце?

— Усё магчыма, такое магло адбыцца, але на Беларусі яны б не спыніліся, і ўсё роўна б адбылося тое, што адбылося. Годам раней, годам пазней.

Марш протеста 16 августа 2020 года, в котором участвовали сотни тысяч человек. Фото из архива TUT.BY
Марш пратэсту 16 жніўня 2020 года, у якім удзельнічалі сотні тысяч чалавек. Фота: TUT.BY

Як трэція сталі першымі і канец вайны

— Расійскія артысты звязваліся з вамі пасля вайны?

— Нейкія так. Выбачаліся. Што мне іх прабачэнні, гэта ж іх выбар. Што цяпер?

— Ці былі тыя, хто вас здзівіў сваёй пазіцыяй?

— Пугачова, Ахеджакава, Земфіра, Галкін. Гэта моцныя людзі, насуперак усяму.

— Хто расчараваў?

— Мы іх бачылі на сцэне ў Лужніках, яны бегалі з мікрафонамі. Што з іх вылезла — незразумела. Гэта людзі, якія мусяць несці дабро, яны ж у тэатры граюць станоўчых герояў, а ты іх бачыш з вылупленымі вачыма і з нейкімі лозунгамі. Ад гэтага страшна. У такія часы асабліва падымаецца шэрая маса, яны былі мышамі, другімі і трэцімі нумарамі, і раптам на гэтых тэмах становяцца першымі. Для любога праяўлення добрага ці кепскага чалавека патрэбнае асяроддзе. Яны трапілі ў патрэбнае, і з іх паперла ўсё. Калі гэта ўсё скончыцца, я не ведаю, дзе яны будуць, куды будуць хаваць вочы і што казаць. Яны ж перафарбоўваюцца маментальна.

— Мы ў канцы ва ўсіх пытаем, калі і як скончыцца вайна.

— Некаторыя кажуць, што як хутка яна пачалася, так нечакана і скончыцца. Я думаю, што мы выйдзем да межаў 1991 года. Я веру ў перамогу і што калектыўны сусветны розум усё ж такі возьме верх і свет зменіцца назаўжды. Ён не будзе такім, якім быў да 24 лютага 2022 года. Ён будзе лепшым.

— Якім будзе ваш Дзень Перамогі?

— Я быў бы не супраць заспець гэты дзень на сцэне, у гастрольным туры. Уяўляеце, з якім кайфам я буду выходзіць на сцэну і віншаваць людзей? У артыстаў, якія ездзяць і дапамагаюць, таксама будзе часцінка перамогі. Я буду ганарыцца, што ў сваім узросце, 64 гады, здолеў быць карысным.