Абвінавачаны ў забойстве жонкі былы міністр эканомікі Казахстана Куандык Бішымбаеў 6 траўня выступіў у судзе з апошнім словам.
Сваю прамову экс-чыноўнік чытаў з аркуша. Звяртаючыся да прысяжных засядальнікаў, ён падкрэсліў, што ім трэба будзе вырашыць яго лёс.
— Я разумею, што вам дасталася нялёгкая ноша вырашыць лёс і жыццё чалавека. Гэта быў мой выбар — правесці суд з удзелам прысяжных засядальнікаў. Для мяне гэта быў няпросты выбар, бо я разумеў, што, напэўна, няма ў нашай краіне чалавека, які б так ці інакш не быў бы знаёмы з гэтай справай. Я ўсведамляў, што з улікам разгорнутых у сацсетках, у СМІ кампаній па распальванні нянавісці да мяне, скажэнні абставінаў справы, ачарнення мяне, маёй сям'і я рызыкую, што любы прысяжны будзе загадзя перадузяты супраць мяне. І я, і мае абаронцы вырашылі пайсці на адкрыты для СМІ суд і з удзелам прысяжных засядальнікаў. Я пераследаваў толькі адну важную для сябе мэту — данесці хаця б да дзесяці чалавек праўду пра той трагічны вечар і пра нашыя з Салтанат адносіны, — сказаў Бішымбаеў.
Далей ён адзначыў, што «ўсё ў гэтым свеце адбываецца не проста так і ўсе мы праходзім свае выпрабаванні на гэтай зямлі».
— І кожны чалавек, з якім перасякаюцца нашыя жыцці, становіцца для нас выпрабаваннем. Калі вы верыце ў найвышэйшы пачатак, у Бога, я веру, што ён нас выпрабоўвае. Хочам мы таго ці не, усведамляем мы гэта ці не, мы кожны дзень праходзім яго тэст. Тэст на самыя высокія каштоўнасці маральныя. У той дзень, я мушу сказаць, у тую ноч з 8 на 9 лістапада, я гэтага тэсту не прайшоў, — заявіў Куандык Бішымбаеў.
Абвінавачаны падкрэсліў, што ў дзень гібелі Салтанат ён «зняважыў усё найлепшае, што ёсць ува мне, што ёсць у кожным з людзей», а яго дзеянні сталі прычынай смерці каханага чалавека, прычынай гора для яе бацькоў, яе сям'і і сяброў.
— Я прашу прабачэння ў сваіх бацькоў, родных, сяброў і дзяцей. Мае памылкі азмрочылі іх старасць, прынеслі ў іх жыццё сорам, гора, трывогу і страх. Але я хачу сказаць — ні мае бацькі, ні мае родныя ні ў чым не вінаватыя. Гэта толькі мая віна і гэта толькі мая ноша. Я цвёрда ведаю, што ніколі нікому не жадаў, не жадаю і не пажадаю смерці. Ніколі, ні ў адзін момант таго вечара я не жадаў смерці сваёй жонцы, не прадбачыў такога выніку, — сказаў у судзе Бішымбаеў.
Падсудны таксама падкрэсліў, што «смерць Салтанат наступіла з ненаўмысных прычын» і ён мог бы збегчы з месца злачынства, але не зрабіў гэтага.
Нагадаем, экс-міністра эканомікі Казахстана Куандыка Бішымбаева абвінавачваюць у катаванні і забойстве сваёй жонкі Салтанат Нукенавай. У лістападзе 2023 года яе цела знайшлі ў адным з элітных рэстаранаў Астаны — менавіта там экс-міністр, паводле версіі следства, збіў жанчыну да смерці. На судзе высветлілася, што ён больш за шэсць разоў тэлефанаваў варажбітцы і перапісваўся са знаёмай, пакуль Нукенава ляжала без прытомнасці ў рэстаране. У яго тэлефоне таксама знайшлі відэа, на з якім у той жа вечар былы чыноўнік распытваў жонку пра магчымыя сувязі з іншым мужчынам.
Акрамя таго, сваяка Бішымбаева і дырэктара рэстарана, дзе адбылася трагедыя, Бахытжана Байжанава, абвінавачваюць ва хаванні злачынства.
Раней у судзе сваю версію падзей прадставіў бок абвінавачвання.
Чытайце таксама