Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас выступу на Усходнім эканамічным форуме (УЭФ) ва Уладзівастоку заявіў, што мірныя перамовы з Украінай могуць быць працягнутыя на аснове дакументаў, фактычна ўзгодненых у Стамбуле ў сакавіку 2022 года.
— Ці гатовыя мы з імі (Украінай. — Заўв. рэд.) весці перамовы? Мы ніколі не адмаўляліся ад гэтага, але не на аснове нейкіх эфемерных патрабаванняў, а на аснове тых дакументаў, якія былі ўзгодненыя і фактычна парафіяваныя ў Стамбуле, — заявіў Пуцін.
Паводле яго, украінскі бок тады дамоўленасці задавальнялі, пра што сведчыць подпіс кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі Давіда Арахаміі. Аднак дакумент не ўступіў у сілу, бо «ўзнікла жаданне ў элітаў ЗША, Еўропы, некаторых краін Еўропы дамагчыся стратэгічнай паразы Расіі».
— Прыехаў Джонсан (тады прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. — Заўв. рэд.) і сказаў: не трэба, ваюйце да апошняга ўкраінца. Вось яны дагэтуль і ваююць, — сказаў Пуцін.
Перамовы ў Стамбуле
Мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай пачаліся амаль адразу пасля пачатку вайны, аднак у сярэдзіне красавіка 2022 года былі спыненыя. Як пісала выданне Time, прычынамі іх зрыву сталі ў тым ліку масавыя зверствы расійскіх салдат на акупаванай украінскай тэрыторыі, адмова саюзнікаў даваць Украіне якія-кольвек цвёрдыя абяцанні, што яны дапамогуць спыніць новае магчымае ўварванне Расіі ў будучыні.
У чэрвені 2023 года Уладзімір Пуцін прадэманстраваў дакумент, які назваў праектам мірнай дамовы паміж Украінай і Расіяй. Ён абвінаваціў у невыкананні дамовы ўкраінскі бок — паводле ягоных словаў, украінская дэлегацыя папярэдне ўхваліла пагадненне, але пазней адмовілася ад яго пад уплывам заходніх саюзнікаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў Швейцарыі па выніках саміту міру заявіў, што мірныя перамовы ў Стамбуле не мелі поспеху, бо Пуцін выставіў шэраг ультыматумаў.
— Ніякія ўльтыматумы не ёсць перамовамі. З гэтымі ультыматумамі Пуцін прыехаў на танку падчас поўнамаштабнага ўварвання, ачапілі нашую сталіцу, акупавалі многія рэгіёны нашай краіны і выдалі ультыматум. І нічога з таго часу не змянілася, — адказаў ён на пытанне журналіста, чаму дыялог не быў паспяховым.